Выратаванне мінулага

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

2014: што пакажа першы выпуск рэстаўратараў у Акадэміі мастацтваў?

Першыя вынікі ў падрыхтоўцы спецыялістаў па рэстаўрацыі твораў мастацтва на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ужо можна прааналізаваць. Да таго ж, каля 20 музеяў рэспублікі сёння праявілі зацікаўленасць у будучых выпускніках.

Мець багатую спадчыну матэрыяльнай культуры і не мець сістэмы падрыхтоўкі прафесійных кадраў у галіне рэстаўрацыі — абсалютны нонсэнс. Таму ідэя стварэння ў Акадэміі пры кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва новай спецыяльнасці — мастак-рэстаўратар — у загадчыка кафедры, прафесара Уладзіміра ЗІНКЕВІЧА ўзнікла натуральна і заканамерна. Каля дзесяці гадоў таму ён паехаў у Польшчу і асабіста звярнуўся да прафесара Анджэя Коса з просьбай даць метадычныя праграмы для падрыхтоўкі спецыялістаў. Польскі бок з разуменнем адгукнуўся на нашу просьбу і прадаставіў неабходныя матэрыялы, падзяліўся вопытам і нават вылучыў некалькі стыпендый свайго Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны "GAUDE POLONIA" для праходжання курса рэстаўрацыі ў ВНУ суседняй дзяржавы.

/i/content/pi/cult/427/8797/4-1.jpeg

— Чаму менавіта Польшча? — пацікавілася я ў прафесара Зінкевіча.

— На мой погляд, польская школа рэстаўрацыі — адна з наймацнейшых у свеце. Сістэма навучання мае глыбокія традыцыі. Велізарная спадчына польскай культуры захоўваецца, і да гэтага пытання ставяцца вельмі сур’ёзна. Таму іхні вопыт для нас — каштоўны. Такім чынам, пяць гадоў таму наша мара здзейснілася, і мы зрабілі першы набор на спецыяльнасць "мастак-рэстаўратар". Падрыхтавалі майстэрні, набылі неабходныя матэрыялы, запрасілі спецыялістаў з Нацыянальнага мастацкага музея, якія падзяліліся сваімі прафесійнымі напрацоўкамі, а таксама прафесіяналаў з вопытам працы, такіх, як дацэнт Ю.Падолін, які папрацаваў шмат гадоў у розных рэстаўрацыйных майстэрнях Германіі з буйнымі калекцыямі твораў выяўленчага мастацтва. Мяркуецца рабіць набор на дадзеную спецыяльнасць адзін раз на шэсць гадоў. Але на першым этапе, улічваючы вялікую цікавасць да прафесіі, набор робіцца адзін раз на тры гады.

— Першая група рэстаўратараў падыходзіць да сваіх дыпломных работ. Які практычны вопыт набылі студэнты ў працэсе навучання?

— Напэўна, найбольш значнымі былі праведзеныя цягам некалькіх гадоў у рамках практык выезды на кансервацыю і рэстаўрацыю Нясвіжскага палаца ў складзе брыгады РУП "Белрэстаўрацыя", дзе маладыя спецыялісты ўдзельнічалі ў расчыстках, падрыхтоўках сцен, распрацоўках колеравых рашэнняў, выкананнях роспісаў. Не пакінула абыякавым калектыў кафедры і ўзнаўленне святынь Беларускага Прыдняпроўя. Для адпрацоўкі заданняў вучэбнай праграмы для будучых рэстаўратараў шыкоўна падышла прапанова правядзення даследавання стану і захаванасці іконы Божай Маці "Баркалабаўскай". Гэты абраз з’яўляецца адным з самых шанаваных у Беларусі і лічыцца цудатворным. Студэнты стварылі сем ікон іканастаса і разныя царскія вароты манастырскага храма прарока і Хрысціцеля Божага Іаана. Высакаякасныя матэрыялы і тэхнічнае абслугоўванне прадаставіў прадпрымальнік, мецэнат і знаток мастацтваў В.Пеўціеў. Я рэгулярна наведваю аб’ект і сачу за ходам работ.

— Якое ваша бачанне развіцця кафедры ў цэлым і непасрэдна спецыяльнасці рэстаўратараў?

— Калі раней функцыі манументальнага мастацтва былі абумоўлены сацыяльным заказам, запатрабаванасцю ў манументальнай прапагандзе, дык зараз — у сувязі з перавагай прыватных інтэр’ераў: кафэ, рэстаранаў, клубаў, катэджаў — узнікла каласальная запатрабаванасць у мастацкай арганізацыі гэтага асяроддзя. Зараз інфармацыйнае поле забіта ўсялякім шалупіннем, і задача мастака — духоўна ачысціць гэтую прастору, прыўносячы сур’ёзны энергетычны зарад. Ёсць вялікая запатрабаванасць у вітражы, мазаіцы, розных відах роспісу, таму плануем адкрыць пры Акадэміі вітражную і мазаічную майстэрні, чым будзе падтрымлівацца жыццё і студэнта, і ўстановы. Мы заўсёды намагаемся адгукнуцца і прыняць удзел у сацыяльных праектах: гаворка ідзе пра дапамогу бальніцам, музычным школам, цэрквам. А што да ўласна рэстаўрацыі, дык плануем развівацца ў цесным узаемадзеянні з замежнымі ВНУ — польскімі, расійскімі, чэшскімі. Зараз вядуцца перамовы з Венскай акадэміяй, плануюцца праграмы па абмене вопытам. Хочам адкрыць рэстаўрацыю скульптуры — каменнай і драўлянай, як той, што найбольш часта зведвае ўздзеянне стыхій. Словам, планаў шмат.

Відавочна, што жыццё кафедры — дынамічнае і мэтанакіраванае. У 2012 годзе было прынята рашэнне ўвесці для студэнтаў азнаямленчы курс па рэстаўрацыі мастацкага тэкстылю. Для пачатку было прапанавана азнаёміцца з гісторыяй, тэхнікай і мастацкімі асаблівасцямі шпалеры як аднаго з самых цікавых пластоў беларускай культуры. Мала хто ведае, што ў час росквіту мастацтва шпалеры ў Еўропе ў Беларусь не толькі прывозілі найкаштоўнейшыя асобнікі з Фландрыі, Араса, Парыжа, але і адкрывалі мясцовыя мануфактуры. Радзівілы заснавалі мануфактуры ў Міры, Нясвіжы, Камяніцы, Карэлічах. Графам Тызенгаўзам былі створаны Каралеўскія мануфактуры ў Гродне. Князі Агінскія адкрылі Слонімскія мануфактуры. І, нягледзячы на тое, што да нашых дзён дайшлі адзінкавыя асобнікі шпалер, не варта забываць пра эпоху іх росквіту. У ХХ стагоддзі ўвага ў асноўным была засяроджана на традыцыйнай культуры беларусаў. Тым не менш, тагачасная высокаразвітая элітная культура вартая быць прадметам асаблівага гонару. Радуе тое, што ў апошнія гады ўзрасла цікавасць да адраджэння такіх нацыянальных брэндаў, як слуцкія паясы. Зразумела, што справа не толькі ў тэхнічным аднаўленні — слуцкія паясы каштоўныя як гістарычны феномен, які не можа быць перанесены без пэўнай трансфармацыі ў кантэкст нашага часу. Гаворка, хутчэй, можа ісці пра нейкую стылізацыю, арганічна ўплеценую ў эстэтыку сучаснага нацыянальнага дызайну.

Словам, ужо ў хуткім часе БДАМ зробіць першы выпуск мастакоў-рэстаўратараў, якія з усёй адказнасцю, прафесійна возьмуцца за справу адраджэння нацыянальнай культурнай спадчыны нашай краіны.

Нюансы працы і перспектывы праявіла Ганна КЛІМЕНКА, выкладчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва БДАМ