Фестываль асобых

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Ужо ў дзявяты раз Брэсцкае абласное маладзёжнае аб’яднанне “Інвалід і асяроддзе” правядзе Міжнародны фестываль асобых тэатраў “Непратаптаны шлях”, які пройдзе 10 — 12 мая ў Абласным акадэмічным тэатры драмы. У фестывалі прымуць удзел дзевяць калектываў з Беларусі, Украіны, Расіі і Польшчы.

Праграма складаецца з дзевяці спектакляў, пастаўленых па матывах народных казак і філасофскіх прытчаў. Пастаноўкі форуму аб’яднаны агульнай тэмай “Свет лялек”.

 — Асноўная мэта фестывалю “Непратаптаны шлях” — прыцягнуць увагу грамадскасці да людзей з асаблівасцямі развіцця і паспрыяць іх сацыялізацыі, — кажа куратар праекта Ірына Трацюк. — Акрамя таго, заўсёды неабходна падтрымліваць іх памкненні займацца творчасцю, у тым ліку і тэатральнай. А для таго, каб павысіць прафесійны ўзровень кіраўнікоў і рэжысёраў асобых тэатраў, мы правядзём чатыры майстар-класы, дзе спецыялісты з Кіева, Санкт-Пецярбурга, Львова і Брэста падзеляцца з удзельнікамі фестывалю метадамі эфектыўнай сацыялізацыі людзей з асаблівасцямі развіцця з дапамогай арт-тэрапіі, распавядуць пра прыёмы навучання акцёраў асобых тэатраў музычнай імправізацыі, сцэнічнаму маўленню…

Напрыканцы фестывалю адбудзецца гала-канцэрт удзельнікаў, дзе яны выступяць на сцэне не толькі ў якасці акцёраў, але і спевакоў, танцораў. Таксама па выніках сёлетняга мерапрыемства ў трэці раз пройдзе фотаконкурс “Тэатр у аб’ектыве”.