"Улёт" на грошы замест ганарару

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

Якіх дэталей не хапае для тэатра-трансформера?

У мінулым нумары газеты "Культура" мы прааналізавалі на прыкладзе двух сталічных фестываляў стан айчыннага аматарскага тэатра. Дадамо сюды разгляд названай праблематыкі і на прыкладзе любанскага дзіцячага форуму "Чароўны куфэрак". Сёння ж бяром яшчэ адзін істотны пласт сцэнічнага мастацтва — тэатры недзяржаўныя, нерэпертуарныя, якія, тым не менш, часцяком прадстаўляюць Беларусь на прэстыжных міжнародных фестывалях. Так, за мяжой нашу пластыку і альтэрнатыўныя драматычныя пастаноўкі — бачаць. Толькі ў Мінску — гады ў рады, а па-за сталіцай — бадай, і ніколі.

Пад час свайго наведання Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму фінансавай эфектыўнасці айчынных тэатраў, адзначыўшы, што стварэнне больш спрыяльных юрыдычных умоў для іх дзейнасці можа прывесці да павелічэння рэнтабельнасці. Па сутнасці, думка Кіраўніка дзяржавы — гэта парафраз вядомага афарызма пра рыбу і вуды.

Без сумневу, выбудоўванне новай канцэпцыі эканамічнай дзейнасці запатрабуе нямала часу, асабліва ў выпадку з "цяжкавагавікамі" — вялікімі рэпертуарнымі тэатрамі. Іншая справа — незалежныя (ад дзяржбюджэту) трупы, якія ў дадзеным выпадку могуць стаць своеасаблівымі "вопытнымі мадэлямі". Балазе ім да "вольнага плавання" не прызвычайвацца. Ды, на жаль, у цяперашніх варунках гэты стан нярэдка становіцца сінонімам вольнага падзення. У чым прычыны? Прааналізуем на канкрэтным прыкладзе — найстарэйшага і ці не самага вядомага такога калектыву.

Пару тыдняў таму на мой акаунт у сацыяльнай сетцы прыйшло запрашэнне на спектакль тэатра "ІнЖэст" "ДК Данс" — апошні мінскі спектакль у сезоне! Здавалася б, напрыканцы красавіка яшчэ рана ісці на вакацыі. Тым больш, і сезон для тэатра выдаўся не надта плённы: усяго некалькі паказаў. А калі яшчэ ўлічыць, што калектыў знаходзіцца ў добрай творчай форме, пра што сведчыць яго нядаўняя доўгачаканая прэм’ера... Тут, мабыць, было б лагічней "каваць жалеза, пакуль гарачае".

/i/content/pi/cult/427/8796/5-1.jpeg

— Ды мы гатовы хоць кожны дзень іграць, аднак... Атрымліваецца, што новы спектакль — гэта новая цяжкая ноша на нашы плечы: несці цяжка, а кінуць — шкада, — эмацыйна прамовіў з гэтай нагоды кіраўнік тэатра Вячаслаў Іназемцаў.

Хто заплаціў за "Рамонт"?

Калі ты бачыш дзівосныя трансфармацыі, якія адбываюцца на сцэне... або, дакладней, у глядзельнай зале, пераўтворанай з дапамогай візуальных эфектаў у нейкую прывідную субстанцыю, што нібы сама сабою спараджае ўсё новыя і новыя фантасмагарычныя сюжэты, ні пра якія грошы, вядома, не думаеш. Хаця патрачана тваіх кроўных было нямала: здаецца, "ІнЖэст" у чарговы раз пабіў рэкорд цэн на білеты сярод айчынных тэатраў, зафіксаваўшы яго на планцы ў 220 тысяч рублёў, — даражэй толькі V.I.P.-ложа ў оперы! Але вольных месцаў, як звычайна, няма.

