Хто працягне эстафету?

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Барысаўшчына: студыя і студыйцы

65 гадоў таму ў Барысаве па ініцыятыве мастакоў С.Мірзаяна і А.Каюкава была створана Студыя выяўленчага мастацтва пры Доме культуры. І вось зараз значную дату адзначае ўжо Народная студыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Палаца культуры імя М.Горкага.

Уражвае ўнікальны вопыт шматгадовай творчай супольнасці аўтараў-пачаткоўцаў і сталых майстроў, самадзейных і прафесійных мастакоў — прадстаўнікоў усіх відаў і жанраў выяўленчай культуры. Уласна кажучы, гэтым і пацвярджаецца статус народнай студыі: сюды можа прыйсці любы чалавек, незалежна ад узросту і ступені мастацкай падрыхтоўкі. “Ад шасці да шасцідзесяці!” — жартуюць студыйцы.

Барысаў падзяляе лёс многіх маленькіх беларускіх гарадоў: “жывіць сталіцу талентамі”, бо студыя стала своеасаблівым “трамплінам” для майстроў, чые імёны сёння вядомыя ў краіне. Гэта і Анатоль Анікейчык, і Валерый Шкаруба, і Мікалай Ісаёнак, і Віктар Бялоў, і народны майстар Міхаіл Ржавуцкі.

/i/content/pi/cult/426/8790/1-5.jpeg

Гісторыя студыі — гэта эстафета імёнаў яе лідараў, мастакоў-педагогаў, якія пакінулі значны след у культурнай гісторыі горада: Сурэн Мірзаян, Віктар Зефіраў, Наталля Ганчарова, Людміла Макеева. У Мірзаяна, да прыкладу, вучыліся А.Анікейчык і В.Шкаруба.

Акрамя таго, хачу адзначыць і падзвіжніцкую працу такіх самабытных асоб, як Пётр Казявін, Таццяна Каландырэц, Сяргей Ткачоў, Іван Барадзей, Генадзь Ганчарэнка, Валерый Алейнік, Ірына Русакова-Гінц, якія садзейнічалі станаўленню многіх барысаўскіх мастакоў.

Канешне, хацелася б, каб гэтая мастацкая эстафета, пачатак якой быў пакладзены старымі майстрамі, — не перапынялася. На жаль, вялікую занепакоенасць выклікае сучасная “мастацкая дэмаграфія”. Ніша “да 40” у Барысаве практычна пустуе, ды і ў “нішы да 50” лік ідзе на адзінкі. Прычын таму шмат, але і яны патрабуюць асобнага аналізу. Хто працягне эстафету? Эстафету імёнаў, талентаў і традыцый: работы на пленэрах, выязных семінарах, абмену вопытам?

Па словах кіраўніка студыі Людмілы Канашэўскай, студыя арыентавана ў сённяшні час на людзей, якія не здолелі здзейсніць свае творчыя мары ў юнацтве, але без мастацтва цяпер не могуць. А таксама — на дзяцей, што жадаюць займацца творчасцю прафесійна і мараць паступіць у мастацкія ўстановы. Вось на іх — уся надзея. Можа, атрымаўшы мастацкую адукацыю, яны вярнуцца ў родны горад? Хацелася б верыць, бо студыя працягвае жыць…

Таццяна БРАЦЯНКОВА, мастацтвазнаўца, член Беларускага саюза мастакоў Барысаў

На здымку: на выстаўцы работ студыйцаў розных гадоў.

Фота Алесі ЧУМАКОВАЙ