Выданне рыхтавалася да юбілею мастака: у 2012-м Івану Якімавічу споўнілася 80 гадоў. Альбом распавядае пра найбольш вядомыя работы скульптара. Але аматарам творчасці Майстра будзе таксама цікава пабачыць эскізы і замалёўкі, што даюць уяўленне пра спецыфіку творчага працэсу, і шматлікія дакументальныя фотаздымкі, сярод якіх асаблівую ўвагу прыцягваюць гісторыя мастацтва і гісторыя асваення космасу, пабачаная вачамі скульптара. Справа ў тым, што Іван Якімавіч — знаны майстар касмічнай тэмы. Ён з дакументальнай дакладнасцю адлюстраваў абліччы, бадай, усіх касманаўтаў, якія падымаліся ў неба з Байканура. Мастак валодае выключнай творчай і жыццёвай інтуіцыяй. Кажуць, нібыта ў Зорным гарадку, дзе Іван Міско — свой чалавек, ёсць правераная часам прыкмета: у космас паляціць той з двух кандыдатаў на палёт, на каго паклаў мастакоўскае вока беларускі скульптар, чый партрэт ён узяўся ляпіць…
Касмічная тэма хоць і дамінуючая, але не адзіная ў творчасці Майстра. Прынамсі, Дзяржаўную прэмію СССР ён атрымаў як сааўтар помніка Маці-Патрыётцы ў Жодзіне. І ў суверэннай Беларусі ён здзейсніў шэраг цікавых праектаў.
Гэты альбом — свайго роду праваднік па майстэрні скульптара, дзе большасць згаданых у кнізе работ прысутнічаюць наяўна або на фатаграфіях. І, адначасова, — па Космасе, якім ён бачыцца з Беларусі…