А калі музей калекцый?

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

Пра кубкі Радзівілаў ды чамадан грошай на аўкцыёне

У Нацыянальным гістарычным музеі паказалі выстаўку пад інтрыгуючай назвай “Скарбы шляхецкіх архіваў. Графіка, дакументы, сфрагістыка XV — XIX стагоддзяў са збору Ігара Сурмачэўскага”. Выстаўка найперш ўражвае сваімі экспанатамі, сярод якіх — старажытныя геаграфічныя карты, гравюры, Грамата караля Жыгімонта ІІІ на будаўніцтва кляштара пры царкве Святога Духа ў Мінску (1617 г.), васковы адбітак каралеўскай пячаткі ды іншыя каштоўнасці. Па-другое, цікавы сваёй нязвыкласцю той факт, што каштоўнасці, якія зробяць гонар любому музею, належаць прыватнай асобе.

Не так часта гледачы маюць магчымасць зазірнуць у прыватны збор. Калі прыняць гэта за правіла, дык калекцыянер Ігар Сурмачэўскі трапляе пад катэгорыю “Рэдкае выключэнне”. Апрача таго, што частка калекцыі зараз захоўваецца на дэпазіце ў Нясвіжскім палацы і там жа экспануецца, Сурмачэўскі прыклаў нямала намаганняў, каб шэраг каштоўных рэчаў, якія маюць дачыненне да беларускай гісторыі, узбагаціў дзяржаўныя зборы ды ўпрыгожыў хрысцыянскія святыні. Нездарма дабрачыннасць калекцыянера адзначана Апостальскім бласлаўленнем Папы Рымскага Бенедыкта XVI, ордэнам Ефрасінні Полацкай, Граматай-падзякай генерала Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў Маўра Ёры, ордэнам Кірылы Тураўскага ІІ ступені.

/i/content/pi/cult/427/8800/14-1.jpeg

Дарэчы, калекцыянер — не адзіная іпастась спадара Ігара. Сурмачэўскі ў 1984 годзе скончыў з чырвоным дыпломам наш Тэатральна-мастацкі інстытут як спецыяліст па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Прафесію, запісаную ў дыпломе, Ігар не забыў дагэтуль: як дызайнер праектуе інтэр’еры. Сурмачэўскі таксама ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках, рэспубліканскіх і ўсесаюзных, працаваў у Мастацкім фондзе Беларусі. У 1988-м пачаў пісаць іконы і рэстаўраваць тэмперны жывапіс. А калекцыю стаў збіраць яшчэ ў 1977-м.

Пачаў з іконы

Сам Ігар Сурмачэўскі распавядае пра гэта так: “Напэўна, мая калекцыя пачалася са слоў матулі пра зямлю, дзе я нарадзіўся, са слоў бабулі аб продках. Мае першыя словы таксама былі на роднай мове. Я нарадзіўся ў сакральным месцы Беларусі — пад Дзяржынскам, у весцы Вязань, былым уладанні Багдашэўскіх. Там вялікія клёны шляхетнага парку Шпалеры з дзяцінства прывілі мне любоў да гісторыі… А фактычна маё збіральніцтва пачалося з таго, што я прыдбаў у аднакласніка ікону. За 25 рублёў — немалыя грошы для другой паловы 1970-х. Аднакласнік вынес ікону з падвала панэльнага пяціпавярховіка. Патлумачыў, што яна належыла бабулі, а дома ён іконы не трымае, бо — камсамолец…”

У студэнцкія гады Ігар Сурмачэўскі збіраў старыя, XVIII — XIX стст., кнігі, датычныя беларускай гісторыі, знаходзячы іх на кніжных развалах Мінска і Масквы. Больш грунтоўна ягоная калекцыя пачала папаўняцца ў 1990-я, калі ў немалой колькасці з’явіліся прыватныя калекцыянеры, адпаведна — антыкварныя крамы з сапраўднымі гістарычнымі рарытэтамі. У гэты ж час Ігар Сурмачэўскі пачаў сур’ёзна займацца рэстаўрацыяй ікон, тэмпернага жывапісу.

У 1990-я царква вярталася ў грамадскае жыццё, вернікам вярталі храмы, якія трэба было аздабляць. Для калекцыянераў жа іконы былі і прадметам гонару, і мэтай укладання грошай. Рэстаўратараў ды іканапісцаў катастрафічна не хапала. Для Ігара як для творцы гэты час быў шчаслівым, бо для яго рэстаўрацыя іканапісу сімвалізавала аднаўленне духоўнасці, вяртанне ў грамадскі побыт вечных каштоўнасцей.

З цягам часу ў ягонай калекцыі з’явілася драўляная скульптура, прывілеі ды граматы каралёў Рэчы Паспалітай, геаграфічныя карты і гравюры XVI — XVII стагоддзяў. “Я хачу сабраць, адрэстаўраваць і вярнуць з нябыту хоць частку нашай шматпакутнай гісторыі. Для мяне шчасце — патрымаць у руках і адчуць навобмацак жывыя сведчанні славы нашых продкаў”, — кажа ён.

Інтуіцыя або прынцыпы?

