Якія менеджары патрэбны культуры?

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Прафесія з прыстаўкай “арт-”

Ён мусіць быць носьбітам і збіральнікам энергіі, “чалавекам-аркестрам”, спецыялістам з добрым густам ды грунтоўнай культурнай адукацыяй, адзінкай, суразмернай цэлай карпарацыі… Гаворка — пра самую, бадай, запатрабаваную на сёння спецыяльнасць у галіне культуры — арт-менеджара. Яна ўключае ў сябе ці не столькі ж патрабаванняў, як і да дырэктара пэўнага прадпрыемства. Разабрацца ў тым, што значыць быць менеджарам у культуры, ці лёгкі хлеб у тых адзінкавых спецыялістаў, паспрабавалі міжнародныя эксперты ды культурныя аператары на прэзентацыі Цэнтра культурнага менеджменту ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пад час спецыяльнага “круглага стала”.

Карэспандэнт “К”, пабываўшы на абмеркаванні, занатаваў галоўныя тэзісы выступленняў яго ўдзельнікаў.

У чаканні ўрагану

Здавалася б, пэўнымі ўяўленнямі пра гэтую спецыяльнасць валодаюць, лічы, усе. Аднак сустрэча выявіла тыя асаблівасці “рамяства”, якія хоць і маюцца на ўвазе, ды не ўсе пра іх памятаюць.

Так, расійскі прадзюсар, член Гільдыі неігравога кіно і тэлебачання Арнольд Гіскін у сваім відэазвароце пад час сустрэчы падкрэсліў такую якасць арт-менеджараў, як уменне несці станоўчыя эмоцыі і “запальваць” сваім імпэтам гледачоў. “Калі ты сам не верыш у мастака, “заразіць” іншых яго творчасцю складана, — звярнуў ён увагу на праблему нястачы шчырага захаплення талентам у спецыялістаў і ўвагі да камерцыйнага боку. — Арт-менеджар жа мусіць даць мастаку адчуванне шляху”.

Рэктар Маскоўскай вышэйшай школы сацыяльных і эканамічных навук, эксперт міжнародных культурна-адукацыйных праграм пры Савеце Еўропы Сяргей Зуеў зрабіў акцэнт на высокай кваліфікацыі арт-менеджараў. “Гэта чалавек нечаканых здольнасцей і ўменняў, што валодае самымі рознымі тэхнікамі праектнай працы. Улічваючы сацыяльна-культурны кантэкст, гэта тая праца, якую можна смела назваць культурнай палітыкай”, — выказаўся расійскі эксперт.

/i/content/pi/cult/426/8791/2-1.jpeg

Надзея Ількевіч, спецыяліст па маркетынгу сектара маркетынгу выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, куратар новаўтворанага мінскага Цэнтра культурнага менеджменту, лічы, падвяла рысу пад сказаным, назваўшы сучаснага спецыяліста ў гэтай сферы ўраганам, што аб’ядноўвае вакол сябе ды, у той жа час, дзеліцца імпэтам. Ды, вядома, арт-менеджару на сваім шляху даводзіцца быць у нечым першаадкрывальнікам.

Паспяховыя праекты? Ёсць!

У доказ апошняга тэзісу прысутныя на “круглым стале” культурныя аператары падзяліліся вопытам прасоўвання ўласных праектаў.

Аляксей Стрэльнікаў, менеджар тэатральных праектаў, таксама вядомы сваімі адметнымі матэрыяламі пра беларускі тэатр, вылучыў “асобным радком” дзейнасць Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў. Яго праекты “Ладдзя роспачы”, “Амазонія”, на погляд Аляксея, — акурат удалыя прыклады арт-менеджарскай працы, што спалучаюць мастацкую якасць і бізнес-падыход.

Уласным досведам падзялілася і начальнік аддзела культуры адміністрацыі Ленінскага раёна горада Мінска Аксана Нікіціна, куратар аднаго з самых нашумелых сталічных праектаў мінулага года — “пешаходнай вуліцы”. “Пасля першага сезона было вельмі шмат крытыкі, — распавяла яна, — аднак мы пераканаліся, што гэта той праект, які патрэбны, ад якога людзі атрымліваюць задавальненне”. “Вуліца вольнай творчасці”, як яе яшчэ называюць, дазволіла многім артыстам паказаць сябе. “І сёння, — дадае Аксана Нікіціна, — у аддзел працягваюць паступаць заяўкі — нават зашмат для такой невялічкай пляцоўкі”. Дарэчы, 9 мая “пешаходная вуліца” распачынае новы сезон фестывалем вулічных тэатраў, а ў ім прымуць удзел калектывы як з Беларусі, так і з Расіі, Украіны ды Польшчы. Прадоўжыцца сезон да верасня.

