“Беларусь — гэта лепшае, што ў мяне ёсць на душы...”

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

Цяжкія шляхі і ростані Мікалая Пашкевіча, чый талент першым разгледзеў Казімір Малевіч

(Працяг. Пачатак у №№ 18,19 за 2013 г.)

…З каталога IV-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі 1931 года. Аўтар Ф.Выхадцаў: “Тав. Пашкевіч у сваёй карціне “Забойства селькара” імкнецца паскорыць класавую барацьбу і паказаць контррэвалюцыйную дзейнасць варожых элементаў. Жаданне добрае і вартае заахвочвання. Але т. Пашкевіч у сваёй працы залішне захапляецца псіхалагічным эфектам (якога, да слова, ён дасягае вельмі схематычнымі і таннымі сродкамі), чым зусім заглушае сацыяльную значнасць сваёй задумы. Што да яго іншых работ, то, трэба сказаць, яны па сваёй мастацкай якасці і ў сэнсе вырашэння тэмы стаяць яшчэ далёка не на высокім узроўні. Рысункі Пашкевіча лепшыя за яго жывапісныя творы...”

/i/content/pi/cult/427/8801/15-1.jpeg

М.Пашкевіч. Аўтапартрэт. 1983 г.

А вось аб чым казаў вядомы на той час мастацтвазнаўца А.Ус у артыкуле “Пятая Усебеларуская мастацкая выстаўка” (часопіс “Мастацтва і рэвалюцыя” № 2 за 1933 г., с. 10 — 11): “…З усіх прадстаўленых работ на выстаўцы — сваёй закончанасцю і вобразнай выразнасцю — вылучаюцца работы маладога мастака Пашкевіча. Асабліва — тры яго карціны: “Партызаны” (кампазіцыя з дзвюх частак), “Лесараспрацоўкі” і “На варце”. Творы Пашкевіча, іх мастацкая трактоўка падаюцца гледачу крыху ў незвычайным перспектыўным рашэнні. Людзі, падзеі, дзеянні, акаляючыя абставіны, фон пададзены дэкаратыўна, у манеры плоскага паказу. Кампазіцыя, расстаноўка сакавітых, зялёных колеравых плям-крышталёў пададзены надзвычай абуджана, дынамічна. Усё гэта з надзвычайнай напружанасцю і сілай накіроўваецца ад цэнтра да перыферыі кампазіцыі, і толькі ў цэнтры моцныя буравата-шэрыя плямы (фігуры людзей) стрымліваюць гэтую колеравую імклівасць, шумлівасць ды надаюць усёй кампазіцыі спакойны тон. У цэнтры карціны, сярод масы моцнай зеляніны, пададзены постаці людзей (партызаны, дрывасекі), якія, нягледзячы на ўсю дэкаратыўнасць фону, выразна вырысаваны, ярка схоплены і выяўлены ў сваёй псіхалагічнай акрэсленасці. Партызаны ў Пашкевіча — гэта не проста людзі, якія крычаць, шумяць, гэта людзі-мысліцелі, людзі-філосафы. Яны думаюць, разважаюць, але не дзейнічаюць. Вобраз чалавека ў мастака — гэта тып філосафа, сузіральніка (“На варце”). Таму ў яго няма вясёлых, крыклівых, знадворна шумлівых сцэн, а ёсць стрыманасць, спакой. Але гэтыя стрыманасць, спакой пададзены мастаком з вялікай унутранай напружанасцю…”

