Не квасам адзіным: праекты — ёсць, а фінансы?

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

На Лідчыне прыдумваюць і эксперыментуюць / Рэгіёны: тэндэнцыі і актуаліі

Рэцэпт Лідскага квасу, як ні стараўся, так і не выведаў: тайну брэнда на Лідчыне берагуць, нібыта будучая нявеста — свой пасаг. Усё правільна: не будзеш ашчаджаць — знікне, знівелюецца… Чым найперш уразіла культура раёна? Ідэйнай завершанасцю Ліды і перспектывай не абы-якіх ідэй сяла. Я здзівіўся б, калі было б інакш. Усе іміджавыя аб’екты сканцэнтраваны менавіта ў раённым цэнтры. І гэта не толькі завод па вырабе квасу, але і Лідскі замак, вакол якога закручваецца спіраль бясконцай творчай дзеі, і Палац культуры, з якім па шыкоўнасці сапернічаць можа хіба што аналагічны аб’ект у Кобрыне, і ДШМ са знакавымі фестывалямі, і раённы Дом рамёстваў (пра творчыя праекты апошняга — гаворка асобная).

Сельская культура раёна знаходзіцца, так бы мовіць, на "адваротным баку Месяца". Не, цікавых ідэй і тут хапае. Але ў пэўным сэнсе слова іх рэалізацыя знаходзіцца пакуль у зацені райцэнтраўскіх творчых захадаў, інакш кажучы — у прасторы бліжэйшых і не вельмі перспектыў. Замінае гэтым перспектывам і дэмаграфічная сітуацыя, і недахоп кваліфікаваных сельскіх спецыялістаў. Зрэшты, дзве названыя праблемы заўжды "прыходзяць" разам.

 

"Тэрыторыя рока" і не толькі…

Шмат чаго ў Лідзе я пабачыў упершыню. У фае Палаца культуры працуе аўтамат па продажы кавы. Аўтамат — з маніторчыкам, на якім можна пабачыць… відэапрэзентацыі трынаццаці мясцовых народных калектываў. Далей — болей. 1 мая ў Лідскім палацы культуры адкрыўся дзіцячы забаўляльна-гульнявы цэнтр "Планета забаў". Яго абсталяванне каштавала ўстанове 20 мільёнаў пазабюджэтных рублёў. Да слова, летась Палац зарабіў без малога мільярд. Сёлета гэты рубеж мяркуе перасягнуць. Восем гадоў таму, калі Ірына Тур пачала кіраваць ПК, план па аказанні паслуг у 60 мільёнаў рублёў быў невыканальным. Але цяпер ва ўстанове штомесяц праводзіцца ад 50 да 80 сацыяльна-культурных мерапрыемстваў. У тым ліку — канцэртнае абслугоўванне 15 аграгарадкоў.

/i/content/pi/cult/427/8819/10-1.jpeg


Лідскі замак у стадыі рэканструкцыі.

А ёсць яшчэ Адкрыты фестываль электрагітарнай музыкі ды некалькі штогадовых канцэртаў пад агульнай назвай "Тэрыторыя рока". На фестываль і канцэрты збіраюцца музыкі-аматары ці не з усёй Беларусі. Удзел у мерапрыемствах — платны.

Лідскі ПК нагадвае мурашнік: ніхто у службовых кабінетах не затрымліваецца. Інакш нельга: у райцэнтры дзейнічаюць Палац культуры чыгуначнікаў і Лядовы палац са сваімі шоу, што вымагае літаральна змагацца за канкурэнтаздольнасць. Якім чынам? Пры дапамозе рэкламы. Пра "шматпрофільны" кававы апарат вы ўжо ведаеце. Напоўніцу выкарыстоўваюцца афішы, мясцовы друк, старонка ў сацыяльнай сетцы. Свайго ж сайта ў Палаца пакуль няма.

/i/content/pi/cult/427/8819/10-2.jpeg

Ірына Тур.

Недахоп, па меркаванні кіраўніка ўстановы, — значны. У лік праблем трапляе і адсутнасць прафесійнага гукарэжысёра. І гэта прытым, што Палац літаральна нашпігаваны "разумнай" апаратурай. Праблема — агульнарэспубліканская: спецыялісты такога кшталту ВНУ культуры не выпускаюць. Маўляў, нявыгадна. У выніку сучаснай тэхнікай "кіруюць" слухачы-акампаніятары. Між тым, "чысты" гук пад час канцэрта — ці не палова поспеху. Вось гэты поспех (у тым ліку і камерцыйную выгаду) мы часам і губляем беззваротна. Маркетолагаў няма на раёнах, менеджараў-"прагназістаў" не хапае і ў нашых ВНУ.

 

"Старадаўніх муроў адраджэнне" і андэграўнд

Так называецца цыкл праграм, звязаных з "раскруткай" Лідскага замка. Апошні ў раёне называюць "крэпасцю". Па словах намесніка начальніка аддзела культуры Лідскага райвыканкама Марыі Еўтух, рэканструкцыя замка будзе завершана ў наступным годзе. На працяг работ абласны бюджэт выдаткаваў пяць мільярдаў рублёў, рэспубліканскі — сем. Але ўжо цяпер крэпасць "працуе".

Дык вось, аб праектах. Згаданы цыкл праграм у 2009 годзе атрымаў спецпрэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Апрача выстаўкі "Археалагічныя знаходкі Лідскага замка", што дзейнічае ў адной з веж, днямі ў мурах, як распавядае дырэктар Лідскага гісторыка-мастацкага музея Ганна Драб, адкрылася і школа археалогіі. Тут можна атрымаць навыкі абыходжання з артэфактамі ў, так бы мовіць, палявых умовах. І такая практычная музейная педагогіка карыстаецца вялікім попытам у наведвальнікаў, у тым ліку замежных.

Усе гэтыя акцыі ды ў дадатак — традыцыйны Фэст сярэднявечнай культуры даюць музею магчымасць міжнароднага "прарыву". Ужо сёння ўстанова рыхтуецца да фэсту "Інтэрмузей" у Маскве. Гэта будзе другая па ліку прэзентацыя лідскіх музейна-педагагічных праектаў. Мала якая з раённых устаноў можа пахваліцца такой міжнароднай актыўнасцю. А дарэмна. Прынцып "У нас — усё тое, што і паўсюль" ніяк не працуе на рэнамэ работніка культуры. І ў Лідзе гэта цудоўна разумеюць.

Уся справа яшчэ ў тым, што Ганна Драб ніколі не баялася эксперыментаваць. Узяць хаця б выстаўку альтэрнатыўнага мастацтва, што літаральна пераўтварае першы музейны паверх. Называецца выстаўка "Самакат Геракла" і пакрысе становіцца традыцыйнай. Асобныя з яе ўдзельнікаў знаходзяцца ў групе, як кажуць, сацыяльнай рызыкі. Але дырэктара музея гэта не палохае. Наадварот, Ганна Драб пры дапамозе мастацтва шукае гармонію грамадства. Шукае — і знаходзіць. Я такога, да прыкладу, у райцэнтрах ніколі не бачыў. Дарэчы, у Ноч музеяў установа працавала з шасці вечара да шасці ранку. Інакш кажучы, было што паказаць.

Апошні нюанс, звязаны з Лідскім замкам. У жніўні райцэнтр праводзіць абласны Фэст квасу. У гэтым жа месяцы адбудзецца і абласное Свята традыцыйных рамёстваў. Феерычныя мерапрыемствы, дзе гасцей чакае процьма цікавостак, задуманы як працяг рэалізацыі праекта "Дух продкаў жывы ў нашых сэрцах". Праект рэалізоўваецца сумесна з літоўскім Тракайскім цэнтрам культуры. Але не квасам адзіным…

 

Зарабляюць нават метадысты

А што ж сяло? Дырэктар раённага метадычнага цэнтра Ірына Беразун распавядае, што на сёння ў раёне — 20 сельскіх клубных устаноў. Кадраў не хапае. У выніку аптымізацыі Далекскі СК пераўтварыўся ў клуб-бібліятэку. У Ганчарскім ЦДК дырэктар — сумяшчальнік, бо змушаны кіраваць установай і ў Сяльцы. У Голдаве працуе толькі мастацкі кіраўнік. Нешта трэба рабіць з установай вёскі Тарнова: двухпавярховы будынак утрымліваць проста нерацыянальна, бо штомесячныя камунальныя выплаты — астранамічныя па суме. А план па аказанні платных паслуг трэба кожны год нарошчваць і выконваць што б там ні было. Для маленькага клуба заданне ў 20 мільёнаў рублёў — як найвышэйшая мера маральнага і матэрыяльнага пакарання. У гэтым плане сяло з горадам параўнанняў не вытрымлівае.

