Скрыжаванне думак

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

У Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Заходнебеларускі рэгіён у паўстанні 1863 — 1864 гг.”. Музей ужо другі год выступае арганізатарам падобных мерапрыемстваў. Іх асаблівасць — прыцягненне да абмеркавання праблемных пытанняў беларускай гісторыі як прафесійных вучоных, так і краязнаўцаў, студэнтаў, вучняў, прадстаўнікоў грамадскасці, зварот да гісторыка-краязнаўчай працы ў рэгіёнах.

Так, храналогію падзей на Брэстчыне наогул і Пружаншчыне ў прыватнасці паспрабавалі аднавіць П.Гарбуль (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт), А.Карповіч (Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт), а таксама аўтар гэтых радкоў. Даследчыкі звярталіся як да расійскіх архіўных матэрыялаў, так і да польскіх крыніц ды мемуараў. У дакладах прагучала стрыманая ацэнка падзей паўстання, якое разам з нацыянальна-вызваленчай героікай і рамантыкай несла з абодвух бакоў гвалт, смерць ды нястачы.

Сітуацыю, што прывяла да звужэння сацыяльнага складу паўстанцаў, на прыкладзе Пружаншчыны асвятліў краязнаўца А.Кенда (в. Малеч, Бярозаўскі раён). Даследчык звярнуў увагу як на эканамічныя, так і на палітыка-псіхалагічныя прычыны адыходу ад паўстання таго ж сялянства.

Да разгляду падзей 1863 — 1864 гг. і асобы Кастуся Каліноўскага ў гістарычнай і мастацкай літаратуры звярнуліся А.Вабішчэвіч (БрДУ) і А.Гронскі (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). Асаблівасці сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі напярэдадні і пасля паўстання былі разгледжаны ў дакладах Н.Галімавай (БрДУ) і Н.Кавалёвай (БрДТУ). Паўстанне К.Каліноўскага як фактар палярызацыі не толькі грамадства, але і сям’і было пададзена ў выступленні вучаніцы Загорскай базавай школы А.Пугачовай (кіраўнік — настаўнік гісторыі М.Р. Сахарук) — “Сям’я Крашэўскіх у паўстанні 1863 г.”.

Удзельнікі канферэнцыі таксама азнаёміліся з экспазіцыямі Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, ажыццявілі вандроўку па гістарычным цэнтры Пружан, наведалі мясціны, звязаныя з падзеямі 1863 — 1864 гг.: в. Лыскава і г. п. Ружаны.

Наталля ПРАКАПОВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”