І далей Антон Ус працягвае аналізаваць палатно “Партызаны”: “…За сталом — невялікая група людзей (6 — 7 чалавек) з задуменнымі, заклапочанымі тварамі — разглядваюць план. Другая карціна з той жа назвай. На плошчы ў дыяганальнай пабудове размяшчаюцца дзве постаці партызан. Адна постаць стаіць, другая, седзячы, нешта чытае, разбірае. Ізноў — спакой, сузіральнасць. Вось гэтыя супакаенне, задумлівасць, некаторая сузіральнасць постацей кампазіцыйна вядуць мастака не да масавасці сцэн, постацей, а да невялікай колькасці асоб у два-тры чалавекі (“Партызаны”, “Лесараспрацоўкі”) ці нават да адной постаці, як “На варце”. “На варце” — спакойная сузіральная постаць партызана з сабакам. З глыбокім задуменным пранізлівым позіркам глядзіць на вас постаць старога партызана. Мастак — малады, з вялікім тэмпераментам, з вялікім адчуваннем і разуменнем таго, што ён малюе. У своеасаблівай дэкаратыўнай манеры малявання і моцнай кампазіцыйнай трактоўцы постацей ён дасягнуў велізарнай мастацкай выразнасці і ідэйнай насычанасці. Мастак не баіцца яркасці, свежасці фарбаў, сілы колераў. Яго кампазіцыя па колеры — надзвычай яркая, сакавітая, шумлівая. Свежая, пышная, густая зеляніна ўпярэмешку з надзвычай моцным белавата-шэрым колерам — серабрыцца, пераліваецца, з сілай прабіваецца з рамак і аблівае гледача свежым, бадзёрым, здаровым настроем. Пашкевіч — мастак вялікай сілы, здольны майстар…”.

І, нарэшце, цытата літаратурнага крытыка Янкі Шарахоўскага з артыкула “V Усебеларуская мастацкая выстаўка” (часопіс “Чырвоная Беларусь”, №№ 23 — 24, снежань, за 1932 г., с. 9): “…Найбольшая ўдача на гэтай выстаўцы выпала на долю Пашкевіча. І выпала па праве: мастак упарта працуе над сабой, над пошукамі вялікага стылю, над выпрацоўкай творчай індывідуальнасці. Ад мінулагодніх акадэмічных уплываў рэмбронтаўскіх рэмінісцэнцый не засталося і следу. Пашкевіч ступіў на самастойны шлях і дасягнуў самага галоўнага: ён знайшоў нешта сваё…”. Крытык меў на ўвазе тры “партызанскія” палотны Пашкевіча, а таксама карціны “На варце”, “Лесараспрацоўкі”, “Юбілейнае ўшанаванне паэта А.Александровіча” і малюнкі “Сталяр”, “Кравец”…

Невядома, як склаўся б далейшы лёс мастака, каб не вайна. Хаця можна меркаваць, што — добра. Як, напрыклад, у І.Ахрэмчыка, В.Цвіркі, Я.Зайцава, З.Азгура, А.Бембеля ды іншых народных мастакоў. Але лёс не выбіраюць…

Мікалай Пашкевіч: “…Мы былі ў Пухавічах на лецішчы, калі раптоўна пачалася Вялікая Айчынная… На той час я ўжо быў першым беларускім мастаком, узнагароджаным ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, і перада мной адкрываліся вялікія шляхі ў мастацтве. Творчых задумак ды ідэй было мора, здароўя — таксама, але… Вайна ўсё перакруціла і пакарабаціла. Як аказалася — перавярнула ўсё маё жыццё… Толькі на трэці дзень пасля бамбёжкі мастакі Валерый Алтуф’еў, Коля Гусеў і я трапілі ў Мінск. Горада не было, толькі коміны стаялі… Я пайшоў на Даўгабродскую, але з цяжкасцю зразумеў, што гэтыя руіны і ёсць тая вуліца… Мы вырашылі прабірацца да сваіх, да Гомеля... Заначавалі ў адной школе, а раніцай прачнуліся ад шуму нямецкіх матацыклаў. Зразумелі, што да сваіх не прабяромся, і вырашылі вярнуцца. Праз тыдзень або два мяне ў Пухавічах арыштавалі паліцыянты. Галя ведала, што з паліцэйскай управы жывымі не выходзяць і што мяне чакае расстрэл. Калі б яны даведаліся, што я — ардэнаносец, яны мяне абавязкова расстралялі б, бо ардэнаносец — значыць член партыі. Але я не быў камуністам... Мяне выратавала жонка: Галя пайшла да нейкага пухавіцкага начальніка, які да вайны быў настаўнікам, расплакалася, сказала, што, маўляў, муж — мастак, напрамілы бог прасіла адпусціць. Той паклікаў паліцэйскага старасту, і мяне адпусцілі...”