Імправізацыйны перформанс "ІнЖэста" ў рамках праекта "X-традыцыя" неспадзявана нават для саміх стваральнікаў ператварыўся ў паўнавартасны спектакль пад назвай "Рамонт". Як заўсёды, тэатр парваў усе шаблоны. Публіка размясцілася на сцэне, а ў зале шчыравалі рабочыя ў касках (нават здавалася, што яны не акцёры). І гэта не проста эпатажны дэмарш, але натуральнае выяўленне схільнасці да здаровай трансгрэсіі, якая чырвонай ніткай працягнулася праз заварожвальную дзею — сапраўдны пір пачуццяў, не заўсёды падуладных разумовай інтэрпрэтацыі.

Нешматлікія прысутныя крытыкі ахвотна прызналі, што спектакль — адбыўся, стаўшы новым словам у гісторыі "ІнЖэста" і фактам гісторыі айчыннага тэатра. Добры ён ці не — пытанне густу, але... Ва ўсялякім выпадку, нічога падобнага мы ў родных пенатах пакуль яшчэ не бачылі, і менавіта за гэтую здольнасць да інавацый нават зацятыя традыцыяналісты аддаюць належнае эксперыментальным калектывам.

Агулам спектакль пабачылі толькі 150 чалавек: больш сцэна Палаца культуры чыгуначнікаў проста не змясціла. Дык чаму ж, урэшце, няма працягу?

— Вы ўжо не першы, хто задае мне такое пытанне: я чую яго ледзь не штодня, — уздыхнуў Вячаслаў Іназемцаў. — Людзі абураюцца цаной білетаў (я ахвотна прызнаю, што яна і сапраўды высокая, нават па еўрапейскіх мерках) і проста цікавяцца, чаму мы так рэдка выступаем у Мінску. Прычына тут вельмі простая. За трыццаць з гакам гадоў працы на сцэне я вельмі шмат чаму навучыўся, але толькі не рабіць прыбытковыя спектаклі! Для мяне найважнейшае — гэта ідэя, і я не спыняюся ні перад якімі выдаткамі, каб яе рэалізаваць. Мала хто задумваецца пра тое, што арганізацыя спектакля — вельмі нятанная справа, асабліва ў нестандартных умовах. І таму пасля прэм’еры я нярэдка застаюся вінным — нягледзячы на дарагія білеты. Мінулым разам "уляцеў" на пару тысяч долараў, у выпадку з "Рамонтам" — ужо менш...

Для таго, каб размясціць публіку на сцэне, давялося арандаваць спецыяльныя памосты, а нязвыклая канфігурацыя святла (усё ж гэта спектакль "навыкруткі"!) запатрабавала дадатковага абсталявання: стацыянарнае ж скіравана менавіта на сцэну! Па словах Вячаслава Іназемцава, тыя выдаткі з’елі ўсе грошы, што атрымаў тэатр ад продажу білетаў. За рэквізіт давялося даплачваць, а самі артысты і музыканты, як звычайна, выступалі "на энтузіязме"...

Што зрабіць у такіх варунках? Скараціць выдаткі? Але ж гэта, у адпаведнай прапорцыі, скароціць і творчы складнік. Нельга падразаць крылы ідэі: яна ж — жывая!

Дадамо дэталь, якая ўсё патлумачыць: больш за палову немаленькіх збораў "ІнЖэста" з’ядае пляцоўка. Сваёй залы калектыў, натуральна, не мае, і таму даводзіцца ісці "ў прымакі".

— Натуральна, з намі працуюць толькі таму, што гэта выгадна, іначай і не працавалі б, — кажа Вячаслаў Іназемцаў. — А ў выпадку з Палацам культуры чыгуначнікаў я абсалютна не маю крыўды: да нашых "выбрыкаў" яго кіраўніцтва ставіцца спагадліва, і мы маем магчымасць увасабляць свае задумы ў даволі камфортных умовах. На цэнтральныя пляцоўкі я нават сунуцца баюся: там прымусяць заплаціць за кожную лішнюю хвіліну рэпетыцый.

