З самага пачатку перад намі — безнадзейна хворы чалавек, якога таленавіта іграе Яўген Гусеў. І ўсе “нататкі” Аксенція Папрышчына ўспрымаюцца не рэальным дзённікам, а ўсяго толькі хваравітымі летуценнасцямі. Да іспанскага караля ён “дарасце” апасля, спачатку ж успрымае сябе (успрымае, а не з’яўляецца насамрэч!) маленькім клеркам. І ў тых абставінах, дзе ён знаходзіцца, гэта — таксама “павышэнне па службе”! Колькі б пастаноўшчыкі ні тлумачылі, што “гэтая гісторыя можа здарыцца ў любы час, у любой краіне і з любым чалавекам”, яна глядзіцца як гісторыя пра хворага бамжа, апранутага ў ядавіта- зялёнае дзіравае трыко, які жыве дзесьці ў падвале сярод труб і металічных канструкцый (сцэнаграфія і мультымедыя — Аляксандра Сідарава). Гледачу застаецца толькі спадзявацца, каб забытага, закінутага ўсімі пакутніка хутчэй адшукалі і адправілі ў шпіталь, што, нарэшце, і адбываецца. Але там з яго здзекуюцца, і смерць няшчаснага чалавека, у якога няма будучыні, успрымаецца амаль шчаслівым зыходам.
Фінал увогуле апраўдвае многія рэчы. Але дачакацца яго цяжкавата. Бо “дыягназ” (прынамсі, і ў прамым сэнсе слова таксама) пастаўлены, ледзь толькі адкрываецца заслона. А далей застаецца пакутаваць, што не можаш дапамагчы, бо рука так і цягнецца выклікаць “хуткую дапамогу”.
У астатнім жа — спектакль зроблены надзвычай вынаходліва і прафесійна. Часам нават узнікае ўражанне, быццам прысутнічаеш на іспыце, дзе табе намагаюцца паказаць усё, чаму навучыліся. Перад намі мільгаюць лялькі розных канструкцый, маскі з намёкам на камедыю дэль артэ (лялькі і касцюмы — Ганны Сідаравай), мультыплікацыя, бягучы радок з датамі падзей. Сафі (Вольга Лазебная), падобная на ляльку, то ходзіць на пальчыках, у балетных пуантах, то выязджае на роліках. І гэтая рознакаляровасць сродкаў пры адной-адзінай закладзенай у спектакль думцы, што літаральна свідруе мозг, нагадвае нейкае “змрочнае канфеці”, стамляючы ўжо самой сваёй калейдаскапічнасцю.
Фанасфера спектакля спалучае музыку Алега Залётнева, якая чуйна ідзе за дзеяннем, са шматлікімі натуральнымі шоргатамі-шумамі. Значэнне сэнсавых лейтматываў набываюць скрып дзвярэй, пранізлівы покліч сірэны. Яркімі жанравымі ўсплёскамі становяцца стылізаваная іспанская тэма, парадыйнае выкарыстанне цытаты з “Кармэн” Ж.Бізэ. А кульмінацыяй — украінская калыханка, што гучыць у момант пахавання. Але нават прасвятленне душы героя, звязанае з яго зваротам да маці, успрымаецца ўсяго толькі перадсмяротнай агоніяй.
Дык пра што быў спектакль? Што хварэць на галаву — дрэнна? Ці што думкі пра немагчымасць кар’ернага росту прыводзяць у душэўны тупік? Пытанні так і застаюцца без адказу. І крэатыўная дэманстрацыя “гісторыі хваробы” становіцца ледзь не здзекам...
На здымках: сцэны са спектакля "Нататкі вар'ята".
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА