Хто на сцэне генерал?

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

"Парад дырыжораў" на брэсцкай сцэне

“Парад дырыжораў” адбыўся ў Брэсце ўпершыню. Дый яго прымаў сам начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк, які ўважліва сачыў за музычнымі перыпетыямі на сцэне Акадэмічнага тэатра драмы.

Творчы праект “Парад дырыжораў”, зладжаны мастацкім кіраўніком сімфанічнага аркестра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксандрам Сасноўскім і падтрыманы кіраўніцтвам тэатра ды Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, удала з’яднаў адразу некалькі мэт. Для чатырох выпускнікоў, якія спецыялізуюцца па дырыжыраванні, была магчымасць вытрымаць не зусім звыклы, максімальна набліжаны да рэальнай канцэртнай практыкі дзяржаўны іспыт. Для членаў Дзяржаўнай камісіі на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Казінцом, якія той іспыт прымалі, — пачуць незнаёмы для некаторых з іх творчы калектыў і падумаць над магчымым з ім супрацоўніцтвам. Для брэсцкага аркестра — папрацаваць над складанай праграмай адразу з некалькімі маладымі дырыжорамі. Для Аляксандра Сасноўскага, які стаіць на чале аркестра і выкладае ў БДАМ, — дадаткова праверыць вынікі сваёй разнавектарнай працы. Для брэсцкай публікі — пазнаёміцца з новымі імёнамі, паслухаць лепшыя творы сусветнай класікі ХVІІІ — ХХ стагоддзяў. Для Брэсцкага драмтэатра — правесці рэкламную акцыю з запрашэннем не толькі мясцовай прэсы, але і сталічных крытыкаў. Была ў зале і мастацкі кіраўнік Міжнароднага фестывалю “Студзеньскія музычныя вечары” Лілія Батырава: можа, прыгледзела якога дырыжора для далейшых гастролей у Брэст?

/i/content/pi/cult/426/8782/1-4.jpeg

Дадамо, што падобны “дырыжорскі парад” быў не першы: у 2000 годзе ўсё той жа Аляксандр Сасноўскі ладзіў яго ў Мінску, але таксама з удзелам брэсцкага аркестра, які дзеля гэтага выязджаў у сталіцу. Сёлета вырашылі — наадварот, прывезці дырыжораў. Ды яны і самі ездзілі: хтосьці — адно на рэпетыцыі, а Мурад Асуіл ды Аляксей Шаблыка паспелі ў Брэсце выступіць, прычым з іншымі праграмамі. Таму не дзіва, што і на “парадзе” яны, хвалюючыся не менш за іншых, выглядалі “генераламі”.

Мураду, піяністу паводле першай прафесіі, асабліва ўдалося дырыжыраванне дзвюма апошнімі часткамі Фартэпіяннага канцэрта Моцарта, дзе ён напоўніцу прадэманстраваў сваю музычнасць, уменне тонка адчуваць фразіроўку і надаваць ёй асаблівую выразнасць, чуйна падтрымліваць усе памкненні саліста (ім, дарэчы, быў знакаміты лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй Сікорскі, які напярэдадні правёў свае сольныя канцэрты ў сталічнай філармоніі і ў Баранавічах). Ужо з першых нот стала зразумела, што невыпадкова Асуіл да свайго лаўрэацтва на міжнародных фартэпіянных конкурсах далучыў абсалютную перамогу на дырыжорскім, праўда, пакуль куды больш лакальным — у межах самой Акадэміі музыкі.

Аляксей Шаблыка больш разняволена пачуваў сябе ў сучаснай жанрава акрэсленай стылістыцы — Сюіце Д.Шастаковіча “Паненка і хуліган”. На пачатку 1980-х гэты балет ішоў у сталічным Музычным тэатры, які ў той час называўся Тэатрам музкамедыі, дырыжыраваў — Аляксандр Сасноўскі. Цяпер жа ён беражліва перадаў свой вопыт адразу двум вучням. Тое, што ў кожнага з іх — свая індывідуальнасць, стала асабліва заўважна, калі на апошніх частках Сюіты эстафету падхапіў Арцём Паліцук — дырыжор больш разліковы, які аддае перавагу метрычна-графічнай дакладнасці, а не яркім тэмбрава-фарбавым плямам, як Шаблыка.

Раман Сергіенка трапіў у клас Сасноўскага толькі на чацвёртым курсе, і Аляксандр Пятровіч вельмі перажываў, што, можа, не паспеў “укласці” ў яго ўсё, што хацелася б. Але той з кожным творам пачуваў сябе ўсё больш упэўнена, канчаткова пераканаўшы камісію ды публіку ўверцюрай да мюзікла “Вестсайдская гісторыя” Л.Бернстайна. І хаця медныя, падобна на тое, свінгаваць пакуль не навучыліся, гэтая аркестравая група, безумоўна, магла б лідзіраваць у “камандным заліку”, калі б такі праводзіўся. А шастаковічаўскія сола трубача Андрэя Дразда ўвогуле былі на найвышэйшым сусветным узроўні! Такая віртуознасць і якасць гуку вартыя лепшых еўрапейскіх сцэн! І Брэст можа толькі ганарыцца, што гэты музыкант, бліскуча скончыўшы Акадэмію музыкі па класе прафесара Мікалая Волкава, прыехаў сюды па размеркаванні разам з жонкай-музыказнаўцай — і застаўся. А габаіст Сяргей Тумаркін, чые сола таксама былі на недасяжнай для многіх вышыні, жыве ды працуе ў Мінску. Але гэтак жа, як і Аляксандр Сасноўскі, штотыдзень ездзіць у Брэст на рэпетыцыі. На такіх адданых музыкантах (а іх насамрэч у разы больш — літаральна кожны) і трымаецца аркестр, які ўжо можа лічыцца своеасаблівай візітоўкай горада над Бугам…

На здымку: Аляксандр Сасноўскі са сваімі выпускнікамі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"