Губляецеся ў інтэрнэт-моры? Выратавальны круг — у вашых руках!

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Тэхналогіі электронных паслуг

Электронная культура: інфармацыйны кантэнт

У рукі выпадкова трапіў новы айчынны часопіс для дзяцей — яркі, ілюстраваны, разнажанравы. Але... І выгляд, і змест яго цалкам адпавядаюць аналагічным выданням з майго дзяцінства. А мінула з тых шчаслівых часін ці не сорак гадоў… Прыблізна такая ж сітуацыя — і з рэгіянальнай культурай, калі мы далучаем да яе прыметнік “электронная”. І карцінка на маніторы яркая, і магчымасці Інтэрнэту — неабмежаваныя, аднак ці манітор знаходзіцца не ў тым месцы, ці карыстальнік камп’ютара не надта разумее (а мо і не хоча гэта рабіць), які ўсемагутны “джын” знаходзіцца ў ягоных руках. Словам, працуе той рэгіянальны работнік культуры, як і сорак гадоў таму, па старых звычаях, чакае дапамогі ад метадыстаў, больш дасведчаных калег і ніяк пры гэтым не развіваецца. І менавіта з гэтай прычыны асобныя найноўшыя рэпертуарныя зборнікі ці не літара ў літару паўтараюць аналагічныя выданні саракагадовай даўніны...

Не хочацца апускацца да ментарскіх інтанацый, але для сучаснага работніка культуры камп’ютар — і метадыст, і калега-дарадца, і крыніца самавыяўлення. Словам, новыя інфармацыйныя тэхналогіі — ключ ад будучыні, якую мы робім ужо сёння. Менавіта пра гэта і ішла гаворка на нядаўнім навукова-практычным семінары “Электронная культура”, што адбыўся ў рамках форуму “TIBO-2013”. Рэдакцыйныя асэнсаванні шэрагу семінарскіх выступленняў мы сёння прапаноўваем нашым чытачам.

/i/content/pi/cult/426/8786/1-1.jpeg

Інтэрнэт-выгоды для абраных?

Якім павінен быць сучасны музей? Інфармацыйна “лаяльным” для патэнцыйнага наведвальніка, у тым ліку замежнага. Шматмоўны музейны сайт — гэта добра, але, па меркаванні намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандра Храмога, — недастаткова. У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”, дзе спікер да нядаўняга часу таксама быў намеснікам кіраўніка, здолелі стварыць даведнік наведвальніка, які “кантактуе” на дванаццаці мовах. У любой кропцы свету аматар музейных цікавостак можа пазнаёміцца з нясвіжскімі аб’ектамі (прызначэнне і месцазнаходжанне), прасачыць па карце маршруты пад’езду, даведацца з дапамогай канвертатара валют аб кошце наведання. Заяўку аб будучым візіце (канкрэтным дні і часе) таксама можна паслаць па Сеціве. Зручна? Несумненна! Будзем спадзявацца, што такі даведнік займее і Нацыянальны гістарычны...

Гэта ж датычыцца і QR-кода. Па словах Аляксандра Храмога, установы культуры Беларусі толькі падступаюцца да яго выкарыстання. Між тым, інфарматыўная ёмістасць кода эканоміць час карыстальніка і дазваляе непасрэдна пераходзіць на патрэбныя раздзелы інтэрнэт-старонак. І самае галоўнае — названыя коды могуць ператварыць у аўдыягід ваш мабільны тэлефон... Зрэшты, пра гэта ніжэй. А вось цікавы факт. У Кітаі, як распавёў намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея, такія коды пачалі змяшчаць на надмагільных помніках — сканаванне кода дазваляе азнаёміцца з біяграфіяй памерлага, а таксама з вялікай колькасцю фатаграфічнага матэрыялу.

Музейны оф-лайн

Шмат вялося гаворак пра тое, што нашы музейныя ўстановы павінны працаваць у інтэрнэт-прасторы, напоўніцу выкарыстоўваючы рэжым рэальнага часу. Але апошні, як вядома, не стаіць на месцы. Сусветныя музеі цяпер схіляюцца да оф-лайнавай дзейнасці. Што гэта значыць? Будучы наведвальнік грунтоўна рыхтуецца да візіту ў канкрэтна абраную ўстанову, папярэдне спампаваўшы ўсю патрэбную для сябе інфармацыю. Ён хоча ведаць, як дабрацца да музея, на якія экспазіцыі ды музейныя прадметы найперш звярнуць увагу, дзе паабедаць і дзе пераначаваць... Мы ж у Беларусі запрашаем замежніка… у нікуды. Прынамсі, у замежных турыстычных даведніках Мінск, Беларусь увогуле не прэзентуюцца, з пункта гледжання ўсеабдымнага музейна-турыстычнага абслугоўвання. Між тым, да Чэмпіянату свету па хакеі засталося ўсяго нічога. Па словах Аляксандра Храмога, замежнік пакуль не можа загадзя даведацца ў Сеціве пра гасцінічныя кошты, а таксама вызначыцца з выбарам рэстаранаў, тэатраў, музеяў... Стварэнне адпаведнай інфармацыйнай камп’ютарнай сістэмы — справа самая неадкладная. Толькі тады турыст ці спартыўны балельшчык праз мабільны тэлефон можа загадзя скласці ўяўленне пра ўвесь комплекс культурных паслуг.

Мікрасайт для прафесіянала

Сістэма мікрасайтаў, якая на Беларусі пакуль не працуе, дапамагае загадзя спампаваць усю, так бы мовіць, сэрвісную інфармацыю ды карыстацца тэлефонам як навігатарам і музейным аўдыягідам. У Нясвіжы ўжо існуе аўдыягід для вандроўкі па горадзе. Гэткая ж сістэма працуе і ў Сафійскім саборы Полацка. Мінск, па словах Аляксандра Храмога, пакуль недаравальна адстае… Зрэшты, пра гэта мы пісалі пару нумароў таму.

Што ж такое аўдыягід? Гэта не толькі пэўная карцінка, але і сціслае апісанне аб’ектаў. Карыстальнік папярэдне выбірае, ля якой, да прыкладу, карціны ён хоча спыніцца. Ідзе рассылка тэкставай інфармацыі, праз YouTube перадаюцца відэаролікі. Ажыццяўляецца і папярэдняя замова білетаў на канкрэтныя месяцы і дні. Браніраванне экскурсійнага абслугоўвання праз Сеціва і ў фармаце он-лайн таксама не стала ў нас яшчэ звыклай завядзёнкай. Ды і сам музейны білет у большасці выпадкаў яшчэ не ўспрымаецца як асобны твор мастацтва ды самастойны адметны сувенір. А адзіны білет са штрых-кодам, як вядома, не толькі эканоміць час карыстальніка, але і дазваляе хутка адсочваць колькасць наведвальнікаў, значна спрашчае падлік выручкі ды падказвае шляхі для аптымізацыі дзейнасці экскурсаводаў, бо дакладна адлюстроўвае гадзіны-пік і дні наведання ўстановы.

Але, бадай, самае галоўнае тое, што загадзя падрыхтаваны наведвальнік ведае, чаго хоча, і пастаянна трымае экскурсавода ў “тонусе”. Інакш кажучы, прафесійнасць экскурсанта ўплывае на спрактыкаванасць экскурсавода.

3D-нюансы

Нашы музейшчыкі іншым разам наракаюць на непадрыхтаванасць наведвальнікаў: тыя, маўляў, не ведаюць, збольшага, чаго хочуць. У сувязі з гэтым з залы прагучала пытанне да намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея: ці не зменшыцца кола экскурсантаў, калі Сеціва загрузіць інфармацыяй пра экспазіцыі, ды яшчэ з 3D-адлюстраваннем музейных прадметаў? На першым часе мо і зменшыцца, адказаў Аляксандр Храмы, але ў канчатковым выніку мы атрымаем “на выхадзе” ўдзячнага ды кваліфікаванага карыстальніка музейных і бібліятэчных паслуг. У тым ліку карыстальніка замежнага, які сёння імкнецца спрычыніцца да гісторыі ўсходніх славян.

/i/content/pi/cult/426/8786/1-2.jpeg

Тым жа часам, прысутныя згадвалі пра тое, што многія замежныя турысты пачуваюць сябе ў Мінску без перакладчыка, як на незаселенай выспе. Адзін з праграмістаў заўважыў: стварэнне 3D-мадэлей з тэкстамі-апісаннямі на “вядучых” мовах свету, у тым ліку і на ўзроўні раённых музеяў, значна пашырыць прастору ўзаемакарысных міжнародных кантактаў. І ў Беларусі ёсць спецыялісты, гатовыя заняцца гэтай справай.

Па меркаванні Аляксандра Храмога, у нашай сталіцы “камп’ютарызацыі” даўно чакае гістарычны гарадскі цэнтр: турыст не мае ўяўлення, што і дзе тут можна ўбачыць, а турыстычны аўтобусны маршрут вычарпальнай інфармацыі, на жаль, не дае…

“Сайтавыя” перспектывы

“Гіперактыўнае развіццё інфармацыйных тэхналогій усё шырэй ахоплівае музейную прастору”, — гэтая цытата з выступлення загадчыка сектара мультымедыйных тэхналогій Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Паліны Яніцкай падштурхнула да адпаведных разваг. Цудоўна, што вядучыя ўстановы культуры, у тым ліку знакавыя беларускія музеі Міра і Нясвіжа, робяць цяпер асноўную стаўку на самыя перадавыя прыёмы — так бы мовіць, самапіяр ды выхад на актыўныя міжнародныя стасункі. У нас ёсць цудоўная магчымасць назіраць і адсочваць станаўленне лічбавага абслугоўвання аматараў гісторыі, мастацтва і культуры. Але ці хутка звычайны раённы музей “адаб’е” сабе інфармацыйную дзялянку ў Сеціве? Не сакрэт, што рэгіянальныя ўстановы культуры прэзентуюцца цяпер (даволі сціпла і не цікава!) толькі на райвыканкамаўскім сайце. І гэта прытым, што ва Украіне і ў Расіі нават сельскія клубы маюць свае тэматычна-рэкламныя інтэрнэт-старонкі — простыя, сціплыя. Але нават іх стварэнне патрабуе ўмення і грошай. Не стае ні першага, ні другога. Аднак кожны з сельскіх работнікаў культуры перакананы на сёння, што сітуацыю трэба змяняць карэнным чынам. Калі і як? На гэтае пытанне, па ўсім відаць, адказ павінны даць мясцовыя раённыя ўлады, абласныя метадычныя службы і неабыякавыя спонсары, якія ніяк не знойдуць паразумення....

Паліна Яніцкая пераканана, што эмацыйна-псіхалагічны стан гледача цалкам залежыць ад інфармацыйнага ўплыву на яго, у тым ліку і тактыльнага. Прыклад: “трогательные” выстаўкі (калі экспанат можна памацаць рукамі) для людзей, якія слаба бачаць. У гэтым рэчышчы працуюць і інфармацыйныя тэрміналы ўстановы, інтэрактыўныя музейныя праграмы. А сайт Нацыянальнага мастацкага — удасканалены, звязаны з папулярнымі сацыяльнымі сеткамі. І музейны сайт на сёння — галоўная крыніца аператыўнай інфармацыі. Па словах Паліны Яніцкай, работнікі сферы адукацыі неаднаразова прызнаваліся, што пра музейныя паслугі яны даведаліся ўпершыню менавіта з дапамогай сайта.

Дэфіцыт інфармацыі — дэфіцыт ідэй

І яшчэ адна думка наўздагон. Нашы сайты — мёртвыя без форумаў. А менавіта на апошніх можна і неабходна ўзнімаць праблемы культуры і з прыцягненнем усіх зацікаўленых шукаць вырашэнне гэтых праблем. Тады пакрысе знікне дэфіцыт інфармацыі, пры якім работнікі культуры з адной вобласці ведаюць, што робіцца ў іншай, толькі па чутках. А дэфіцыт інфармацыі — гэта заўжды дэфіцыт ідэй...

Прыкладна пра гэта распавядала і інжынер-праграміст музея “Замкавы комплекс “Мір” Маргарыта Груца. Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для яе — сістэмны выхад да якасна новых перспектыў зносін. У інфармацыйнай сістэме ўстановы — дзевяць манітораў, размешчаных у экспазіцыйных залах. Гэтыя вялізныя панэлі падмацоўваюць выступленні экскурсаводаў адпаведным відэашэрагам. Кіруе ж сістэмай адміністратар.

На беларускай, рускай і англійскай мовах працуюць і музейныя інфакіёскі. Карыстаюцца попытам і аўдыягіды. Пастаянна ўдасканальваюцца вэб-сайты. І ўдасканаленні гэтыя скіраваны найперш на рост цікавасці карыстальнікаў. А калі чалавек не страціў здольнасці цікавіцца новым, ён мае талент самаўдасканалення. Хочацца верыць, што ў галіне нацыянальнай культуры, у тым ліку рэгіянальнай, толькі такія і працуюць…

Не бігбордам адзіным

Пытанне арыентавання ў культурнай прасторы таго або іншага горада, мястэчка ці нават вёскі, багатай на гістарычныя помнікі (а такой можна смела лічыць, да прыкладу, Гальшаны), — злабадзённае. Для нашай краіны — асабліва. Для прыцягнення айчынных і замежных турыстаў аднымі інфармацыйнымі шчытамі або ўказальнікамі сёння, у час інфармацыйных тэхналогій, не абысціся. Гэтак сама як не абысціся і без грунтоўнага вывучэння сусветнага досведу развіцця інфармацыйных тэхналогій.

/i/content/pi/cult/426/8786/1-3.jpeg

Возьмем нашых суседзяў. Так, у Рызе каля шэрагу знакавых гістарычных аб’ектаў, аб’яднаных у імправізаваны маршрут, устаноўлены слуп з размешчанай на ім шыльдай. На ёй на розных мовах прапаноўваецца патэлефанаваць на адмысловы нумар і паслухаць троххвілінны аповед пра канкрэтны помнік. Усяго да выбару прапануецца 16 моў. У Львове, да прыкладу, аб’яднанне бізнесменаў размясціла QR-коды больш чым на 80 гістарычных аб’ектах. У выніку гэтая ініцыятыва дазволіла індывідуальным турыстам лёгка арыентавацца ў горадзе, нават не ведаючы ўкраінскай мовы, бо QR-коды таксама прадстаўлены ў некалькіх моўных варыянтах.

Для смартфонаў і планшэтаў

А што створана ў гэтым кірунку ў нас? На думку малодшага навуковага супрацоўніка навукова-асветніцкага аддзела Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Алеся Лапо, QR-тэхналогіі апошнім часам сталі актыўна выкарыстоўвацца і ў Беларусі, што зусім не выпадкова: колькасць уладальнікаў сучасных мабільных апаратаў — смартфонаў і планшэтаў — імкліва павялічваецца. Папулярнасць тлумачыцца таксама і адкрытасцю ды даступнасцю гэтай тэхналогіі, бо інфармацыя праз QR-коды прадастаўляецца карыстальніку абсалютна бясплатна.

Варта адзначыць, што штрых-коды былі вынайдзены яшчэ напрыканцы 1940-х двума студэнтамі ў ЗША. Адным з найбольш запатрабаваных у грамадстве сёння лічыцца якраз QR-код (абрэвіятура перакладаецца як “хуткі водгук”) — матрычны двухвымерны штрых-код, распрацаваны японскімі праграмістамі ў 1994 годзе. Асноўная вартасць QR-кода — яго лёгкае распазнаванне сканерамі, у тым ліку фотакамерай мабільнага тэлефона. Максімальная колькасць лічбаў і літараў, якія змяшчаюцца ў адзін QR-код, складае 4 296 знакаў, а гэта некалькі старонак тэксту. Каб зрабіць такі штрых-код, дастаткова зайсці на спецыяльны сайт-генератар, увесці неабходную тэкставую інфармацыю або адрас свайго інтэрнэт-рэсурсу, а пасля раздрукаваць ці пераслаць аўтаматычна створаны код па электроннай пошце сябрам або партнёрам. Урэшце, “К” пісала пра гэтую тэхналогію ў 2011-м. Мы цікавіліся ў музеях краіны, ці маюць яны намер забяспечыць свае экспазіцыі QR-кодамі. На жаль, апрача Віцебскага абласнога краязнаўчага музея астатнія ўстановы хіба перапытвалі, чым мы цікавімся…

Нясвіж і QR-код

Па словах Алеся Лапо, у гарадской інфраструктуры СНД QR-код масава пачаў выкарыстоўвацца колькі гадоў таму. Не стаў выключэннем і Нясвіж. У прасторы раённага цэнтра гэтыя тэхналогіі актыўна ўкараняюцца і маюць вялікую перспектыву. Калі ж казаць больш канкрэтна, дык на нясвіжскіх аб’ектах напрыканцы 2012-га былі змешчаны першыя сем QR-кодаў.

Якім жа чынам выкарыстоўваецца тэхналогія ў нас? Даволі проста. Пры сканаванні штрых-кода на гістарычным аб’екце праграма накіроўвае ўладальніка смартфона на пэўную старонку сайта музея-запаведніка “Нясвіж”. Акрамя тэкставай інфармацыі, прадугледжваецца выкарыстанне інтэрактыўных аўдыягідаў, даступных на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Важна, што выкарыстанне праграмы магчымае і без доступу ў Інтэрнэт — дастаткова напярэдадні на сайце музея спампаваць адпаведную праграму. У будучым плануецца значна пашырыць геаграфію выкарыстання дадзенай тэхналогіі і стварыць QR-маршруты па пэўнай тэматыцы. Як мяркуецца, гэта дазволіць натхніць турыста правесці ў Нясвіжы не дзве-тры гадзіны, а некалькі дзён.

А яшчэ дзе?

У выпадку з Нясвіжам можна ўбачыць добры прыклад супрацоўніцтва гарадскіх улад і музея-запаведніка. Але ці гатовы сёння адгукнуцца іншыя раённыя ды гарадскія кіраўнікі краіны, а таксама мясцовыя спонсары на такую ініцыятыву? Думаецца, што зусім невялікія выдаткі акупяцца праз удзячных турыстаў ды ўдзельнікаў гарадскіх квэстаў — інтэрактыўных гульняў.

Або, скажам, чаму не аказаўся б цікавым праект “Новая зямля” ў QR-кодах, размешчаных на бігбордах, шыльдах у розных кутках Стаўбцоўшчыны? Да слова, зусім нядаўна выйшла з друку мініяцюрнае выданне “Яўгенія Анегіна” А.С. Пушкіна ў QR-кодзе, а аўстрыйскія энтузіясты ўвогуле стварылі бібліятэку ў QR-кодах. Чым не вопыт для пераймання?

Праўда, калі казаць пра выкарыстанне дадзенай навацыі, узнікаюць пытанні адносна падключэння да Інтэрнэту. Пагадзіцеся, не кожны турыст выкладзе кругленькую суму на роўмінг даных. А таму, у ідэале, хацелася б, каб каля кожнага важнага гісторыка-культурнага аб’екта ў тым жа Нясвіжы разам з QR-кодам прадугледжваўся і Wi-Fi. Акрамя таго, поруч з тэхналогіяй можна выкарыстоўваць і яе аналаг — стандарт Data Matrix, штрых-коды ў якім атрымліваюцца на 30 — 60% меншыя па плошчы, што бывае вельмі важна пры абмежаванай колькасці прасторы.

Каго чакае Assol?

Але калі QR-код і Data Matrix — распрацоўкі замежныя, то Assol — прадукт выключна беларускі. Пад такой назвай яшчэ ў 1991 годзе Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі была распрацавана на той час адна з найлепшых праграм для набору партытур. У першапачатковай версіі ўвод нотнага тэксту ажыццяўляўся як з клавіятуры камп’ютара, так і з дапамогай MIDI-кантролера.

Па словах начальніка аддзела інфармацыйных тэхналогій Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталлі Сушкевіч, Assol стала сапраўдным ноу-хау ў нотным выдавецтве. Гэта быў адзіны нотны рэдактар, створаны на тэрыторыі СССР. Для таго, каб скапіраваць праграму, у Беларусь з Масквы прыязджалі з агромністымі сістэмнымі блокамі.

Менавіта дзякуючы Assol у 1998 годзе была апублікавана першая прафесійная опера, створаная на тэрыторыі Беларусі, — “Агатка, або Прыезд пана”, аўтарства Яна Давіда Голанда. Гэтае выданне было адзначана прэміяй у Германіі за высокую якасць паліграфічнай прадукцыі.

Але як зрабіла такі прарыў не спецыялізаваная фірма, а ўстанова адукацыі? На думку Наталлі Сушкевіч, дваццаць гадоў таму была зусім іншая кан’юнктура ІТ-рынку, і праграмісты, у прыватнасці, за невялікую аплату, згаджаліся паўдзельнічаць у нашым праекце. Сёння ж нават не карэктна ўзнімаць пытанне пра тое, ці ёсць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі перспектывы па стварэнні ўласнага інфармацыйнага прадукту, улічваючы вялікую даступнасць музычных рэдактараў ад буйных вытворцаў праграмнага забеспячэння.

Тым не менш, БДАМ адкрыта для супрацоўніцтва з ІТ-супольнасцю ў справе стварэння нішавых музычна-камп’ютарных тэхналогій. А тое, што такое супрацоўніцтва цікавае айчынным праграмістам і сёння, пацвердзіў адзін з гасцей семінара Анатоль Цяктонаў, прапанаваўшы стварыць “пляцоўку” для супольнай працы энтузіястаў, пазітыўныя вынікі якой не прымусяць доўга сябе чакаць.

Матэрыялы развароту падрыхтавалі Кастусь АНТАНОВІЧ і Яўген РАГІН

На здымках: інтэрфэйс мабільнага дадатку і ўзор размяшчэння QR-кода ў Нясвіжы; фрагмент віртуальнай экскурсіі па Мірскім замку.