І таржкі, і гарачае вуголле...

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Магілёўшчына: іміджавая стратэгія

16 — 18 мая ў Магілёве пройдзе II Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”. Падзея для краіны — унікальная. Як, зрэшты, і той выпадак, калі на ўзроўні абласнога ўпраўлення культуры ды абласнога метадычнага цэнтра сістэмна ўзнімаецца агульнадзяржаўная праблема захавання-развіцця беларускай традыцыйнай культуры і ўмацавання міжнароднай іміджавай стратэгіі. Мэта форуму — аб’яднанне навуковых і практычных сіл з розных краін для вырашэння праблем захавання традыцыйнай культуры на міжнародным узроўні. Пра адметнасці сёлетняга мерапрыемства “К” распавядае дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег ХМЯЛЬКОЎ.

/i/content/pi/cult/426/8788/1-1.jpeg

— Ніякіх цяжкасцей у арганізацыі не адчувалі. Кіраўніцтва Міністэрства культуры, Магілёўскай вобласці цудоўна разумее важнасць мерапрыемства. З фінансаваннем апошняга дапамаглі і вытворчыя структуры Магілёва — нашы сацыяльныя партнёры. На сёння пацверджаны ўдзел прадстаўнікоў трынаццаці краін. Толькі замежнікаў будзе каля сарака: спецыялісты ў сферы традыцыйнай культуры, фалькларысты, кіраўнікі творчых праектаў па захаванні народнага мастацтва, фальклорных гуртоў, устаноў культуры і дзяржаўных органаў кіравання з Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Азербайджана, Арменіі, Малдовы, Славацкай Рэспублікі, Нідэрландаў... Ды плюс — прадстаўнікі аддзелаў культуры Магілёўшчыны...

— Камандзіроўкі па іншых абласцях рэспублікі пераконваюць, што не паўсюль работнікі культуры ведаюць пра магілёўскі форум і яго вынікі...

— А гэта ўжо бяда, напэўна, абласных служб, якія не даводзяць да падначаленых належную інфармацыю. Летась мы запрашалі на форум прадстаўнікоў абласных метадычных цэнтраў. Сёлета яны таксама прымуць удзел у нашым мерапрыемстве.

— Чым сёлетні форум будзе адрознівацца ад леташняга?

— Тэму мы захавалі. Але сёлета форум праходзіць у рамках акцыі “Магілёў — Культурная сталіца Беларусі і СНД”. І ўпор у бягучым годзе мы робім на тое, каб наш форум паспрыяў умацаванню іміджа Радзімы ў свеце. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя будзе абмяркоўваць не толькі праблемы захавання ды развіцця традыцыйнай культуры, але і стратэгію нашага, так бы мовіць, іміджаўтварэння.

/i/content/pi/cult/426/8788/1-2.jpeg

У нас падпісана пагадненне па культурна-навуковым супрацоўніцтве з Рэспубліканскім цэнтрам народнай творчасці Азербайджана. Сёлета аналагічнае пагадненне мяркуецца падпісаць з Рэспубліканскім цэнтрам народнай культуры Літвы... І тут эфект не толькі тэарэтычны, але і практычны. Пасля цесных стасункаў у рамках форуму нам лягчэй знаходзіць агульную мову і пад час будзённага ўзаемадзеяння. Абменьваемся не толькі вопытам (усё абагульняецца ды прапагандуецца ў нашых метадвыданнях), але і набыткамі культур. Да форуму плануем выдаць каляндар на 2014 — 2015 гады з адлюстраваннем традыцыйных строяў кожнага раёна Магілёўшчыны. Хіба ж гэта не імідж нашай краіны? Па-другое, Інстытут культуры Беларусі выдаў кнігу “Мікольская свечка” па сямейна-родавых абрадах Шклоўшчыны. Інакш кажучы, збіраемся не для таго, каб толькі пагаварыць.

— Якія праблемы бачацца у захаванні і развіцці традыцыйнай культуры?

— Мы не навучыліся пакуль годна прэзентаваць сваю спадчыну на міжнародным ўзроўні... Для гэтага і збіраем форум. Урэшце, трэба вучыцца і краіну сваю любіць, і дзяліцца гэтай любоўю з замежнымі сябрамі... Пасля першага форуму яго ўдзельнікі падпісалі рэзалюцыю: яна была накіравана ў міністэрствы культуры пяці краін (такое прадстаўніцтва было ў нас летась) і заклікала падтрымаць форум, які, бадай, адзіны на постсавецкай прасторы ўзнімае праблематыку захавання традыцыйных промыслаў, абрадаў.

— Падрыхтоўка да форуму пацвярджае: падтрымку Магілёў атрымлівае... І апошняе: у якія раёны плануюцца выезды?

— Збіраемся паказаць вёску Александрыю, Культурна-дасугавы комплекс “Лысая гара” на Шклоўшчыне, а таксама — “Дрыбінскія таржкі”... Будуць прадстаўлены і элементы абраду Купалля, удзельнікі якога змогуць прайсціся па гарачым вуголлі купальскага вогнішча і ачысціцца ад уплыву злых духаў…

На здымках: моманты мінулага форуму.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"