Адзін з творчых праектаў Цэнтральнай бібліятэкі называецца “Быць падлеткам — няпроста!”. Ён прысвечаны прафілактыцы падлеткавых правапарушэнняў і рэалізоўваецца з 2010 года. Цягам першай дэкады красавіка бягучага года бібліятэкары зладзілі агіттур для навучэнцаў сельскіх і гарадскіх школьных устаноў “Не зламай свой лёс! Не скрадзі!”. Яго адметнасцю стала не выбарачнае, а паўсюднае — лічы, эстафетнае — правядзенне ў бярэзінскіх школах дзён прафілактыкі асацыяльных паводзін падлеткаў.
За дзесяць дзён красавіка бібліятэчны агітцягнік наведаў тры гарадскія і дзесяць сельскіх школ: Багушэвіцкую, Паплаўскую, Лешніцкую, Пагосцкую, Любушанскую, Ушанскую, Гарэніцкую, Капланецкую, Сялібскую, Брадзецкую. Вучням сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту былі прапанаваны формы пазітыўнай прафілактыкі падлеткавага крадзяжу: Гадзіны душэўнага ўзрушэння “Чужое скраў — свой лёс зламаў”, урокі маралі “Чорнае кляймо злодзея”, агіттрыбуны “Радуйся шчаслівай маладой долі, не будзь злодзеем ніколі!”. Галоўная мэта мерапрыемстваў — намаляваць чорны партрэт сацыяльнай з’явы, паказаць маштабы загубленых лёсаў. Акцэнт быў зроблены не на простае агучванне агульнавядомых перасцерагальных ісцін, а на адлюстраванне згубнага ўплыву адмоўных схільнасцей на маладыя лёсы.
Інструмент бібліятэчнага ўплыву — не запалохванне, а адлюстраванне прыкладаў, калі ўласная сіла волі і сумленне, мудрыя ўрокі старэйшых засцераглі маладых ад бяды, дапамагалі ўсвядоміць заганнасць учынку і раскаяцца. Для гэтага бібліятэкары выкарыстоўваюць вобразна-эмацыйныя формы: прыпавесці, байкі, нявыдуманыя жыццёвыя гісторыі ды эпізоды з мастацкіх твораў, спавядальныя лісты з калоніі непаўналетніх, пакаянныя прызнанні маладых правапарушальнікаў…
Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярэзінскай ЦБС,аўтар праекта “Быць падлеткам — няпроста”