Натуральна, уласнікам залаў няма вялікай розніцы, каму здаваць сваё памяшканне — арганізатарам канцэрта рускага шансона або эксперыментальнаму тэатру. Умовы ва ўсіх выпадках аднолькавыя, а вось "вагавыя катэгорыі"...

Рэцэпты супрацьяддзя ад гэтай праблемы агучваліся ўжо неаднойчы. У іх ліку — заканадаўча абумоўлены паніжальны каэфіцыент на арэнду памяшканняў для тэатральных праектаў. Здавалася б, ёсць рацыя, але... Тут таксама схавана нябачная міна: калі пляцоўкам будзе нявыгадна працаваць з такімі праектамі, яны проста будуць шукаць прычыны, каб адмовіць. Пагатоў, кожная мінская культустанова такога кшталту — без залежнасці ад формы ўласнасці — сёння ў той ці іншай меры з’яўляецца бізнес-праектам і дбае пра ўласную рэнтабельнасць. Ды і разнастаенне айчыннага тэатральнага рэпертуару не з’яўляецца "профільнай задачай" таго ж Палаца культуры чыгуначнікаў.

Дзе "пасвяцца" спонсары?

— Усё мае свае межы, у тым ліку і цікавасць мінскай публікі, — кажа Вячаслаў Іназемцаў.

І тут ён мае рацыю. Той жа "ДК Данс", які з’явіўся на свет ажно дванаццаць гадоў таму, мне даводзілася глядзець разоў шэсць-сем. Натуральна, за такі працяглы час яго паспелі ўбачыць, не раўнуючы, усе ахвотныя мінчане — іх лік ужо даўно вымяраецца тысячамі.

/i/content/pi/cult/427/8796/5-2.jpeg

А вось што да жыхароў іншых беларускіх гарадоў... Яны такой магчымасці не мелі ніводнага разу. Спектакль нямала паездзіў па свеце — прыкладам, акурат на гэтым тыдні тэатр паказаў яго ў нямецкім Рэгенсбургу. Але ж на афішах Гомеля, Гродна, Віцебска назва "ІнЖэст" не фігуруе. Здавалася б, везці фуру дэкарацый і манціраваць іх тры дні ў дадзеным выпадку не патрэбна, а тэхнічны райдар "ДК Данса" пацягне любая "прасунутая" пляцоўка.

— Запрашэнні выступіць у тым або іншым беларускім горадзе да нас час ад часу паступаюць, але ж умовы, якія нам прапануюць, на жаль, не могуць нас задаволіць, — кажа Вячаслаў Іназемцаў. — Арганізатары не хочуць браць на сябе рызыку, саступаючы гэтае права нам. У замежжы мы маем гарантаваныя ўмовы ды ганарар, а на Беларусі нам прапануюць хіба эфемерныя працэнты ад збораў…

Зазначым, што на такіх умовах не працуюць нават беларускія поп-выканаўцы — не кажучы ўжо пра замежных гастралёраў. І хаця ў рэгіёнах рэй у канцэртнай справе вядуць менавіта дзяржаўныя арганізацыі, папракаць мы іх ні ў якім разе не будзем, бо матывацыі — зразумелыя: рэнтабельнасць, платныя паслугі... Хіба можа пластычны тэатр канкурыраваць з тым жа шансонам?

І справа нават не ў браку нармальных "культуртрэгерскіх" памкненняў: ведаючы некаторых "гаспадароў" такіх пляцовак асабіста, я б ніколі іх у гэтым не папракнуў. Справа ў іншым: няма каму прасоўваць дадзены спецыфічны прадукт на гастрольным рынку. Бо гэта — задача кваліфікаванага прадзюсара, а не творцы.

Закранём і іншае пытанне — спонсарства. Не сакрэт, што за мяжой (скажам, у суседняй Расіі) многія некамерцыйныя тэатральныя праекты сілкуюцца менавіта з гэтай крыніцы. Ды і ў нас таксама не ўсё гэтак блага. Акурат днямі меў інтэрв’ю са старшынёй Праўлення "Белгазпрамбанка" Віктарам Бабарыкам (яно з’явіцца ў адным з наступных нумароў "К", і магу гарантаваць, што меркаванні гэтага шчырага заўзятара забяспечаць чытачоў пажыткам для роздуму!). Суініцыятар папраўдзе фенаменальнага "ТэАРТа" наракаў на тое, што фестываль не спарадзіў на Беларусі належнай "творчай інерцыі": яркіх і самабытных праектаў упоравень з тым жа Оскарасам Каршуновасам. Бо еўрапейскі "фестывальны" тэатр — гэта, вядома, не касавыя камедыі...

"ІнЖэст" ужо "парваў" не адзін еўрапейскі фестываль — толькі Гран-пры на прэстыжным міжнародным форуме "Сонседзі" ў Любліне чаго варты! Сёлета тэатр, які "афіцыйна" лічыцца народным калектывам пры ДК НВА "Інтэграл", запрошаны ў праграму "ТэАРТа" — разам з самымі "вяршкамі" еўрапейскага тэатральнага працэсу.

Значыць, яшчэ 150 чалавек здолеюць убачыць "Рамонт", і тым шчасліўцам білеты абыдуцца танней, чым першай "партыі", што асабліва важна для зацікаўленых студэнтаў. Але калі казаць пра мэтанакіраваную спонсарскую падтрымку пачынанняў "ІнЖэста"...

— Шукаць спонсараў я за сваё жыццё так і не навучыўся, — прызнаўся Вячаслаў Іназемцаў. — Мабыць, мы з імі проста на розных "сенажацях" "пасвімся".

Дык а хто ж будзе пасярэднікам паміж двума палюсамі?

Пераадолець сілу турбулентнасці

У сваім нядаўнім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду краіны і Мінгарвыканкаму стварыць у Мінску Цэнтр актуальнага мастацтва, які ўвасобіў бы лепшыя сусветныя напрацоўкі ў дадзенай галіне. Варта адзначыць, што падобная цікавая ідэя была агучана Кіраўніком дзяржавы ўжо не ўпершыню. У свой час мы грунтоўна абмяркоўвалі яе на старонках "К". І тады эксперты аднагалосна сышліся на думцы, што ў такім Цэнтры павінна быць спецыяльная прастора і для тэатральных экперыментаў.

— Глядач любіць "прыкормленае месца", — з веданнем справы кажа Вячаслаў Іназемцаў. — І калі з’явіцца тая пляцоўка, дзе заўсёды можна ўбачыць нешта цікавае...

Менавіта стварэнне такога Цэнтра бачыцца яму як "панацэя" ад прымаўкі "Жизнь артиста непроста и неказиста". А калі канкрэтней? Тут, як аказваецца, таксама не трэба вынаходзіць веласіпед.

— Мы нярэдка выступаем у Германіі ды Аўстрыі, і ледзь не ў кожным горадзе (нават у маленькіх) бачым адну і тую ж карціну: нейкая старая фабрыка пераўтворана ў Цэнтр сучаснага мастацтва, — распавядае Вячаслаў Іназемцаў. — Нават назвы старыя застаюцца, захоўваючы памяць пра гэты помнік прамысловай архітэктуры. А для сучаснага тэатра гэта ідэальная пляцоўка: зала-трансформер. Падыходзіш да "светлавіка" і кажаш: а сёння сцэна ў мяне будзе вось тут. Бо ў нас жа залы ўсе стандартныя, і каб нешта там зрабіць...

