Арменія: пяць дзён і тысяча гадоў

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Заўтра завяршаюцца Дні культуры Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь.

А распачаліся яны 1 мая — канцэртам Заслужанага калектыву "Дзяржаўны харэаграфічны ансамбль Арменіі “Барэкамуцюн” пад кіраўніцтвам народнага артыста Арменіі Нарайра Меграбяна. Мінскія гледачы былі ўражаны высокім прафесіяналізмам артыстаў ды жанравай разнастайнасцю рэпертуару.

/i/content/pi/cult/425/8745/1-2.jpeg

Злева направа:Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Арменіі ў Беларусі Армен Хачатран і першы намеснік міністра культуры Арменіі Артур Пагасян з прадстаўнікамі мінскага аб'яднання армян "Айастан".

— Пэўна, вы не ўпершыню чуеце, — падзяліўся ўражаннямі Нарайр Меграбян, — якія ў вас прыгожыя краявіды, чыстыя гарады, добрыя дарогі. А галоўнае — якія гасцінныя, добразычлівыя людзі! Паміж Арменіяй і Беларуссю, нягледзячы на адлегласць, даўно ўсталяваліся, калі можна так сказаць, суседскія адносіны. У вас жыве шмат нашых суайчыннікаў, і ўсе яны знайшлі падтрымку, магчымасці рэалізаваць свае здольнасці. Так і павінна быць, бо культурны абмен на такім, амаль “генетычным”, узроўні ўзбагачае кожную з нацый. Дарэчы, у нашым рэпертуары ёсць і беларускі танец — “Скокі ў бокі”. Ён быў пастаўлены вельмі даўно, і дзе мы ні паказвалі б яго, ён заўсёды прымаецца з вялікім узрушэннем. Але да вас мы прывезлі праграму, заснаваную на нашых этнічных танцах, народнай пластыцы. Сярод кампазіцый было шмат тых, што пастаўлены на музыку Арама Хачатурана, Камітаса, іншых нашых класікаў ды сучасных кампазітараў, якія ў сваёй творчасці, злучалі і злучаюць прафесійныя дасягненні з фальклорнымі крыніцамі. Такі шлях, здаецца, самы верны: з аднаго боку — сінтэз усяго, што выпрацавана нацыяй, з другога — дыялог розных культур. На гэта, дарэчы, скіраваны і цяперашнія Дні культуры…

/i/content/pi/cult/425/8745/1-3.jpeg

Мастачка Арэвік Петрасян знаёміць першага намесніка міністра культуры Беларусі Уладзіміра Карачэўскага і першага намесніка міністра культуры Арменіі Артура Пагасяна са сваёй выстаўкай.

Наступным днём адкрыліся Дні кіно Рэспублікі Арменія, а таксама мастацкая выстаўка. Выяўленчае мастацтва было прадстаўлена творчасцю Арэвік Петрасян. На радзіме пра яе кажуць, што яна — адна з самых адораных творцаў пакалення 1990-х. У галерэі “Універсітэт культуры” былі прадстаўлены станковыя творы мастачкі. Праўда, такімі іх можна лічыць толькі паводле фармальнай ацэнкі, бо зместам і формай — гэта, хутчэй, эскізы манументальных фрэсак. Дадзеныя работы адлюстроўваюць драматызм армянскай гісторыі ў святле хрысціянскіх каштоўнасцей.

/i/content/pi/cult/425/8745/1-4.jpeg

Арэвік Петрасян скарыстоўвае арыгінальную тэхналогію. Аснова — арганічнае шкло, матэрыял — сінтэтычная фарба, якая імітуе золата і срэбра. На пытанне карэспандэнта “К”, наколькі трывалы такі жывапіс, Арэвік адказала, што працуе з гэтай тэхнікай ужо дзесяць гадоў, і праблем пакуль не было. Акрамя жывапісу, станковага паводле формы, Петрасян вядомая і як дызайнер. У Арменіі яе шануюць за актыўную грамадзянскую пазіцыю, адпаведнасць творчасці нацыянальнай ідэі, за дабрачынную дзейнасць.

3 мая армянскія артысты завіталі ў Магілёў, які сёлета — Культурная сталіца Беларусі і СНД. Узначальваў армянскую дэлегацыю першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Арменія Артур Пагасян. Арганізатары падзеі, здаецца, мелі на мэце за пяць дзён распавесці беларусам пра 1000-годдзе армянскай гісторыі. Задача, лічы, непад’ёмная, але досвед — цікавы…

Фота Юрыя ІВАНОВА