Дуэль "Нараджэння"

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

Як суаднесці попыт і прапанову ў тэатральным мастацтве? Ці варта “прагінацца” пад свет глядацкіх пажаданняў? А можа, больш правільна рэжысёру ставіць тое, што “сагравае” менавіта яго, дабіваючыся такім чынам шчырасці ў сцэнічнай падачы матэрыялу? Ды і ўвогуле, ці неабходна выбудоўваць гэтую залежнасць?

Пытанні гэтыя — рытарычныя толькі на першы погляд. Бо, засяродзіўшыся на іх, пачынаеш разумець: дзякуючы ім магчыма знайсці адказ на важнае для сучаснага тэатра пытанне: якім чынам і з якога “рэзерву” можна павялічыць прыток гледачоў у тэатр? І як зрабіць так, каб гэткае “баўленне часу” ім спадабалася, і людзі захацелі зазірнуць на агеньчык яшчэ і яшчэ?

/i/content/pi/cult/427/8804/7-2.JPG

Зусім нядаўна расійскія сацыёлагі правялі даследаванне ў гэтай галіне і пацікавіліся ў жыхароў буйных гарадоў, якім чынам тыя бавяць свой вольны час. Сярод іншых, было і пытанне да тых, хто ў якасці культурных прыярытэтаў тэатр не назваў: чаму яны не цікавяцца паходамі на спектаклі, што “замінае” гэта рабіць? Вынікі аказаліся надзвычай нечаканымі: адметна, што прыкладна трэцяя частка апытаных у якасці галоўнага “бар’ера” назвала залішнюю... афіцыёзнасць і пафаснасць такога віду дасугу, як тэатр, неабходнасць адпаведнага дрэс-кода, адмысловых правілаў паводзін і г. д.. Якім жа чынам тэатр можа пераадолець гэтую “запраграмаванасць” і паказаць, што галоўнае — не знешняя форма, а тыя эмоцыі, якія чалавек перажывае ў глядзельнай зале? Ці можна зрабіць тэатр “бліжэй да народу”, не паставіўшы пад сумненне яго мастацкую прыроду? Прынамсі, адзін з магчымых хадоў у гэтым кірунку паспрабаваў рэалізаваць, і даволі паспяхова, Гродзенскі абласны драматычны тэатр — у спектаклі “Нараджэнне” А.Слапоўскага, адной са сваіх апошніх прэм’ер.

Ідучы ўслед за драматургам, рэжысёр пастаноўкі Генадзь Мушперт у якасці асноўнага прыёму абраў прынцып тэлесерыялу. Гэта дало магчымасць натуральным чынам наблізіць успрыняцце сцэнічных падзей да так званага сярэдняга спажыўца. Аднак пры гэтым тэатру ўдалося не “апусціцца” да прымітыўнага пераймання тэлесерыяльнасці, а ўсё ж перадаць яе менавіта тэатральнымі сродкамі, за кошт чаго сама камедыя атрымалася вясёлай, смешнай, насычанай часам адкрытымі акцёрскімі гэгамі, але пры гэтым не банальнай і абсалютна... чалавечнай.

У цэнтры гісторыі — яркі акцёрскі дуэт Маці (Аксана Плікус) і яе яшчэ ненароджанага Плода (Ігар Уланаў), паміж якімі адбываецца своеасаблівая... інтэлектуальная дуэль. Нягледзячы на тое, што ніводзін з персанажаў не прэтэндуе на ролю інтэлектуала, каларыт іх стасункаў афарбаваны не толькі простымі ісцінамі, якія гучаць са сцэны, але і простасцю іх падачы, што само па сабе надзвычай важна. Тэатр зусім не збіраецца вучыць нас жыццю, як нехта мог падумаць. І хаця размова на працягу ўсяго спектакля круціцца вакол амаль гамлетаўскага пытання: “Раджаць ці не раджаць?”, — рэжысёрская пазіцыя слушна агучваецца адной з гераінь, Прыбіральшчыцай (Алена Красікава): “Хочаш — раджай, не хочаш — не раджай. Калі не ведаеш, чаго ты сама насамрэч хочаш, у любым выпадку зробіш не тое”.

Ужо “чую” галасы тых, хто мне запярэчыць: маўляў, ці ж можна захапляцца абсалютна “простым” спектаклем, асабліва — пастаўленым рэжысёрам узроўню Мушперта, які заўсёды “каціраваўся” ў нашай краіне як чалавек, што ўмее рабіць спектаклі глыбока інтэлектуальныя? Але задам пытанне ў адказ: ці могуць высакалобасць і перакананасць у тым, што людзі, якія сядзяць у глядзельнай зале, загадзя “інтэлектуальна ніжэйшыя” за цябе, быць залогам творчага поспеху спектакля? Галоўная каштоўнасць дадзенай пастаноўкі заключаецца ў тым, што рэжысёр разам з акцёрамі на сцэне ніводнай хвіліны не павучае сваіх гледачоў, не прамаўляе са сцэны “важныя мудрасці”.

І з гэтага вырастаюць тая шчырасць і праўда акцёрскага існавання, якой заўсёды славіліся пастаноўкі Мушперта, праўда, што спараджае жывыя, чыстыя эмоцыі ў глядзельнай зале і не вымагае пастаяннага “кантролю над сабой": маўляў, а раптам я разумею нешта не так, “як патрэбна”. У выніку гэтага эпітэт “як не ў тэатры” можна лічыць за галоўны камплімент на адрас стваральнікаў пастаноўкі.

/i/content/pi/cult/427/8804/7-1.jpeg

Безумоўна, было б наіўна, нават пасля поспеху пастаноўкі, заклікаць усіх рэжысёраў кінуць свае мастацкія пошукі ды заняцца аналагічнымі “хаджэннямі ў народ”: наўрад ці масавая вытворчасць такіх спектакляў можа даць плён для развіцця айчыннага тэатральнага мастацтва. А вось рэальны плён, што прынясе гэтая пастаноўка свайму калектыву, — у выглядзе новага прытоку зацікаўленых гледачоў, якія “адкрыюць” для сябе тэатр, — відавочны.

А як жа наконт маралі, што, зноў жа — апрыёры, павінна быць у любым сур’ёзным спектаклі? Яе рэжысёр выклаў на самым пачатку — у выглядзе невялікага відэароліка: у ім з экрана за тым, што будзе разгортвацца на сцэне, назірае кампетэнтнае журы, дзе можна ўбачыць і Генадзя Мушперта, а можна... і сябе ўгледзець. Так, нярэдка за навакольным жыццём іншых людзей мы сапраўды назіраем, бы высакалобыя эксперты-знаўцы, якія ведаюць, як патрэбна жыць правільна і мудра, што рабіць, а чаго ні ў якім разе рабіць нельга. І забываем, што часам нават самая апошняя дурнота (па нашым меркаванні) для іншых людзей — іх рэальнае жыццё. Рэчаіснасць.

На здымках: сцэны са спектакля.