“Беларускія пісьмы”

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Пашанотны юбілей у Маі Львовіч! І як не нагадаць, што палову жыцця — амаль сорак гадоў паэтычнага натхнення — яна падарыла Беларусі!.. Нарадзілася Мая Давыдаўна 23 красавіка, а якога года — яна пазначае ў сваім вершы пад назвай “Да 80-годдзя ўкраінскага галадамору”: “…Нарадзілася Трыццаць Трэцяга году. Нарадзілася, каб не памерці з голаду. І за тое мучыць віна…”

Вось такі сур’ёзны зачын атрымаўся ў прадстаўленні даўняй сяброўкі Беларусі з Харкава. А гэта ж яна, украінская паэтэса, смела апавяшчаецца ў нас і як беларуская. Бо хто ж выдаў двухмоўныя зборнікі “У зязюльчыным барку” (2002 г.), “Жывая” (2008 г.)? Хто пераклаў на ўкраінскую мову дзве кнігі беларускіх празаікаў, вершы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Аляксея Пысіна, Ніны Мацяш?.. І за гэтыя 40 гадоў творчасці Беларусь, па сутнасці, так і не аддзячыла Маі Львовіч па-сапраўднаму — тым больш, пры яе аслабленым здароўі…

/i/content/pi/cult/425/8766/1-3.jpeg

Але сёння — пра натхненне. Мая Львовіч, з якой мы стасуемся амаль паўстагоддзя, піша: “Але, працую над вершамі”. А летась яе харкаўскія “падручныя” (А.Кавалёва, С.Зайцава ды іншыя) дапамаглі выдаць кнігу “Балаголы”. Дарэчы, цытую, “у другой частцы кнігі прадстаўлены яўрэйскі фальклор у беларускім і ўкраінскім перакладах”.

Адам Мальдзіс пісаў пра цікавы лёс ейных бацькоў, народжаных на гомельскай зямлі, аб генетычным поклічы ў творчасці Маі Давыдаўны. Ды і яна цікавілася паходжаннем назвы “літвакі” ў Вялікім Княстве Літоўскім. А хто яе падтрымліваў на працягу апошніх сарака гадоў, згадваецца ў наступным вершы з майго жывога архіва:

Беларускія пісьмы

Няма ўжо каму пісаць мне,

Няма ўжо каму прысылаць.

Няма ні Алёшы Пысіна,

Няма ні Варлена Бечыка,

Ні Уладзіміра Караткевіча...

Незваротна пайшла сябрына.

Адышла і Мацяш Ніна.

...Але нехта кліча мяне, заве

Беларускія пісьмы пісаці.

“Маці-краіна...” Маці...

Яна і ўва мне

Жыве.

/i/content/pi/cult/425/8766/1-4.jpeg

 

Аляксей Пысін (на верхнім здымку злева) і Варлен Бечык

(на фота ўнізе) у студыі Беларускага тэлебачання.

/i/content/pi/cult/425/8766/1-5.jpeg

Асмелюся ў падарунак дарагой руплівіцы — “сувязістцы” творчых мацерыкоў Маі Львовіч “паклікаць” з нязгаснай відзежы зробленыя мною фотаздымкі некаторых яе сяброў, якіх яна называе ў вершы, напісаным 8 мая 2009 года. Мілая Мая! Ніну Мацяш ты называла Мяцяшоўнай, і сябе — у знак спараднення — прасіла ў вершы “Беларусі” называць падобна: “Згадай жа і Ты / Ля жыццёвага чоўна: / Ёсць дачушка ў Цябе — / Мая / Львавічоўна”.

Сяргей ПАНІЗЬНІК

Фота з архіва аўтара