Аблічча зноў робіцца вясновым

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

“Ягоравы: жыццё ў каханні” — так называецца выстаўка твораў вядомых гомельскіх мастакоў Марыі і Валянціна Ягоравых, якая адкрылася ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава. Гэтых творцаў ужо няма сярод нас. Але іх работы працягваюць жыць, здзіўляючы сваёй першароднасцю і далікатным, глыбінным святлом. Яны — само жыццё, якое не мае часавых межаў. І тут хочацца зрабіць зусім не лірычнае адступленне. Мастак жыве ў сваіх творах, — звыкла сцвярджаем мы. Але ці так гэта?

Што адбываецца з творамі, калі іх аўтараў ужо няма? Яны застаюцца нярэдка асірацелымі, беспрытульнымі, безабароннымі… Нядаўна не стала гомельскіх мастакоў Уладзіміра Кароткага, Пятра Захарава, Мікалая Асаўляка, светлагорца Уладзіміра Юшпраха, а яшчэ раней — Алега Пятрова, Мікалая Палянкова, Ігара Сямекі, Валянціна Крылова, Станіслава Дзьяканава… Парадаваўся, што мая прапанова ў нядаўняй публікацыі на старонках абласной прэсы пра тое, каб у Палацы Румянцавых-Паскевічаў з’явілася мемарыяльная зала, дзе экспанаваліся б і захоўваліся творы тых, каго ўжо няма, падтрымана і будзе ажыццёўлена.

Што да Ягоравых, дык яны не толькі самі пражылі ва ўзаемным каханні, але і здолелі перадаць сваю натхняльную бескарыслівасць сыну, таксама таленавітаму мастаку, — Ігару Валянцінавічу… “Я не хачу зарабляць на іх творчай спадчыне. З задавальненнем перадам у дар карціны дзяржаўным музеям, галерэям, выставачным залам, — кажа ён. — А ў тым, што яны вартыя такога гонару, лёгка пераканацца і дзякуючы гэтай светлагорскай выстаўцы”.

/i/content/pi/cult/427/8805/7-3.jpeg

В.Ягораў. "Перад навальніцай".

І сапраўды, адразу ж заўважаеш, што Валянцін Ягораў — мастак вельмі светлага (так і хочацца сказаць: акварэльнага) каларыту, хоць пісаў заўсёды алеем. З нейкім ветлым святлом, з нейкай гасціннасцю набліжаецца да нас “Белы цеплаход”. Свеціцца ўсё: і сам ён, і рачная вада, і вербалозы на аддаленым беразе... Не менш радаснае пачуццё зыходзіць і ад карціны “Сож вясной”. Паводка, здаецца, вось-вось выйдзе за багетныя межы твора. Яна жывая, трапяткая і нібыта струменіста дыхае нават сярод падмытых таполевых каранёў. А калі глядзіш на прасторавы пейзаж, названы памятнымі словамі Уладзіміра Караткевіча “Пад белымі крыламі”, адчуванне позіркавага палёту не пакідае... Бязмерная вышыня неба, у якой лунае бусел, пухнатая светлата аблокаў… Усё — у нейкім цэласна звязаным, жывым адзінстве.

Пяшчотная, прасветленая зеляніна каларыту адчуваецца амаль у кожным творы гэтага надзіва лірычнага мастака. Адна з самых пранікнёных назваў асабліва дакладная — “Зялёны свет”. Валянцін Серафімавіч сапраўды бачыў і адчуваў жыццё ў вясновых праявах. А яшчэ яго пэндзаль валодаў надзвычайнай эластычнасцю малюнка. Варта паглядзець такія карціны, як “Перад навальніцай”, “Каля жарабяці”, “Дарога з таполямі”, “Сож. Прычал”, “Прага. Карлаў мост”, каб пераканацца ў гэтым. У іх прысутнічае менавіта тая настраёвасць, якую немагчыма перадаць фарбамі, а можна — толькі неспавядальным талентам.

І ўсё ж памылкова было б лічыць Валянціна Ягорава адно пранікнёным пейзажыстам. Колькі творчага адухаўлення ў абліччы мастака, які здолеў увасобіць у мармуры прыгажосць каханай, мы бачым у аўтапартрэтным творы “Пігмаліён”!

І Валянцін Серафімавіч, і Марыя Карпаўна ў свой час скончылі Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Настаўнікі ў іх былі выдатныя, бо здолелі захаваць самабытнасць талентаў гэтых незвычайна роднасных творцаў. Але калі Ягораву падуладная акварэльнасць алейных фарбаў, то ў Ягоравай нават чыста акварэльныя — набываюць шчыльнасць і важкую пачуццёвасць алейных. Яна не толькі піша, але і цудоўна малюе імі. Што можа быць больш складаным, чым увасабленне дзіцячай непасрэднай прасветленасці твару?!

/i/content/pi/cult/427/8805/7-4.jpeg

М.Ягорава. "Цёплыя струны".

А Марыя Ягорава стварыла цыкл акварэльных партрэтаў хлопчыкаў і дзяўчынак, ды так, што ім наканавана вечна не толькі здзіўляцца навакольнаму свету, але і самім здзіўляць яго. Гэта і “Музыка маёй душы” (партрэт юнага скрыпача), і “Цёплыя струны”, і “Алёшанька”, які нагадвае ўсмешлівага анёлачка, і іншыя.

Таму ўжо не здзіўляешся яе таленавітаму майстэрству, увасобленаму ў акварэльныя нацюрморты з гароднінай і садавіной, у букеты кветак, у гарадскія і сельскія пейзажы. Усё напісана з такой выразнай маляўнічасцю, з такой пранікнёнай настраёвасцю, што ім верыш, імі захапляешся.

Выстаўка называецца “Ягоравы: жыццё ў каханні”. І гэта сапраўды так, бо што без узаемнага кахання даўжынёй у жыццё не было б і такой экспазіцыі, прасякнутай адзінствам патаемных талентаў. Сярод мноства незабыўных уражанняў засталося адно з галоўных, “падгледжанае” ў карціне Валянціна Ягорава “Да вясны”. Нешта шчымлівае, развітальнае адчуваецца ў аўтапартрэце мастака і ў засяроджанай постаці яго жонкі перад велізарным акном майстэрні, за якім вечны час сваё зімовае аблічча зноў робіць вясновым…

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск