Музей да "Еўрабачання"

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

Як шведы здымаюць “культурную пенку” з песеннага конкурсу?

Гэтай ноччу мы даведаемся, якое месца ў фінале “Еўрабачання”, што праходзіць у шведскім Мальмё, зойме прадстаўніца нашай краіны Алена Ланская. А пакуль аматары музыкі з усёй Еўропы і многіх краін свету чакаюць абвяшчэння імені пераможцы, карэспандэнт “К” вырашыў высветліць, чым жыве апошнія дні трэці па велічыні і адзін з найстарэйшых ды найбольш індустрыялізаваных гарадоў Швецыі, размешчаны ў паўднёвай правінцыі Сконэ, а таксама тое, якая культурная праграма апрача самога конкурсу там прадстаўлена. Адказаць на некалькі пытанняў для чытачоў “К” пагадзіўся Самуэль ТЭЛІН, куратар аддзела выставак Музея Мальмё, з якім мы звязаліся напярэдадні конкурсу.

А што ў Мальмё?

— Наколькі цікавае для жыхароў Мальмё правядзенне “Еўрабачання”?

— Не будзе перабольшаннем, калі скажу, што “Еўрабачанне” — справа, якой у той або іншай форме займаецца літаральна ўвесь горад. Мальмё жыве конкурсам ужо некалькі апошніх месяцаў, і чым бліжэй фінал музычнага форуму, тым больш узрастае зацікаўленасць. Па шчырасці, мы не губляем надзеі на другую запар перамогу на “Еўрабачанні”.

Дарэчы, сярод жыхароў і гасцей нашага горада апошнім часам стала папулярна рабіць стаўкі ў букмекерскіх канторах на перамогу таго або іншага канкурсанта. Наколькі ведаю, сёння большасць аматараў музыкі ставіць на перамогу спявачкі з Даніі, прыхільнікаў якой у сталіцы сёлетняга “Еўрабачання” ці не найбольшая колькасць, што тлумачыцца вельмі проста: адлегласць ад Мальмё да Капенгагена складае ўсяго 20 кіламетраў. Пры ўсім гэтым жыхары і госці Мальмё пазітыўна ставяцца да ўсіх удзельнікаў конкурсу, у тым ліку спявачкі з Беларусі.

/i/content/pi/cult/427/8799/13-3.gif

Асобна трэба сказаць пра “Мальмё-Арэну”. Гэта ўнікальны мультыфункцыянальны комплекс, умяшчальнасць якога пад час канцэртаў складае больш за пятнаццаць тысяч чалавек. Усе білеты як на паўфіналы, так і на фінал музычнага шоу былі набыты задоўга да пачатку апошняга.

— Думаецца, гарадскі музей Мальмё не застаўся ўбаку ад “Еўрабачання”...

— Безумоўна! Для нашага музея галоўнай задачай стала фотадакументаванне не толькі самога конкурсу, але і атмасферы вакол яго. Задоўга да правядзення музычнага конкурсу мае калегі рыхтаваліся да вялікага наплыву турыстаў. Адпаведна была павялічана колькасць прадстаўленай у музеі сувенірнай прадукцыі, ды і сам графік працы нашай установы быў зменены для зручнасці турыстаў. І хоць да “Еўрабачання” ў нас не была створана нейкая адмысловая выстаўка, тым не менш, музей мае што прапанаваць. Гэта датычыцца і пастаянных экспазіцый, і часовых выставак. А аўдыягіды, прадстаўленыя на дзясятках моў свету, змогуць дапамагчы сарыентавацца ў музеі практычна любому замежнаму госцю. Да таго ж, увесь горад, асабліва яго цэнтр, — таксама адмысловая выставачная пляцоўка…

Да конкурсу —  новы музей

Нягледзячы на тое, што з-за сёлетняга Чэмпіянату свету па хакеі “Еўрабачанне” праходзіць не ў Стакгольме, а ў Мальмё, сталіца Швецыі не засталася безуважнай да конкурсу. У прыватнасці, 7 мая там адкрыўся музей, прысвечаны ці не самым вядомым выканаўцам з гэтай краіны — гурту “ABBA”, пераможцаў конкурсу “Еўрабачання” 1974 года.

/i/content/pi/cult/427/8799/13-1.jpeg

Як адзначаюць першыя наведвальнікі музея, праект атрымаўся вельмі арыгінальным і, што немалаважна, жывым.

Прыхільнікі шведскай чацвёркі змогуць акунуцца ў атмасферу 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Да прыкладу, у адной з залаў музея госці змогуць развучыць танцы ў стылі дыска 1970-х і паўдзельнічаць у прысуджэнні звання пятага члена легендарнага музычнага калектыву, а таксама ўбачыць касцюмы яго ўдзельнікаў, студыю і нават паспрабаваць самастойна зрабіць музычнае відэа.

Асобная зала будзе прысвечана пачатку гісторыі гурта ў 60-я гады, там жа прадставяць макет катэджа на востраве Вігса, дзе былі напісаны самыя раннія песні калектыву. Яшчэ адной славутасцю музейнай экспазіцыі стане верталёт, які калісьці быў намаляваны на вокладцы альбома “Arrival”. Адметнасцю музея можна лічыць і той факт, што білеты ў яго будуць прадавацца выключна па безнаяўным разліку.

/i/content/pi/cult/427/8799/13-2.jpeg

Трэба сказаць, што Музей “ABBA” стаў часткай музычнай Залы славы Швецыі. Музейны комплекс, прысвечаны гісторыі папулярнай музыкі гэтай краіны, размешчаны ў цэнтры Стакгольма, што само па сабе мусіць прыцягваць натоўпы турыстаў. У прыватнасці, кіраўніцтва ўстановы разлічвае прымаць да 200 тысяч наведвальнікаў на год.

І яшчэ колькі фактаў пра гэты шведскі музей. Так, на рэалізацыю праекта было затрачана пяць гадоў. Акрамя таго, музей займае прыкладна дзве тысячы квадратных метраў і размешчаны ў пяціпавярховым будынку.

Ці самі з вусамі?

А што можа прапанаваць у плане музеяў, прысвечаных сваім музычным зоркам, Беларусь? Думаецца, не трэба праводзіць сацыялагічнае апытанне, каб пераканацца, што пра існаванне такіх музеяў ведае вельмі мала нашых суайчыннікаў. Тым не менш, яны — ёсць і маюць, да слова, вельмі цікавыя калекцыі. Гэта і Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, і Музей Уладзіміра Мулявіна, адкрыты ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, і Музей Чэслава Нэмана ў Старых Васілішках, што на Шчучыншчыне.

Але ці могуць разлічваць гэтыя ўстановы хаця б на нейкую долю ад папулярнасці Музея “АВВА”? Прынамсі, хочацца ў гэта верыць, бо ў тым жа Мемарыяльным пакоі Мулявіна прадстаўлена гітара артыста, фартэпіяна, касцюмы, а таксама дакументы, фотаздымкі з сямейнага архіва, асабістыя рэчы. Усё гэта пры добрай раскрутцы і стварэнні інтэрактыўных выставак можа прыцягнуць пад час правядзення Чэмпіянату свету па хакеі, што пройдзе ў наступным годзе ў Мінску, тысячы прыхільнікаў творчасці “Песняроў” з краін былога СССР. Галоўнае ў музейнай справе, як кажуць, — не праспаць.

На здымках: даўніна і сучаснасць знаходзяцца побач у архітэктуры музеяў у Мальмё і Стакгольме; экстэр'ер і інтэр'ер Музея "АВВА".

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"