На думку спадара Ігара, сапраўдны калекцыянер акрамя ведання гісторыі мастацтва і матэрыяльнай культуры мусіць мець інтуіцыю, трохі авантурызму ды пэўныя маральныя прынцыпы.

“Паміж чалавекам і ягонай працай, яго матэрыяльным атачэннем існуе духоўная сувязь. Тым больш, калі гаворка ідзе пра калекцыянера і ягоную калекцыю. Бо рэчы, якія чалавек збірае свядома ды мэтанакіравана, найлепшым чынам адлюстроўваюць яго ўнутраны свет. Спачатку меркаваў, што сам збіраю абразы для калекцыі і працы, а пасля зразумеў: абразы самі шукаюць свой шлях да рэстаўратара. Часам бачыш абраз, які, паводле логікі, мусіў бы трапіць у мастацкую калекцыю, а не ў храм. Так здарылася ў 1990-я з аналойным абразом Казанскай Божай Маці XIX стагоддзя. Калі я яго адрэстаўраваў, у мяне узнікла містычнае жаданне аднесці абраз у царкву. Павёз яго ў Свята-Духаў сабор, што на Нямізе. Прынёс у святыню, а мне кажуць, што ў адной з цэркваў Віцебска скралі з аналоя абраз Казанскай Божай Маці, і адбылося злачынства акурат у дзень святкавання гэтага святога абраза — 21 ліпеня. Віцебскі святар прыехаў, каб знайсці нейкую замену. Адрэстаўраваны мною абраз аказаўся вельмі дарэчы ў якасці замены”.

Разам з дзяржавай

Аддаючы належнае метафізічнаму чынніку працы рэстаўратара і захапленню калекцыянера, трэба адзначыць, што Ігар Сурмачэўскі глядзіць на жыццё прагматычна. Прынамсі, з такіх пазіцый ён ацэньвае і стасункі калекцыянераў ды дзяржавы. Ён згадвае час, калі калекцыянеры баяліся дэманстраваць свае зборы, каб не мець непрыемнасцей. “Сёння ж, — кажа спадар Ігар, —- мець калекцыі — прэстыжна. Мастацкія творы і гістарычныя артэфакты збіраюць установы, што дбаюць пра свой імідж, і прыватныя асобы, якія могуць сабе гэта дазволіць. Ёсць прыклады плённага супрацоўніцтва калекцыянераў з дзяржавай.

/i/content/pi/cult/427/8800/14-2.jpeg

Некалькі кубкаў, якія належылі Радзівілам, трапілі ў экспазіцыю музея-запаведніка “Нясвіж”, дзякуючы таму, што адзін замежны калекцыянер высачыў іх на аўкцыёне, выкупіў для нашай краіны за свае грошы, а беларускія калекцыянеры хутка сабралі патрэбную суму, каб кампенсаваць яму фінансавыя страты. У дзяржавы грошы, можа, і знайшліся б, але у дадзеным выпадку была патрэбна аператыўнасць. Пакуль запыт на выдаткаванне валюты праходзіў усе інстанцыі, тыя кубкі купіў бы хто іншы, і не трапілі б яны ў Беларусь…”

На думку Ігара Сурмачэўскага, прыватныя калекцыянеры могуць зрабіць немалы ўнёсак у справу культурнага адраджэння і патрыятычнага выхавання. Ужо ёсць прыклады, калі рэчы з прыватных збораў знаходзяцца на дэпазіце і экспануюцца ў дзяржаўных музеях: у Нясвіжы, Міры, сталічным Музеі гісторыі горада. “Але даўно наспела патрэба займець хаця б у сталіцы музей прыватных калекцый. Каб такая ўстанова ўтварылася, знайшлося б шмат ахвотных прадставіць там свае скарбы. Калекцыянаванне — гэта свайго роду творчасць. А творцы патрэбны глядач…”


У тэму

А як у суседзяў?

А як справа папаўнення дзяржаўных музейных збораў праз набыццё каштоўнасцей на аўкцыёнах пастаўлена ў іншых краінах?

“На жаль, — кажа Ігар Сурмачэўскі, — многія артэфакты нашай гісторыі, якія калі-нікалі з’яўляюцца на аўкцыёнах, трапляюць да палякаў, расіян, украінцаў. Актыўна шчыруюць сёння ў гэтым напрамку літоўцы. Іх дэлегацыя на замежным аўкцыёне складаецца з трох чалавек: гэта эксперт-мастацтвазнаўца, банкір і супрацоўнік міністэрства. Делегацыя, умоўна кажучы, мае чамадан грошай і карт-бланш на іх выкарыстанне. Цікавасць жа для іх уяўляе ўсё, што датычыць гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Можа быць у дэлегацыі і нехта чацвёрты — калекцыянер, які ведае сітуацыю на рынку антыкварыяту і можа назваць рэальную цану на тую або іншую рэч. Скажам, за слуцкі пояс могуць запрасіць паўмільёна долараў, між тым, як цана яму — 50 — 100 тысяч. Ці не ўсё начынне Віленскага дольнага замка — рэзідэнцыі вялікіх князёў — набыта такім вось чынам…”

На здымках: Ігар Сурмачэўскі; гравюра з выявай Гродна (1575 г.).

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"