Пакрочылі! Толькі ў якія дзверы?

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Камерцыйная мадэль аматарскіх тэатраў: паставіць спектакль — і "пракаціць" па дзіцячых садках. А што з якасцю?

Разнастайных тэатральных фестываляў-конкурсаў-аглядаў, якія з’ядноўвалі б дзіцячыя ды маладзёжныя калектывы (школьныя, пазашкольныя, студэнцкія і не толькі), у нас шмат. І апошнім часам становіцца ўсё больш. Прычым самага рознага ўзроўню — ад міжнароднага да рэгіянальнага. Пік актыўнасці ў іх прыпадае на вясну, калі ўжо можна падводзіць некаторыя вынікі навучальнага года. Па тэрмінах гэта — пачынаючы з вясновых канікулаў, што "накладваюцца" на такую дадатковую нагоду, як Міжнародны дзень тэатра, і практычна да канца красавіка. Асвятляючы асобныя падобныя святы, мы звярталі ўвагу не толькі на пераможцаў, арганізацыйныя і ўласна эстэтычныя "плюсы-мінусы" ды саму наяўнасць шчасця ў вачах удзельнікаў, але і на тэндэнцыі, умовы, перспектывы развіцця дзіцячай тэатральнай творчасці — ад аматарскай да прафесійнай.

У якасці двух полюсаў былі абраны ІІ Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум "Крокі" і ІV Тэатральны фестываль "Дзверы". Заснавальнікамі першага выступаюць упраўленне культуры Мінгарвыканкама і Новы драматычны тэатр, пры якім існуе Дзіцячая тэатральная школа № 1. Сёлета форум атрымаў і больш пільную ўвагу з боку Міністэрства культуры Беларусі, і гэта справядліва, бо ўдзельнікамі свята становяцца спецыялізаваныя навучальныя ўстановы ды тэатральныя студыі. А вось "Дзверы" адкрыты для ўсіх ахвотных ды праводзяцца намаганнямі аднайменнага тэатральнага руху — іншымі словамі, энтузіястамі, што імкнуцца зрабіць тэатр максімальна адкрытым і даступным як для публікі, так і для эксперыментаў. Тут няма папярэдняга "адсеву", як бывае на міжнародных спаборніцтвах ці ў гастрольнай практыцы. Праўда, сёлета ўсё ж вырашылі ўвесці некаторае абмежаванне: умовамі цяперашняга такога свята былі менавіта беларускамоўныя пастаноўкі.

Што ж атрымалася (ці не атрымалася)? Не параўноўваючы самі форумы (надта яны розныя для гэтага), адзначым некаторыя "болевыя кропкі" дзіцяча-юначай тэатральнай творчасці, якія потым даюцца ў знакі як у дарослых аматарскіх калектывах, так і ўвогуле ў нашым прафесійным мастацтве. Сапраўды, каб дбаць пра агульную культуру і любыя з яе напрамкаў, пачынаць трэба з дзяцей.

/i/content/pi/cult/426/8777/2-1.jpeg

Самадзейны ці аматарскі?

У савецкі час усе "недзяржаўныя" калектывы называлі самадзейнымі, хаця большасць іх удзельнікаў мела спецыяльную адукацыю. Сёння іх перайменавалі ў аматарскія — сапраўды, успрымаецца больш мілагучна. Але ж ці заўсёды адпавядае ісціне? Гэтае пытанне ўзнялі самі ўдзельнікі "Дзвярэй" на "круглым стале", што вянчаў форум, бо поруч з уласна аматарскімі пастаноўкамі там былі і відавочныя "самаробкі" — у горшым сэнсе гэтага слова.

Пасля спектакляў я падыходзіла да кіраўнікоў калектываў, цікавілася, як у іх вядзецца навучанне. Як ні дзіўна, але многія скіраваны адразу на вынік — паставіць спектакль. Ды яшчэ потым зарабляць на ім грошы, пракатваючы па дзіцячых садках, школах, клубах: дзе — па безнаяўным разліку, а дзе і проста па білетах. Дзеці-артысты пры гэтым таксама атрымліваюць нейкую "капейчыну" — усе задаволены. І ўсё б добра, ды толькі часам такая "камерцыя" засланяе ўласна мастацкія паказчыкі, бо "працаваць на касу" пачынаюць усе складнікі тэатральнага відовішча: ад самой тэмы, якая павінна ісці на ўра, да выкарыстаных пастановачных сродкаў, якія гэтак сама павінны быць разлічаны не на развіццё задзейнічаных у спектаклі юных артыстаў, не на пошук чагосьці нязвыклага, а на "пракат" даўно апрабаванага, што публіка ўспрыме, асабліва не задумваючыся.

/i/content/pi/cult/426/8777/2-2.jpeg

Заўважу, што ў свой час "К" неаднойчы ўзнімала падобныя пытанні. Маўляў, у вышэйшую музычную навучальную ўстанову немагчыма паступіць без папярэдняй профільнай адукацыі — і, наадварот, на ўступных іспытах у тэатральную далёка не заўсёды лепшыя вынікі маюць тыя, хто раней займаўся ў адпаведных дзіцячых гуртках. Чаму? Таму што там дзяцей паспелі "сапсаваць", навучыўшы не таму, чаму было патрэбна. Перавучваць жа заўсёды складаней, а часам — і немагчыма.

Пачніце ранак з пластыкі

Замест школ з эстэтычным ухілам, распаўсюджаных яшчэ колькі гадоў таму, дзеці сёння займаюцца пераважна ў гуртках. Гэта яшчэ адна з прычын таго, чаму замест карпатлівага "працэсу" ўсе скіраваны на хуткі "вынік". Дый у школах, дзе яшчэ засталіся абрысы тэатральнасці, пра пластыку часцяком забываюць. Ці "выкладаюць" яе прыблізна так: ну, мы ж рэпеціруем, дык вось вам і пластыка, а танцаў у гэтым спектаклі няма. Пагодзімся, танцаў можа і не быць — у адрозненне ад адчування кожным юным артыстам свайго зусім не "знямелага" цела, без чаго ніколі не дасягнуць раскаванасці выканання. Заціснутасць мышцаў спараджае такую ж "коснаязыкасць", ненатуральнасць інтанацый у маўленні і нават закрытасць характару.

Адным з даволі рэдкіх выключэнняў з правілаў застаецца Дзіцячая тэатральная школа № 1 пры Новым драматычным тэатры — тая самая, што летась атрымала Гран-пры на Міжнародным форуме "Крокі", а сёлета далучыла да яго яшчэ шэраг абсалютна справядлівых узнагарод. Адна з іх — менавіта за лепшую пластыку. Але — ад журы прэсы, бо сярод намінацый, якія павінна было размеркаваць прафесійнае журы, гэткая не прадугледжвалася. Як, дарэчы, і на нашай Нацыянальнай тэатральнай прэміі, дзе лепшую харэаграфію сталі адзначаць толькі на другі год. А між тым, сучасны тэатр без адметнай пластыкі ўжо немагчымы. Дый сама пластыка стала закранаць не толькі рухі цела. Сёння ўсё больш цэніцца не адно пластыка, а яшчэ і амаль усеахопная пластычнасць, што распаўсюджваецца і на музыку, і на літаратурнае выкладанне, і, галоўнае, на сінтэз паміж імі.

/i/content/pi/cult/426/8777/2-3.jpeg

Як ні дзіўна, але апошняга бракавала нават уласна пластычным пастаноўкам, што ішлі на фестывалі "Дзверы". Нагадаем, яго ўмовай была беларускамоўнасць пастаноўкі. Але сярод дзясятка спектакляў (адзінаццаты калектыў, на жаль, не прыехаў) былі два — абсалютна бязмоўныя. Можна, вядома, пажартаваць, што пры такім падыходзе Чарлі Чаплін — адзін з самых яркіх прадстаўнікоў "беларускамоўнай" драматургіі. А можна і задумацца: чаму калектывы, што пазіцыянуюць сябе як эксперыментальныя, альтэрнатыўныя дый проста "прасунутыя", адгаворваліся тым, што іх пастаноўкі — беларускія па духу. І аказаліся не настолькі "гнуткімі", каб паспрабаваць пашукаць пластыку хаця б у самой фанетыцы беларускай мовы. Так, як гэта зрабіла згаданая Першая школа, паказаўшы на "Кроках" сваю "Жабіну бойку", дзе словам было папраўдзе прасторна. Фраза "Так-так-так!", што спалучалася з уласна пластычным лейтматывам і перадавала не толькі згоду, але і клёкат буслоў, стала не толькі візітоўкай спектакля, але і ўлюбёным "слэнгам" усяго форуму.

Урокі геаграфіі і эстэтыкі

Пашырэнне геаграфіі актуальнае для любога фестывалю ці конкурсу. Добра, калі гэта спалучаецца яшчэ і з мастацкасцю, і запрошаныя госці дэманструюць тое, чаму і сапраўды можна павучыцца. "Нажніцы" паміж кіламетражам і мастацкім узроўнем на "Кроках" быццам бы адсутнічалі. Гран-пры паехаў у Літву, бо драма "Піф-паф — ты забіты!" тэатра "Саўла" стала не толькі сапраўдным эмацыйным узрушэннем, але і ідэалам стыльнасці, вымушаючы, да ўсяго, не толькі глядзець, а яшчэ і думаць. Два камп’ютарныя крэслы ды ноўтбукі ў руках амаль кожнага — вось і ўвесь антураж. Але праз мінімум "дэкарацыйнасці" выяўляецца максімум зместу: не толькі "дакументалістыка" пра амерыканскага падлетка, які забіў некалькіх аднакласнікаў ды сваіх бацькоў, але і шырока развітыя асацыятыўныя сувязі, што выводзяць на філасофскія тэмы адзіноты, узаемаразумення, шчасця быць пачутым, кахаць і быць любімым.

Цудоўную музычную казку "Нязнайка і яго сябры" паказаў Дзяржаўны маладзёжны драматычны тэатр "З вуліцы Руж" (Малдова), стаўшы за месяц да таго героем "М.@rt.кантакту". Гэты калектыў, у якім іграюць спрэс маладыя, але прафесійныя акцёры, быў госцем "Крокаў", не ўдзельнічаючы ў конкурсе. Але паказаў, якім насамрэч павінен быць ТЮГ: без залішняй мітусні і гоману (у нас чамусьці лічыцца, што каб быць убачаным і пачутым, у дзіцячых спектаклях трэба ўвесь час бегаць і крычаць), для разумных і ўдумлівых гледачоў, незалежна ад узросту (Нязнайка — не гультай ды выхваляка, а фантазёр і летуценнік, нават творца-эксперыментатар, не такі, як усе).

Не ўпісаўся ў тады яшчэ халоднае надвор’е вулічны тэатр "DH" з Польшчы. Але яго "Алекс у краіне цудаў", паказаны на звычайнай сцэне замест плошчы перад тэатрам, не пазбавіўся з-за гэтага інтэрактыву. Смаленскі "Дыялог", спраецыраваўшы шэкспіраўскіх Рамэа і Джульету на два мышыныя сямействы ("Усе мышы любяць сыр"), скарыў адметна шляхецкімі, зусім не "звярынымі" сцэнічнымі строямі. Ірына Фларызяк, абраўшы для вучняў згаданай Першай школы казку "Усе хлопцы — дурні!", зрабіла з яе не проста "вясёлае хуліганства", як пазначана ў праграмцы, а давяла ад фантасмагорыі да лёгкага, іранічнага тэатра абсурду — як аказалася, вельмі блізкага дзецям.

/i/content/pi/cult/426/8777/2-4.jpeg

Такі зварот да цікавай драматургіі, сучасных выразных сродкаў быў уласцівы, на жаль, не ўсім. Добра, што Гран-пры вызначыў прыярытэтны напрамак — да стыльнага і канцэпцыйнага тэатра (паказальна, што днямі пазней на любанскім "Чароўным куфэрку" тая тэндэнцыя замацавалася: Гран-пры быў аддадзены барысаўскаму "Трыумфу" — таксама за спектакль для падлеткаў, звычайна абдзеленых рэпертуарам). Ды ўсё ж для форуму міжнароднага статуса, якім з’яўляюцца "Крокі", патрэбны больш прыдзірлівы адбор — хаця б сярод беларускіх удзельнікаў. Бо аргументы накшталт "Яны ж з глыбінкі, што з іх возьмеш" сёння не павінны дамінаваць. Тым больш, што творчыя знаходкі, як паказвае практыка, наўпрост не звязаны з геаграфіяй. Больш шчыльна яны залежаць ад эстэтыкі кіраўніка калектыву, а тая дыктуецца зусім не "прапіскай" ды грашовымі ўкладаннямі.

А публіка — хто?

Цікава, але "эканамічныя законы" паўплывалі найперш на публіку. Прычым вельмі своеасабліва, калі не парадаксальна. На "Кроках" (і, дарэчы, на любанскім "Чароўным куфэрку"), дзе прадаваліся білеты, залы былі — паўнюткія. Адчыненыя ж для вольнага ўваходу "Дзверы" ніхто, як ні дзіўна, не штурмаваў. На некаторых праглядах прысутных можна было пералічыць па пальцах. Вядома, такія параўнанні — навукова не этычныя, бо справа не толькі ў білетах, але і ў рэкламе. У самой сцэнічнай пляцоўцы — "раскручанай" ці не. У тым, што на "Кроках" і "...Куфэрку" большасць публікі складалі самі ўдзельнікі (а куды ім падзецца, калі ўжо прыехалі?). На "Дзверы" ж ехалі цалкам за свой кошт, таму адразу пасля выступлення спяшаліся дадому. Але... на спектаклі калег не заставаліся і мінчане, якім спяшацца, здавалася б, не было куды. Таксама, можа, паказчык не аматарства, а "самадзейнасці": сам паставіў — сам гляджу, а на іншых не хаджу.

Супрацоўніцтву паміж калегамі маглі б паспрыяць і іншыя тэрміны правядзення некаторых форумаў. Недапушчальна, каб падобныя мерапрыемствы ладзіліся ў розных гарадах адначасова, як гэта здарылася сёлета. Так што на будучае арганізатарам ды ўдзельнікам ёсць пра што падумаць. У тым, што падобныя форумы патрабуюць далейшага развіцця, сумневу няма. Вось толькі навучыцца б улічваць памылкі і... досвед: свой і калег з іншых рэгіёнаў.

На здымках у калажы: сцэны са спектакляў фестывалю "Крокі".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"