Натхніцца Малевічам

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

Гэтым летам у Мінску зноў стартуе культурная праграма «Мастак і горад». Ключавой асобай праекта стане Казімір Малевіч, 135 гадоў з дня нараджэння якога мы адзначаем сёлета. 18 рэпрадукцый мастака з тэкставым апісаннем на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай — аформяць выстаўку пад адкрытым небам на плошчы Якуба Коласа. Экспазіцыя стане маштабным культурным праектам гэтага лета, які будзе доўжыцца з 6 чэрвеня па 20 верасня.

Акрамя асноўнай экспазіцыі, адным з мерапрыемстваў праграмы «Мастак і горад» будзе конкурс «Малевіч. Свет формы». У ім могуць прыняць удзел усе беларускія аўтары. Па выніках творчага спаборніцтва лепшыя работы складуць аднайменную экспазіцыю ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, адкрыццё якой запланавана на 28 мая.

«Галоўная ідэя такога конкурсу, — кажа куратар праекта Настасся Сцёпіна, — стварыць выстаўку работ аўтараў, натхнёных творчасцю ды філасофіяй вялікага авангардыста. І гэта неабавязкова павінен быць жывапіс! Мы чакаем творы любых кірункаў: графіка, дызайн, фота, відэа, інсталяцыя, скульптура і нават музыка. Асноўны крытэрый адбору работ прафесійным журы конкурсу, у склад якога ўваходзяць Наталля Шаранговіч, Леанід Хобатаў, Аляксандр Дземідовіч і Віктар Радзькоў, — сувязь з творчасцю Казіміра Малевіча. Акрамя таго, аўтар павінен мець і свой уласны пазнавальны стыль, выгадна адрознівацца ад іншых».

Зараз асноўную колькасць прадстаўленых на конкурс работ складаюць фотаздымкі. Па словах Настассі Сцёпінай, усе яны — вельмі таленавітыя і поўнасцю выконваюць умовы творчага спаборніцтва, але ўсё ж хацелася б ўбачыць на выстаўцы работ пераможцаў і жывапіс, і графіку, і скульптуру.

Член журы конкурсу — дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, дзе і пройдзе экспазіцыя фіналістаў, Наталля Шаранговіч падзялілася, што конкурсных работ журы яшчэ не бачыла, бо для таго, каб вызначыць лепшых, неабходна прагледзець адразу ўсе творы і скласці агульную карціну таго, што ўяўляе з сябе сучаснае беларускае мастацтва.

Конкурс «Малевіч. Свет формы» ў прыватнасці і праект «Мастак і горад» увогуле маюць асаблівае значэнне не толькі для мастацкага асяродка краіны, але і для нацыянальнай культурнай спадчыны Беларусі. Як расказаў журналістам Ігар Малевіч, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, унучаты пляменнік мастака, пасля дэталёвага вывучэння архіваў ён можа з упэўненасцю пацвердзіць, што Казімір Малевіч — ураджэнец Капыльшчыны, і яго творы павінны знаходзіцца і ў скарбніцах Беларусі.