Будучы ў чэшскім Брне, убачыў на старасвецкім будынку тэатра... ажно пяць ці шэсць шыльдаў з рознымі назвамі. У адказ на мае здзіўленыя роспыты "тубыльцы" патлумачылі, што гэты будынак адначасова скарыстоўвае шэраг невялічкіх незалежных калектываў. Часам іх склад змяняецца — балазе ў выпадку з "пагарэлым" тэатрам можна проста скарыстацца шрубакрутам. Ды і вызваленае на сцяне месца пуставаць будзе нядоўга... Фінансы на ўтрыманне будынка, як і заведзена ў гэтай краіне, бяруцца з самых розных крыніц: як з бюджэту мэрыі, так і ад працы кавярні. Амаль усе столікі былі заняты: месца ж — "раскручанае"...

І калі нешта падобнае з’явіцца і ў нас, дык не будзе пуставаць ніводнага дня ў месяц! Пра гэта сведчаць шматлікія тэатральныя праекты, якія сёння падуладныя той самай сіле турбулентнасці, што і "ІнЖэст": ужо знакамітыя "D.O.Z.SK.I", "Карняг-тэатр", "Eye"... За творчы вынік адказваць не бяруся: ён увогуле непрадказальны, гэта пытанне густу. Але, у кожным разе... Афіша сталіцы ўзбагаціцца на дзясятак-другі імпрэз у месяц. Хіба гэта не важна?

Натуральна, без падтрымкі дзяржавы паўстанне такога Цэнтра немагчымае. А вось што да яго далейшага існавання... Тут, як падаецца, можна зноў згадаць афарызм пра рыбу і вуду. Але адна справа — гэта "гаспадарчы разлік", а зусім іншая — камерцыйны "прайс". Бо на "ІнЖэсце" сёння зарабляюць усе — апрача самога "ІнЖэста". І самае галоўнае: глядач пакуль што яўна ў пройгрышы.

P.S. Напэўна, тыя праблемы, што па нашай просьбе агучыў Вячаслаў Іназемцаў, уласцівыя не толькі яго калектыву, але і іншым тэатральных праектам, якія існуюць незалежна ад дзяржбюджэту ды пакуль не зусім ўпісваюцца ў дзеючую фінансава-арганізацыйную парадыгму тэатральнага працэсу. І паколькі нават апошні скептык з ліку экспертаў ахвотна прызнае, што без іх нашае культурнае жыццё істотна збяднее, з’явілася ідэя правесці адмысловы "круглы стол", прысвечаны дадзенай праблематыцы.

 

Працяг тэмы

Эксперымент пад дзяржаўным дахам

Калектывы, якія працуюць на ніве эксперыментальнага пластычнага тэатра, выпрацоўваюць розныя спосабы існавання, але ўсе яны так ці іначай "завязаны" на дзяржаўную падтрымку.

Не так даўно тэатр сучаснай харэаграфіі "D.O.Z.SK.I" увайшоў у структуру Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра  — услед за іншым самабытным танцавальным калектывам "ТАД", які працуе "пад дахам" Гродзенскай абласной філармоніі. Паколькі БДМТ сёння і сам з’яўляецца ледзь не вандроўнай трупай, нейкія канкрэтныя вынікі "зліцця" пакуль не надта каб заўважныя старонняму воку, але… усе рамонты маюць схільнасць некалі заканчвацца, і тады можна меркаваць, што праблема з пляцоўкай для спектакляў "D.OZ.SK.I." будзе кардынальна вырашана.

А эксперыментальны тэатр "Eye" вось ужо які год мае статус аматарскага калектыву пры Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

— Пры цяперашніх варунках такі варыянт — гэта не добра і не дрэнна, а — "як ёсць", — распавёў яго кіраўнік Дзмітрый Масцяніца. — Бо хіба маглі б мы сваім коштам утрымліваць памяшканні для рэпетыцый?..

Паводле яго слоў, ніякіх непаразуменняў з кіраўніцтвам Цэнтра не ўзнікае: творчы працэс яно пакідае на водкуп самім творцам, патрабуючы ў якасці "адпрацоўкі" хіба ўдзел у тых або іншых мерапрыемствах, што, зрэшты, саміх акцёраў не "напружвае".