Фотанавіны

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г


/i/content/pi/cult/425/8749/3-1.jpeg

Фота Юрыя ІВАНОВА

З 16 па 18 мая горад, што калісьці быў рэзідэнцыяй Радзівілаў, прымае XVIII Свята мастацтваў "Музы Нясвіжа". Распачнецца падзея, мастацкім кіраўніком і пачынальнікам якой з'яўляецца народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржпрэміі нашай краіны, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг, спектаклем "Бог ёсць любоў" Заслужанага аматарскага калектыву "Тэатр імя Уршулі Радзівіл". 17 мая пройдзе навукова-практычная канферэнцыя "Мастацкая спадчына Нясвіжа: новыя даследаванні", а таксама канцэрт творчых калектываў Заслужанага калектыву краіны "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі" ў гарадской Ратушы і ўласна адкрыццё фэсту ў Нясвіжскім цэнтры культуры і адпачынку. А 18 мая выступяць творчыя калектывы аркестра ў Тэатральнай зале Палацавага ансамбля. Завершыцца форум "Лепшай калекцыяй папулярных песень".

/i/content/pi/cult/425/8749/3-2.jpeg

Сцэна са спектакля "Офіс".

Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Офіс” (пастаноўка Кацярыны Аверкавай паводле п’есы сучаснага нямецкага драматурга Інгрыд Лаўзунд) прадставіць Беларусь на Міжнародным тэатральным фестывалі імя А.П. Чэхава ў Маскве. Запрашэнне атрымана пасля перамогі "Офіса" на леташнім Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме ў Кішынёве. Паказ адбудзецца 24 мая на сцэне Маскоўскага драматычнага тэатра імя А.С. Пушкіна. Пастаноўка ўвайшла і ў рэгіянальную праграму фестывалю: яна будзе паказана ў Рызе 6 ліпеня. Таксама на Чэхаўскім фестывалі 29 і 20 мая гледачы ўбачаць яшчэ адзін спектакль Купалаўскага — “Вяселле” паводле А.Чэхава ў пастаноўцы Уладзіміра Панкова. Дарэчы, “Вяселле” атрымала паўторнае запрашэнне на форум.

/i/content/pi/cult/425/8749/3-3.jpeg

Кадр з фільма "Забраны край".

Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" паўдзельнічае ў спецпраграме "Short Film Corner" ("Вугал кароткаметражных стужак") 66-га Канскага фестывалю. Таксама пад час форуму будзе паказана айчынная анімацыя ("Рыбка па імені Нельга-3" Аляксандра Ленкіна ды "Як служыў жа я ў пана" Міхаіла Тумелі) і дакументалістыка ("Асобы тэатр. У пошуках шчасця" Кацярыны Махавой, "Забраны край" Юрыя Цімафеева і "Аксана Волкава. A prima vista" Наталлі Жамойдзік.

/i/content/pi/cult/425/8749/3-4.jpeg

Давід Калау Жэнэ (у цэнтры) разам з беларускімі сябрамі ў сваёй мінскай майстэрні.

(Фота Данііла ПАРНЮКА)

Мастак з Барселоны Давід Калау Жэнэ, пра якога “К” пісала летась, ізноў прыехаў на Беларусь. У рамках яго цяперашняга праекта “Фабулы” творца імкнецца адлюстраваць свае ўражанні ад нашай краіны, ад тых асоб, якіх ён сустракае ў Мінску і якія робяць на яго ўражанні. Вынікам прабывання ў Беларусі мае стаць выстаўка ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва.

Цікава, што поруч з Давідам Калау Жэнэ працуюць і беларусы. Вось што кажа адзін з іх — фатограф Данііл Парнюк: “Мая задача, як і задача творцаў, якія могуць далучыцца да “Фабул”, — выказаць сваё стаўленне да Давіда як да мастака, да яго творчасці сіламі мастацтва. Урэшце, я проста назіраю, знаходзячыся побач з ім у час ягонай працы, фіксую тое, што мяне закранае. Мяркую зрабіць фота адваротнага боку яго работы: выявіць тое, што, умоўна кажучы, стаіць за творамі”.