Вас чакаюць у “Смачнай кнізе”!

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Сеціва стала сёння для ўсіх такой жа часткай жыцця, як мікрахвалёвая печ або шарыкавая ручка. Бярозаўскія бібліятэкары актыўна асвойваюць прасторы Інтэрнэту з карысцю для штодзённай працы. Многія ствараюць свае старонкі ў сацыяльных сетках. Дзякуючы зносінам з калегамі ў віртуальным рэжыме мы маем магчымасць аператыўна даведвацца пра навацыі, якія ўкараняюць іншыя бібліятэкі. А гэта, безумоўна, дае штуршок для ўласнага развіцця. Так, жыхароў Бярозы і Белаазёрска летам трэці год запар чакаюць:

Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

/i/content/pi/cult/426/8792/2-2.jpeg

1. “Тысяча чытацкіх задавальненняў”

Ідэя назвы нарадзілася з маркетынгавай пазіцыі гандлю. Крамы прапануюць гараджанам тысячы паслуг. Чаму ж бібліятэкам, у дадатак да іншых забаў выхаднога дня, не прапанаваць сустрэчу з добрай кнігай на адкрытай прасторы каля экспрэс-выстаўкі, запрасіць дзяцей ды дарослых паўдзельнічаць у разнастайных інтэлектуальных і гульнёвых аўкцыёнах, паспрабаваць свае творчыя здольнасці ў майстар-класах па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якім валодаюць бібліятэкары?

Складнік поспеху такой задумкі — належная рэклама, калі вы цягам двух тыдняў праз аб’явы, афішы, візітоўкі, персанальныя запрашэнні, у рэкламным модулі раёнкі, на мясцовым радыё і тэлеканале распісваеце гараджанам тыя чытацкія задавальненні, што іх чакаюць на свяце.

Пры гэтым супрацоўнічаем са школай мастацтваў, з Цэнтрам пазашкольнай работы, клубнымі работнікамі, народнымі ўмельцамі, камерцыйнымі прадпрыемствамі. Фінансавыя затраты на правядзенне мерапрыемства, калі іх дасканала прадумаць, могуць быць невялікімі, а выгада — відавочная для ўсіх. Мы авалодалі вопытам правядзення мерапрыемстваў з прымяненнем відовішчных элементаў і ў 2012 годзе адважыліся на арганізацыю нетрадыцыйнага свята

2. “Ноч у бібліятэцы”,

праграма якога прапанавала шэраг захапляльных мерапрыемстваў: юрыдычны, літаратурна-музычны, капялюшны, магічны салоны, інтэлектуальнае казіно “Las-Кнігas”, майстар-клас бібліятэкараў па розных відах народнай творчасці. Кульмінацыяй свята стала наведанне бібліярэстарана “Смачная кніга” па старонках твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Караткевіча, Лукаша Калюгі з дэгустацыяй страў нацыянальнай кухні.

3. Бібліятэчны дворык "Кніга пад сонцам" у аграгарадку “Малецкі”

Праз Інтэрнэт актыўна шукаюць новыя формы бібліятэчнай культурна-адукацыйнай дзейнасці работнікі дзевяці камп’ютарызаваных бібліятэк аграгарадкоў. Так, бібліятэчны дворык “Кніга пад сонцам”, арганізаваны малецкімі бібліятэкарамі, за дзень наведала 60 дзяцей і дарослых. Каля стала экспрэс-запісу ў чытальную залу пад адкрытым небам выстраілася чарга з 12 новых чытачоў. Юным кнігалюбам прапаноўваліся гучныя чытанні, віктарыны, конкурсы, бліц-апытанне. Дзеці цягам дня “вырасцілі” цуд-дрэва любімых кніг, упрыгожылі яго рознакаляровымі стужкамі сваіх чытацкіх захапленняў.

4. Флэшмоб “Час чытаць!”

Бібліятэчныя работнікі нашай ЦБС адкрываюць і рэалізоўваюць новыя формы PR-дзейнасці. Цягам рэкламнага Тыдня бібліятэк у верасні работнікі ЦРБ праводзяць флэшмоб “Час чытаць!”: на вуліцах горада яны раздаюць прахожым флаеры-закладкі з міні-анатацыямі сучасных мастацкіх выданняў, буклеты з адрасамі і тэлефонамі бібліятэк, інфармацыяй пра іх дзейнасць і паслугі.

Бярозаўская гарадская дзіцячая бібліятэка з чытачамі стварыла інтэрактыўную паштоўку “Скажы “Дзякуй!” сваёй бібліятэцы”. 19 актыўных юных кнігалюбаў віншавалі гараджан паветранымі шарыкамі з “сакрэтам” — назвай кніжнай навінкі сучаснага аўтара.

Белаазёрская дзіцячая бібліятэка выйшла ў людзі з прэзентацыяй праграмы летніх чытанняў “Сонца на кніжнай старонцы”, дзе працавалі віртуальныя тэматычныя станцыі: інтэлектуальная, тэатральная, творча-крэатыўная, гульнёвая.

5. Электронныя краязнаўчыя рэсурсы

Інфармацыйна-краязнаўчы банк ЦБС напоўнены сумеснымі творчымі намаганнямі, разнастайнымі ўласнымі інтэлект-прадуктамі ў фармаце CD-ROM. Гэта мультымедыя-экскурсіі “Край, адкуль я родам”, “Сем цудаў Бярозаўскай зямлі”, “Бярозаўшчына праваслаўная”; электронныя энцыклапедыі “Вайцяшынскі грамадскі музей этнаграфіі і сялянскага побыту — брэнд культуры Бярозаўскага раёна”, “Вёска Сялец: падзеі, людзі, справы”; гукавы слайд-круіз “Жыць здорава ў чытаючым Спорава!”; мультымедыя-праект “Народнае адзенне вёскі Пескі Бярозаўскага раёна”, літаратурныя віртуальныя вандроўкі па творчасці знакамітых паэтаў Беларусі, нашых землякоў, Алеся Разанава, Ніны Мацяш, Раісы Баравіковай.

Значны масіў краязнаўчых дакументаў інфармацыйнага цэнтра ЦРБ нядаўна папоўніўся калекцыяй алічбаваных кніг і карт на розных мовах па гісторыі Бярозы — дарам ад земляка, краязнаўцы-аматара і блогера Сяргея Кнырэвіча.