Пазасезонны “сезон беларускага”

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

Учора прэм’ерай п’есы “Экзекутар” Аляксея Дударава ў пастаноўцы Сяргея Кавальчыка Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага распачаў свой новы праект “Сезон беларускай драматургіі”.

— Беларуская драматургія, — распавёў напярэдадні мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей КАВАЛЬЧЫК, — насамрэч, з’ява зусім не сезонная. І ў гэтым сэнсе назва нашага праекта шмат у чым умоўная. Тым больш, што і ў самога тэатра назапашаны багатыя традыцыі па ўвасабленні твораў айчынных драматургаў і пісьменнікаў — як класікаў, так і сучаснікаў. Але гэтым праектам нам хацелася б засяродзіць увагу грамадскасці на самой праблеме. Бо апошнім часам (і гэта яскрава адлюстравала Нацыянальная тэатральная прэмія) у краіне падобных спектакляў з’яўляецца не так шмат. А хто ж павінен быць прыкладам, як не тэатры, што маюць статус нацыянальных? Паказальна і тое, што ідэя ішла не “зверху” і не “знізу” — мы, можна сказаць, ішлі насустрач адно аднаму. Праграма “Сезона...” сфарміравалася з творчых прапаноў рэжысёраў ды драматургаў. І гэтым рэпертуарным крокам мы адкрылі сваю пляцоўку для далейшых увасабленняў твораў нашых аўтараў.

/i/content/pi/cult/427/8815/8-1.jpeg

— “Сезон беларускай драматургіі”, наколькі я зразумела, не супадае з межамі тэатральнага сезона? Ён ахоплівае куды большую часавую прастору...

— Так, бо прымеркаваны да юбілею нашага тэатра: да 80-га тэатральнага сезона 2013 — 2014 гадоў. Але ўжо напрыканцы бягучага, улетку, можна будзе ўбачыць чарговую прэм’еру — “Зацюканы апостал” Андрэя Макаёнка ў пастаноўцы Барыса Луцэнкі. Калісьці ён ставіў гэтую п’есу, што сёння стала ўжо класікай, у Купалаўскім тэатры, потым рабіў тэлеспектакль. Чарговы зварот абяцае быць не менш цікавым новым прачытаннем. А я паралельна працягваю рэпетыцыі яшчэ адной пастаноўкі — “Бесы. Постскриптум”.

/i/content/pi/cult/427/8815/8-3.jpeg

— На Брэстчыне, у Іванаўскім раёне, сіламі Саюзнай дзяржавы збіраюцца аднаўляць родавы маёнтак Дастаеўскага, у якім ён, праўда, ніколі не бываў…

— Справа не ў гэтым. П’есу паводле знакамітага рамана я замовіў вядомаму беларускаму драматургу Мікалаю Рудкоўскаму.

— З “беларусізацыяй” гогалеўскага “Рэвізора” ўсё было інакш. Быццам бы Аляксей Дудараў інкогніта даслаў у тэатр своеасаблівы “працяг” гэтай п’есы — гэткі “сіквел”. Ці нават “фанфік”, бо тэкст быў напісаны “фанам” творчасці Гогаля, нікому не вядомым (а значыць, аматарам?) Дзянісам Швабскім. Тэатр зацікавіўся матэрыялам, і аўтарства было раскрыта...

— Так, гэта абсалютна новая п’еса, але яе дзеянне пачынаецца там, дзе завяршаецца “Рэвізор”, бо следам за Хлестаковым у горад прыязджае быццам бы “генерал-экзэкутар”. Дый з вызначэннем жанру вы, не чытаўшы п’есу, паспяшаліся: у гэтай, па вызначэнні аўтара, трагікамедыі-фантазіі ёсць элементы красоверу, бо выкарыстаны матывы некалькіх твораў Гогаля.

— Чула, будзе спектакль і пра Уладзіміра Мулявіна?

— Да яго стварэння дачыненне маюць Валянціна і Аляксей Ераньковы, Васіль Дранько-Майсюк. Да таго ж, наперадзе — увасабленне п’есы “Падводнікі” Андрэя Курэйчыка.

/i/content/pi/cult/427/8815/8-2.jpeg

— Тады сустрэчная прапанова ад “К” — да кожнай прэм’еры рабіць больш падрабязную размову з яе стваральнікамі!..

На здымках: пад час рэпетыцыі прэм'еры; Сяргей Кавальчык.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"