Кіраўніцтва аддзела культуры турбуе і кадравая нішчымніца, і невыканальныя для сяла планы па аказанні платных паслуг насельніцтву. У чым жа выйсце? Па меркаванні Марыі Еўтух, варта ўвязаць тыя платныя паслугі з канкрэтнай колькасцю жыхароў, скарачэнне якой не спыняецца.

Слоў няма, планы — высокія. Але і абвінаваціць у бяздзейнасці сельскіх работнікаў культуры не маю права. Узяць хаця б тыя Ганчары, дзе дырэктарам ЦДК — Ганна Булай (сочыць за станам установы і ў вёсцы Сялец). Ва ўмовах аптымізацыі выйсце яна знайшла эфектыўнае: абедзве вёскі паяднаны ўдзелам у народным аб’яднанні "Печкі-лавачкі". Уваходзяць сюды людзі сталага веку, тым не менш, гастралююць па ўсім раёне і няблага на гэтым зарабляюць.

Яшчэ адзін артыкул вясковых даходаў — супрацоўніцтва з гаспадарамі аграсядзіб. Літаральна днямі прайшло пасяджэнне Ганчарскага сельвыканкама, прысвечанае менавіта гэтаму пытанню. Справа ў тым, што на тэрыторыі сельсавета — шэсць аграсядзіб. Старшыня сельвыканкама Ніна Урбановіч вяла гаворку з іх гаспадарамі аб праграме ўзаемадзяння з мясцовай клубнай установай. Пра станоўчы досвед супрацоўніцтва клуба ў Ганчарах і аграсядзібы ў Агародніках "К" пісала некалькі гадоў таму. Самы час гэты прыклад павялічыць у шэсць разоў.

Сярод сельскіх творчых праектаў ёсць і экалагічны — "Песні над Нёманам". Лепшыя творчыя калектывы з Пескаўцаў, Сяльца, Беліцы, Дакудава і Бярозаўкі прапаноўваюць тур па надбярэжжы. Кожны прыпынак ля клубных устаноў суправаджаецца платным канцэртам, конкурсамі рыбакоў і юшкі…

Ёсць план платных паслуг і ў райметадцэнтра: 45 мільёнаў рублёў. Зарабляюць метадысты досыць арыгінальна. Разам з РДР прапаноўваюць ахвотным праграму "Беларускае вяселле на Лідчыне" (гадзіна каштуе 3 мільёны рублёў), а таксама выступаюць у складзе народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскія гармонікі" (адзін канцэрт прыносіць 3 — 4 мільёны)… Словам, план выконваюць.

 

Заўтрашні дзень Бердава

З даўніны ў раёне ёсць што паглядзець і апрача Лідскага замка. Маю на ўвазе вёску Бердава. Тут, у колішнім сядзібным доме Дамбавецкага, месціцца Культурна-дасугавы цэнтр. Дарэчы, сядзібе сёлета спаўняецца 145 гадоў. Будынак, як і гаспадарчыя памяшканні, — адмысловы і таямнічы. Кажуць, па начах, калі клуб з бібліятэкай зачынены, з-за шыбак даносяцца галасы... А побач — старасвецкі парк, сажалка, крыніца, да добраўпарадкавання якіх прыступіў прыватнік Сяргей Панісаў. Выкупіў і адрамантаваў дом, дзе жыла калісьці прыслуга Дамбавецкага, прыступіў да ўзвядзення лазні.

