Дрэва плюс камень

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Майстар: пераасэнсаванне рамяства

Майстры нашага краю займаюцца мастацкай апрацоўкай дрэва, вырабляюць арыгінальныя рэчы, у якіх спалучаюць традыцыю і фантазію, дэкаратыўны і функцыянальны пачаткі. Адзін з такіх умельцаў — магілёўскі разьбяр-самавук Міхаіл Іваноў.

Ён робіць шкатулкі, куфэркі, пано, біжутэрыю, кашпо, падстаўкі для кветак, велікодныя яйкі на падстаўках, перкусійныя музычныя інструменты “дажджавыя палкі”, падсвечнікі, іншыя вытанчаныя рэчы. Міхаіл Мікалаевіч сам растлумачыў іх асаблівасці. Вось, напрыклад, невялікая шкатулка з “сакрэтам”. Як ні спрабуеш, адамкнуць не ўдаецца. Але майстар лёгкім дотыкам ссоўвае нейкую панэльку — і канструкцыя адкрываецца… А вось невялікія пано ў драўляных рамачках. Як высветлілася, пры іх стварэнні ў ход пайшлі кавалкі старых шпалераў, а ў якасці рамак паслужылі галінкі, якія выглядаюць амаль неапрацаванымі — і гэта сапраўды стыльна ды арыгінальна.

/i/content/pi/cult/426/8789/1-3.jpeg

Прыцягвае ўвагу драўляны сейф з металічнай сярэдзінай, які майстар зрабіў у падарунак малодшаму сыну на дзень народзінаў. А старэйшаму падарыў футарал для музычнага інструмента варгана — рэч у выглядзе чэрапа цмока атрымалася выкшталцоная і незвычайная.

— Апошнім часам, — распавядае разьбяр, — я захапіўся вырабам куфэркаў, скрынак. Раней выразаў жаночыя ўпрыгожанні — кулоны, завушніцы, — але зараз ужо зрок не той для падобных драбніц. Аб продажы сваіх работ неяк не думаў… Мне проста падабаецца сам працэс стварэння прыгожых рэчаў з дрэва: ён супакойвае, прымушае “адключыцца” ад штодзённых клопатаў. У вольны час люблю хадзіць па лесе, збіраць розныя карчы. Здараецца, зірнеш на кавалак дрэва — і бачыш будучы твор. Але так бывае рэдка. Звычайна даводзіцца самому выдумляць нешта, а некаторыя ідэі бяру са спецыяльнай літаратуры: пераасэнсоўваю і ўвасабляю па-свойму.

Міхаіл Мікалаевіч ахвотна дэманструе фатаграфіі са свайго лецішча. Вялікую частку інтэр’ера ён аздобіў уласнаручна: зрабіў разныя драўляныя перагародкі, люстру, два ложкі, стол, раму для люстэрка. Майстар лічыць, што такі стыль больш пасуе інтэр’еру лецішча, а вось у гарадской кватэры разьбяр трымае не шмат сваіх вырабаў.

Тут жа, на лецішчы, Іваноў найчасцей і працуе над сваімі вырабамі, а ў зімовы час займаецца любімай справай дома, на кухні. Апрача дрэва ўжывае і іншыя матэрыялы — напрыклад, метал. У планах — паспрабаваць спалучыць дрэва з каменем…

/i/content/pi/cult/426/8789/1-4.gif

Гэта першая выстаўка, і яна магла б быць персанальнай. А насамрэч аказалася сямейнай, бо тут экспануюцца вырабы з металу старэйшага сына майстра Сяргея: апраўленыя ў метал бакал і рог, попельніца, аромалямпа. Часам ён дапамагае бацьку ў вырабе металічных элементаў для ягоных твораў.

Разьбяр крыху расчараваны тым, што яго ўлюбёны матэрыял пакуль не зацікавіў ягоных сыноў, але спадзяецца перадаць майстэрства будучым унукам. І гэтае імкненне можна зразумець, бо ў нейкім сэнсе Міхаіл Іваноў сам працягвае сямейную традыцыю: дзядуля ўмельца вырабляў птушыныя клеткі, разную мэблю, а бацька выразаў з дрэва лыжкі, мэблю. Для маленькага Міхася тата зрабіў ложак, а калі сын пайшоў у школу — падарыў яму самаробны пісьмовы стол...

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы На здымках: адзін з вырабаў майстра; Міхаіл Іваноў.