Чатыры эпохі слова

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выпусціла ў свет кнігу “Помнікі літаратуры Беларусі X — XVIII стст.”. Кніга знаёміць рускамоўнага чытача з шэдэўрамі старажытнага беларускага пісьменства.

Чатыры раздзелы выдання адпавядаюць навуковай перыядызацыі гісторыі беларускай літаратуры Сярэднявечча, бо ў яе развіцці выразна прасочваюцца чатыры мастацка-эстэтычныя эпохі. Гэта — готыка (X — XVстст.), Рэнэсанс (XVIст.), барока (XVIIст.) і Асветніцтва (XVIIIст.).

/i/content/pi/cult/424/8740/1-4.jpeg

У кнізе прадстаўлены найбольш значныя летапісныя творы, такія як “Аповеды пра Усяслава Чарадзея ” і “Пахвала князю Вітаўту”, а таксама аповеды пра вялікіх князёў літоўскіх — Міндоўга, Альгерда, Ягайлу, Аляксандра Казіміравіча. Жыційная літаратура прадстаўлена “Аповесцю жыцця і смерці Ефрасінні Полацкай”.

Акрамя помнікаў агульнадзяржаўнага значэння чытачу прапануюцца хронікі, у якіх адлюстраваны найбольш значныя лакальныя падзеі. Як прыклад — “Баркалабаўская хроніка”, створаная напачатку XVI ст. на Магілёўшчыне.

Зразумела, што такое выданне не магло абмінуць творчасць Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Стэфана Збаражскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Льва Сапегі, Сімяона Полацкага…

Доктар філалагічных навук, прафесар, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка з’яўляецца ўкладальнікам кнігі і перакладчыкам усіх літаратурных тэкстаў са старабеларускай мовы на сучасную рускую. Ён распавёў пра тое, з якімі праблемамі давялося сутыкнуцца ў час працы над выданнем. А падштурхнула яго да стварэння такой кнігі праца з замежнымі студэнтамі, якім трэба было распавядаць пра беларускую гісторыю і культуру.

Гэты ж аспект закрануў і намеснік дырэктара ЦДБК па навуковай рабоце Сяргей Гаранін. Ён нагадаў, што падобная кніга ўжо выходзіла на беларускай мове. Але не трэба мець ілюзій, што яна ахапіла шырокую чытацкую аўдыторыю. На жаль, нават не ўсе навукоўцы-славісты ведаюць беларускую мову, і з гэтым фактам трэба лічыцца. Гаранін выказаў спадзяванне, што кніга будзе з цягам часу перакладзена на англійскую, французскую, кітайскую мовы…

П.В.