Дырэктар Бердаўскага КДЦ Аляксандр Парфеньчык — поўны спадзяванняў на творчае супрацоўніцтва з Сяргеем Панісавым. Апошні не супраць таго, каб зрабіць роднае Бердава адным з маршрутаў "Залатога турыстычнага кольца" Лідскага раёна… Звесткі пра Дамбавецкага — мінімальныя. Кажуць, быў пазашлюбным сынам імператара Аляксандра ІІ. Быў губернатарам Магілёўшчыны, любіў культуру, гісторыю, эканоміку… Амаль усе звесткі пра яго сабраны дырэктарам мясцовай школкі Анатолем Крупой.

Вось вакол гэтых трох асоб — дырэктараў школы, клуба і прыватнага прадпрымальніка — і закручваюцца сённяшнія падзеі ў Бердаве. У парку дзейнічае летняя эстрада. Экскурсанты гуляюць па алеі, што вядзе да рэчкі Ведраўкі. Усю "губернатарскую" архітэктуру мясцовыя краязнаўцы мараць прывесці да ладу, у тым ліку і таямнічыя скляпенні, уваход у якія вядзе праз бібліятэку. Безумоўна, патрэбны фінансавыя ўкладанні, якіх пакуль не прадбачыцца. Але ёсць асобы — ёсць праект. А для яго рэалізацыі варта запасціся цярпеннем і, насуперак усяму, не губляць імпэту.


Рэгіёны: анкета ідэі — прынцып ажыццяўлення

Алгарытм развіцця РДР

Рэжысура драйву ў “Коле часу”

Менавіта на Лідчыне я пабачыў ужо рэальна акрэсленую перспектыву развіцця раённых дамоў рамёстваў. І звязана гэтая перспектыва далёка не толькі з павелічэннем колькасці сельскіх філіялаў РДР. Справа ў тым, што ўстанова, на радасць наведвальнікаў, пераўтварылася ў сінтэтычны Цэнтр прапаганды і развіцця мясцовага традыцыйнага мастацтва. Крыху дзіўна, што "заканадаўцай моды" ў дадзеным удасканаленні выступіла не Віцебшчына, якая першай займела разгалінаваную сетку дамоў рамёстваў, а Гродзеншчына. Яшчэ адзін доказ таго, што прыдумаць — важна, але не менш важна — развіць ды ўдасканаліць.

/i/content/pi/cult/427/8819/10-3.jpeg

Алена і Уладзімір Шчэліны — аўтары “Кола часу”.

Рэвалюцыйнае пераўтварэнне "Кастрычніка"

Адносна нядаўна Дом рамёстваў месціўся ў пасёлку Першамайскі. Уся нерухомасць — тры пакойчыкі плошчай 61 квадратны метр. Да Ліды — 10 кіламетраў. Нязручнасці — неймаверныя. Кіраўніцтва раёна вырашыла змяніць сітуацыю карэнным чынам. У 2010 годзе пад РДР быў адведзены будынак колішняга кінатэатра "Кастрычнік". Знаходзіцца ён непадалёк ад райвыканкама і Лідскага замка, у адміністрацыйна-гістарычным цэнтры горада. Паступова штат РДР павялічыўся да дзевяці творчых адзінак. А ўстанова пачала называцца "Раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына". І ўся яе дзейнасць на сёння з'яўляецца суцэльным доўгатэрміновым культурна-навуковым праектам.

Мэты і задачы Цэнтра: адраджэнне традыцыйных унікальных тэхналогій, выраб рэчаў паводле старадаўніх мясцовых узораў, распрацоўка новых рамесніцкіх навыкаў; збіранне, захаванне, класіфікацыя і сістэматызацыя традыцыйных рамёстваў; выхаванне нацыянальна свядомага грамадзяніна на аснове лепшых традыцый народнай творчасці. Хтосьці скажа: агульныя словы. Пагаджаюся. Але за імі — праца, што прыносіць нестандартны вынік. Ды не будзем спяшацца.

