Як сыр… пад Мінскам

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

15 чэрвеня Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ператворыцца ў вялікую сцэнічную пляцоўку: тут пройдзе «Сырны фестываль пад Мінскам».

За месяц да фэсту ў прэс-цэнтры Дома прэсы арганізатары імпрэзы сустрэліся з журналістамі. Начальнік аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Любоў Максімава засяродзіла ўвагу на тым, што ва ўсім свеце паспяхова ладзяцца «гастранамічныя фестывалі», якія прапагандуюць нацыянальную кухню і народныя традыцыі. Зараз гэты досвед скарыстоўвае Беларусь. Лакальныя фэсты такога плана ў нашай краіне ўжо ладзіліся, і вось  — першы нацыянальны. Спадарыня Максімава ў сувязі з гэтым нагадала, што прыблізна 70 працэнтаў адміністрацыйных цэнтраў нашай краіны маюць свае святы і фестывалі, у якіх адлюстроўваецца мясцовая адметнасць. Гэта, на яе думку, — багаты патэнцыял, што мусіць працаваць на пазітыўны імідж Беларусі.

Фестываль павінен пацвердзіць высокую якасць нашай сыраробнай прадукцыі, яе канкурэнтаздольнасць, спрыяць пашырэнню рынку яе збыту. Гэтую думку падтрымаў і развіў генеральны дырэктар ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» Анатоль Сцяцко.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Святлана Лакотка спадзяецца, што фестываль надасць папулярнасць установе. Раней падобныя імпрэзы тут не ладзіліся, такім чынам, гэты праект для музея — пілотны.

Рэжысёр фестывалю Віктар Каравай, не раскрываючы ўсіх сакрэтаў дзеля захавання інтрыгі, распавёў пра тое, што пабачаць і пачуюць госці свята. А арганізатар дэгустацыі (лічы, галоўнай падзеі фэсту) Андрэй Кірыенка абяцаў усім прысутным журналістам незабыўныя гастранамічныя ўражанні.

На фестывалі будзе цікава дарослым і дзецям. Для апошніх плануюцца гульні і конкурсы кшталту пляцення сырных вянкоў ды складання сырных пазлаў. Будзе музыка — ад Баха да джаза — і здымкі танцавальнага кліпа «Жывы сыр», удзельнікам якога можа стаць кожны, хто апрануты ў жоўтае. Распачнецца фестываль аб 11-й гадзіне і будзе доўжыцца да 20.30. Кошт білетаў — даступны, а для малечаў уваход — бясплатны.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"