“Трэба грукацца ў дзверы і расказваць пра сябе”

Аднак, натуральна, удзельнікі “круглага стала” выказаліся і наконт тых праблем, з якімі даводзіцца сутыкацца арт-менеджарам у беларускіх рэаліях. Менеджар культурных праектаў Алесь Плотка вылучыў такую “болевую кропку” ва ўзаемастасунках паміж публікай і мастаком, як пасіўная пазіцыя апошніх у прасоўванні ўласнай творчасці. “Важна ўмець падаць сябе, — падкрэсліў ён. — У сённяшняй канкурэнтнай прасторы неабходна змагацца за сваё месца. І гэта датычыцца, у тым ліку, усёй культурнай сферы, якая часам застаецца на перыферыі ўвагі. Трэба грукацца і расказваць пра сябе”, — так прагучала меркаванне.

Аляксей Стрэльнікаў засяродзіў увагу на такой праблеме, як банальная неразвітасць інфраструктуры вялікіх і малых гарадоў. “Менеджары абмежаваны ў пляцоўках, — абмаляваў сітуацыю кандыдат мастацтвазнаўства. — Няма дзе паказваць тыя ж спектаклі, сумесныя пастаноўкі. Так, беларускія тэатры не скардзяцца на адсутнасць увагі гледача, але не памылюся, калі скажу, што вялікая частка публікі ўсё ж не ахоплена”.

Дырэктар Мінскай кінашколы-студыі Андрэй Палупанаў адзначыў: “Мы можам бачыць, што глядач больш ахвотна плаціць грошы за кінаатракцыён, чым за білет на аўтарскае кіно. Тыя ж фільмы — удзельнікі Канскага кінафестывалю мала каму цікавыя. Таму тут мне бачыцца выйсце ў стварэнні адукацыйных цэнтраў, якія дапамагалі б людзям атрымаць дадатковыя веды, выхоўвалі густ…”.

Падтрымаў калегу ў гэтым пытанні той жа Аляксей Стрэльнікаў, зазначыўшы, што аднароднасць культурнага, у прыватнасці, тэатральнага прадукту, дазваляе многім акцёрам, рэжысёрам “спачываць на лаўрах”. “З’яўляецца самазаспакоенасць: на іх заўсёды прыдуць, яны заўсёды цікавыя, — і так зніжаецца патрабавальнасць да сябе, — выказаўся ён. — Гэтая сітуацыя змянілася б, калі быў бы створаны здаровы канкурэнтны асяродак паміж, скажам, прыватнымі і дзяржаўнымі тэатрамі”.

На думку Надзеі Ількевіч, развіццё беларускай культурнай прасторы запавольвае і адсутнасць пэўных прывілей для спонсараў і мецэнатаў, што стварае дадатковыя перашкоды ў дзейнасці арт-менеджараў, ва ўзнікненні яркіх праектаў.

Аксана Нікіціна, са свайго боку, выказала меркаванне, што поспех кожнай справы, у першую чаргу, залежыць ад людзей, якія ў ёй задзейнічаны. “Чалавечы фактар — самае галоўнае, — адзначыла яна. — І кожная кампанія — гэта аркестр: мы самі для сябе ўвесь час адкрываем, што мы можам, на што здольныя”. Яна прызналася, што ідэя стварэння “пешаходнай вуліцы” ёй не належыла, але Аксана прыняла яе, бо ўбачыла прыцягальнасць ды перспектыўнасць ініцыятывы. “Я раю ўсім, хто пакуль не можа знайсці падтрымку, шукаць далей: заўсёды ёсць той, хто здолее пачуць”, — аптымістычна прагучала яе пазіцыя.

З тымі праблемамі беларускага культурнага поля, якія вылучылі культурныя аператары, нельга не пагадзіцца: ад недасканаласці пэўных пазіцый заканадаўчай базы да інэртнасці ды ўяўнай задаволенасці публікі. Працаваць з імі і будуць вымушаны будучыя арт-менеджары. “Універсальнай “адмычкі” рашэння праблем няма і быць не можа”, — напрыканцы сустрэчы зачытала словы прафесара Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва Генадзя Дадамяна мадэратар “круглага стала” Маргарыта Корзун. Ёсць метадалогія вырашэння складаных, канфліктных сацыяльных праблем, канстатаваў эксперт. Яе і трэба будзе, пазбавіўшыся ад ілюзій, засвоіць будучым спецыялістам.

Ці здолее Цэнтр культурнага менеджменту “зрушыць з месца” названыя праблемы беларускай культуры? Ці актуалізуюцца яны па-за Мінскам? Па сутнасці, прыстаўка "арт-" не азначае дакладнай прывязкі да мастацтва і да сталіцы. Пытанні тыя ўсё ж застаюцца адкрытымі. Аднак тое, што сёння з’явілася месца, дзе спецыяліст можа атрымаць азы запатрабаванай дадатковай прафесіі, у пэўнай ступені дае спадзеў на ажыўленне айчыннай культурнай прасторы, якая даўно мае патрэбу ў “свежым” поглядзе на справу і нестандартных рашэннях ва ўсіх кутках рэспублікі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"