Малдова — Беларусь: сустрэчы ў Сеціве

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Адзін з найбуйнейшых сацыёлагаў сучаснасці Мануэль Кастэльс, які спецыялізуецца ў галіне тэорыі інфармацыйнага грамадства, сказаў: “Інтэрнэт выконвае ролю тэхналагічнага базісу для арганізацыйнай разнавіднасці інфармацыйнай эры — Сеціва". У Малдове гэты прадукт сучаснага грамадства карыстаецца вялікім попытам. Так, паводле даных рэйтынгу, на пачатак 2013 года Малдова займала 18-е месца сярод 180 краін з самым хуткасным Інтэрнэтам у свеце.

Ганна МАЗУР, культуролаг, кіраўнік беларускай нядзельнай школы, намеснік старшыні Беларускай абшчыны ў Рэспубліцы Малдова

/i/content/pi/cult/425/8762/2-3.jpeg

1. І добрая з Радзімы навіна…

На сённяшні дзень у Малдове існуе 7 беларускіх этнакультурных арганізацый. Праведзены мною маніторынг выкарыстання культурных рэсурсаў Інтэрнэту як сродку інфармацыі і камунікацыі паміж беларускай дыяспарай Малдовы і Беларуссю, паказаў наступнае. У сілу пэўнай сацыяльнай спецыфікі, што склалася ў нашых супольнасцях (узроставыя асаблівасці, матэрыяльныя магчымасці, адсутнасць неабходных навыкаў і г. д.), Інтэрнэт выкарыстоўваюць толькі каля 30% удзельнікаў беларускіх этнакультурных арганізацый Малдовы. У большасці сваёй беларуская дыяспара разглядае сам Інтэрнэт як інфармацыйную крыніцу для азнаямлення з сацыяльна-культурнымі навінамі Беларусі. Тут найбольш папулярнымі інфармацыйнымі сайтамі былі названы рэсурсы БелТА, Белтэлерадыёкампаніі, а таксама партал TUT.BY.

2. Пошук вопыту

На вялікі жаль, Інтэрнэт як сродак культурнай камунікацыі паміж дыяспарай і этнічнай Радзімай выкарыстоўваюць на сёння менш за 10% членаў беларускіх этнакультурных арганізацый Малдовы. Гэтыя нешматлікія прадстаўнікі дыяспары вызначаюць для сябе сайты газет “Голас Радзімы”, “Культура” і Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” асноўнымі сродкамі Сеціва. З іх дапамогай можна падзяліцца інфармацыяй аб уласным культурным вопыце, азнаёміцца з тэматычнымі навінамі беларускай дыяспары ва ўсім свеце, а таксама пераняць творчыя ідэі і культурныя кірункі.

3. А скрыня проста адчыняецца

Кіраўнікі ўсіх беларускіх фармацый Малдовы маюць у творчым арсенале электронную паштовую скрыню, якой рэгулярна карыстаюцца ў сваёй грамадскай этнакультурнай дзейнасці. Электронная пошта служыць дзейсным камунікацыйным сродкам у этнічнай звязцы: беларуская дыяспара Малдовы — Пасольства Беларусі ў Малдове — Беларусь. З дапамогай электроннай скрыні каардынуюцца многія пытанні, датычныя розных этнакультурных мерапрыемстваў. Рэгулярна перадаецца велізарны пласт значнай культурнай інфармацыі (звароты, анонсы, тэматычныя артыкулы, спасылкі, прэзентацыі, фотаздымкі і многае іншае).

4. Рэпетыцыя па Skype

Адным з бясспрэчных фаварытаў Сеціва ў грамадскай дзейнасці беларускай дыяспары Малдовы з’яўляецца праграма Skype, якую з задавальненнем выкарыстоўваюць фактычна ўсе, хто мае доступ у Інтэрнэт. Галасавая і відэасувязі паміж камп’ютарамі ў любой кропцы зямнога шара даюць ілюзію амаль рэальнай фізічнай прысутнасці, адкрываючы тым самым велізарныя творчыя гарызонты. З гэтай нагоды прывяду адзін вельмі цікавы прыклад з асабістага вопыту беларускай нядзельнай школы ў Малдове. Узімку пры падрыхтоўцы беларускамоўнага спектакля «На Каляды» дзве вучаніцы з-за хваробы не змаглі прысутнічаць на некаторых рэпетыцыях. І неяк сама сабой прыйшла ідэя: правесці рэпетыцыю па Skype. Дзяўчынкі сямі і дзевяці гадоў, знаходзячыся ў хаце разам са сваёй маці, мае старэйшыя сыны і я як кіраўнік нядзельнай школы ўвесь вечар па Skype спявалі беларускія калядныя песні і нават здолелі адрэпеціраваць нашы аўтэнтычныя танцы.

5. Віртуальная персаналізацыя

Кіраўнікі беларускіх этнакультурных арганізацый у Малдове аднадушна пагаджаюцца, што пры дапамозе Інтэрнэту прадастаўляецца хуткі і бесперашкодны доступ да шматлікага аб’ёму этнакультурнай інфармацыі беларускага народа, які захоўваецца як у розных кутках роднай Беларусі, так і па ўсёй нашай планеце. Беларуская дыяспара выразна ўсведамляе сацыякультурную значнасць і неабходнасць віртуальнай персаналізацыі этнакультурных арганізацый у Сеціве. Усе суполкі маюць у сваіх прыярытэтных планах распрацоўку афіцыйных сайтаў. Пакуль жа інтэрнэт-старонку мае толькі адна беларуская грамадская арганізацыя Малдовы — Беларуская абшчына ў Рэспубліцы Малдова. З гэтай нагоды ў план работы на 2013 год, які нядаўна зацвердзіў Каардынацыйны савет беларускіх суполак Малдовы на сваім 29-м пасяджэнні, была ўнесена прапанова аб стварэнні інтэрнэт-партала беларускіх суполак у Малдове.