Для даведкі. Галіна Альфонсаўна Дакальская нарадзілася ў 1910-м у польскім горадзе Сейны. З 17-гадовага ўзросту — у Савецкай Беларусі. У 1932-м паспяхова скончыла Віцебскі мастацкі тэхнікум, дзе вучылася ў адной групе разам з В.Цвіркам і Я.Ціхановічам — у І.Ахрэмчыка, В.Руцая, М.Эндэ, У.Хрусталёва. Потым працавала ў газетах “Чырвоная змена” ды “Літаратура і мастацтва”. Удзельнічала ў выстаўках. На Дэкадзе беларускага мастацтва ў чэрвені 1940 года ў Маскве экспанавалася ейная карціна “Польскія акупанты ў Беларусі”.

/i/content/pi/cult/427/8801/15-2.jpeg

М.Пашкевіч. "Лебядзінае возера". 1965 г.

...Так, Пашкевічу пакуль пашанцавала. Ён выслізнуў з лап акупантаў. І тады Мікалай Аляксандравіч разам з жонкай і яе малой пляменніцай вырашылі ісці ў Літву, у надзеі, што там засталіся далёкія родзічы Галіны Дакальскай. Калі з цяжкасцямі дабраліся да Каўнаса, высветлілася, што тыя родзічы яшчэ да вайны пайшлі з жыцця. Але добрыя людзі ўсё ж прытулілі бедачынаў. А яшчэ вельмі дапамаглі мясцовыя мастакі, бо раней ведалі Галіну як таленавітую прафесійную мастачку. Там жа, у Каўнасе, нарадзілася і дачка Алія. Такім чынам, на руках сямейнай пары аказаліся дзве дзяўчынкі...

Мікалай Пашкевіч: “…Маленькая Бірута была дачкой сястры маёй жонкі — актрысы Купалаўскага тэатра Біруты Дакальскай, якая перад самай вайной паехала на гастролі ў Адэсу, а дзяўчынку часова, на чэрвень месяц, пакінула нам, на нашым лецішчы ў Пухавічах. Тут нас і заспела вайна…”

Для даведкі. Бірута Альфонсаўна Дакальская, маладзейшая за Галіну на шэсць гадоў, нарадзілася ў Вільні, скончыла Мінскі музычны тэхнікум. З 1937 па 1978 гг. працавала ў Купалаўскім тэатры. Найлепшыя ролі сыграла ў п’есах Змітрака Бядулі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Алеся Петрашкевіча, Мікалая Матукоўскага. Ролю Паўлінкі ў аднайменнай купалаўскай п'есе выканала 450 разоў! Так атрымалася, што толькі амаль праз пяцьдзясят гадоў Бірута Дакальская змагла сустрэць сваю дачку... у ЗША. Пайшла з жыцця актрыса 21 красавіка 1996 года ў Мінску.

Мікалай Пашкевіч: “…Чаму мы так доўга не мелі з Бірутай Дакальскай кантактаў? Усё проста: не хацелі зрабіць ёй кепска. Ды і ў Амерыцы мы страшэнна баяліся, што нас схопяць ды вернуць назад. Мы амаль хаваліся ў Нью-Ёрку, бо думалі, што нас высачаць... Я ведаю, у Мінску некаторыя мае былыя калегі па пэндзлі пасля вайны абвінавачвалі мяне ва ўсіх смяротных грахах. Маўляў, Пашкевіч нямецкіх генералаў маляваў! А я не тое каб генералаў, але ніводнага салдата не нарысаваў! Наогул, я не меў абсалютна ніякага дачынення ні да германскай арміі, ні да фашызму…”