Кірункі дзейнасці Цэнтра наступныя: выставачны, даследчы, вучэбна-метадычны і (!) тэатральны. Інакш кажучы, установа займаецца не толькі зборам ды музеефікацыяй найбольш каштоўных мастацкіх вырабаў, не толькі аналізуе сучасныя стан і працэс развіцця рэгіянальных рамёстваў, ладзіць экскурсіі ды сустрэчы з майстрамі, не толькі арганізоўвае навучанне дзяцей і дарослых, але і з дапамогай уласнага тэатра "Батлейка" ладзіць анімацыйныя праграмы калядных святаў. Вось мы і падышлі да квінт-эсэнцыі дадзенага праекта. Цэнтр — гэта своеасаблівы абрадавы тэатр, дзе рамесніцкія вырабы выступаюць не столькі музейнымі застылымі рэчамі, колькі інтэрактыўным антуражам для анімацыйнай дзеі, што пастаянна змяняецца.

 

/i/content/pi/cult/427/8819/10-4.jpeg

Удзельніца Культурна-экалагічнага праекта
“Песня над Нёманам” Таццяна Грышкевіч.

Сямейны падрад

Словам, у штаце — дзевяць майстроў, якія, да таго ж, з'яўляюцца і акцёрамі. А галоўныя з іх — Алена і Уладзімір Шчэліны. Першая — дырэктар "Спадчыны". Другі — рэжысёр абрадаў і святаў. Свой праект, народжаны ў выніку сумеснага "мазгавога штурму", яны назвалі "Кола часу". Такога я таксама нідзе не бачыў.

Цэнтр ад вясны да зімы — цягам усяго года — радасна "абарачаецца" ў гэтым народным колазвароце. На дзвюх імправізаваных сцэнах ідзе бясконцая дзея, што славіць беларускі народ і ягоную духоўную спадчыну. І не грукае тое кола па бруку непаразумення (пра непаразуменне і паміну няма), а весела і даверліва спявае пра жыццё…

Уладзімір Шчэлін — даследчык панямонскага фальклору. Займаецца рэканструкцыяй народных казак, мясцовых блазанскіх традыцый. Усё гэта імкнецца паставіць у Цэнтры. Алена Шчэліна, у сваю чаргу, стараецца надаць "Колу часу" ўласцівасці вечнага рухавіка. Такі арганізацыйна-творчы драйв не можа не прыцягваць увагу шматлікіх наведвальнікаў, і не толькі мясцовых. Мясцовая турыстычныя фірма "Святавіт" працуе з поўнай нагрузкай. Замежнікі цяпер цудоўна ведаюць, што апрача музея, крэпасці, касцёла абавязкова варта наведаць "Спадчыну". І не толькі таму, што працуе тут сувенірная крама ды пастаянна ладзяцца рамесніцкія майстар-класы, а яшчэ і з той прычыны, што пастаянныя драматургічна вывераныя тэатралізацыі надаюць Цэнтру арыгінальнасць, свежасць, яркасць. А кій-самабій, люлька-невыкурка, ворак-самахват — толькі нагода пракласці масток ад рэчаў матэрыяльных да духоўных глыбінь беларускай душы.

 

"У клеці — насыпіста"

Масток гэты вядзе і да камерцыйнага поспеху. Планы па аказанні платных паслуг "Спадчына" выконвае. Матэрыяльную базу ў цэнтры Ліды мае цудоўную. Ад выгляду і магутнасці муфельнай печы калег з іншых абласцей можа апанаваць зайздрасць далёка не белага колеру…

Але камерцыйная дзейнасць Цэнтра ніяк не замінае дзейнасці выхаваўчай. Да прыкладу, адна з платных паслуг — "Вяселле пад покрывам спадчыны". Сцэнарый мерапрыемства — унікальны. Усё ўвязана вакол жыта (асновы дабрабыту): "Каб вам весела жылося, шчасліва вялося: у полі — уродзіста, у клеці — насыпіста, у млыне — намеліста, у дзяжы — падыходзіста, на стале — уедзіста!". Вось гэтае жыта малады і меле ў старажытных жорнах, а потым захоўвае ўсё жыццё. Таму і не дзіва, што па вяселлі ў "Спадчыне" — чэргі. Так што і ў Цэнтры — "насыпіста".

Дарэчы, неўзабаве ў "Спадчыны" з'явяцца і філіялы: у Ганчарах, Ходараўцах, Тарнове, Пескаўцах…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"