Так ці інакш, неяк жыла сям’я ў акупаванай Літве. Сябравала са старымі рускімі эмігрантамі, старымі афіцэрамі, чые сем’і ім дапамагалі, з літоўцамі. І так — амаль да канца вайны, калі Пашкевіч з Дакальскай вырашылі вярнуцца ў Мінск. Прыйшлі ў месца, адкуль на радзіму павінна была накіроўвацца група такіх жа бежанцаў, як і яны. Была і іншая група з людзей, якая вяртацца на радзіму не збіралася, бо хадзілі чуткі, што па вяртанні кожны атрымае турэмны тэрмін не менш за дзесяць гадоў…

Мікалай Пашкевіч: “…А я яшчэ падумаў: дзесяць гадоў — гэта ж мала. Я як бы вінаваты ўдвая, таму што ў мяне высокі дзяржаўны ордэн! Урэшце, у чым я быў вінаваты? Ні ў чым. Ні я, ні мая сям’я. Але разумеў, што калі вярнуся, мяне могуць проста паставіць да сценкі. Ізноў мы вырашылі бегчы: па Нёмане — на лодцы, потым пехам ці нейкім спадарожным транспартам ішлі на Захад. У рэшце рэшт, апынуліся ў горадзе Кемптэн, што непадалёк ад Швейцарыі. Потым прыехалі амерыканцы і пераправілі нас у лагер для перамешчаных асоб. Ну а ў 1949-м, пасля розных дзіўных прыгод, прытуліла нас Амерыка…”

Галіна Дакальская: “…Мы доўга чакалі, пакуль у Савецкім Саюзе штосьці зменіцца. І як толькі Сталін памёр, вырашылі шукаць сястру. Але нават не здагадваліся доўгія гады, што яна ў Мінску. Праз Літву даслалі ў Мінск усе адпаведныя даныя. Атрымалі адказ: Бірута, сястрычка мая, жывая і працуе ў Мінску, у Купалаўскім драматычным тэатры! Тады мы адразу яе запрасілі, і ў 1990-м годзе яна прыехала да нас і да сваёй роднай дачкі, якую не бачыла цэлых паўстагоддзі! Тады ў Беларусі ўжо ўсё змянілася, і сястра не баялася прыехаць у ЗША. А калі Беларусь атрымала незалежнасць, мы радаваліся як малыя дзеці! Тым не менш, ніколі не думалі прыехаць у Мінск, ды яшчэ з выстаўкай. Думалі, мастакі нас не памятаюць, моладзь не зразумее. Але як можна было меркаваць па некаторых лістах, што прыходзілі да нас з Мінска, аказваецца, нас памяталі! Вядома ж, памалу пачалі рыхтавацца. Аднак са знаёмых маіх аднакурснікаў, я ведала, засталіся толькі двое — Яўген Ціхановіч і Віталь Цвірка. Віталь Канстанцінавіч напрыканцы 1980-х нават прыслаў мне свой альбом аўтарства мінскага мастацтвазнаўцы Барыса Крэпака. Такія ў яго цудоўныя пейзажы! Я была ў вялікім захапленні... Але сустрэчы з намі ў Мінску не дачакаўся. Мы даведаліся, што 11 чэрвеня, акурат за месяц да нашага прыезду, наш сябра маладосці пайшоў з жыцця… Як шкада! Ды і з маіх сябровак па Віцебскім тэхнікуме ўжо нікога не было... А з пакалення мужа засталіся толькі Заір Азгур, Яўген Ціхановіч і Ісак Давідовіч ды яшчэ даваенны сябра нашай сям’і — пісьменнік Сярожа Грахоўскі…”.

Гутарка ішла ў ліпені 1993 года: цяпер з таго пакалення няма нікога…

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"