Шчыра кажучы, фестываль “Майстар-Шоу”, калі казаць пра эмоцыі, мне не спадабаўся. Тое, што было прэзентавана ў Мінску, пакінула шмат пытанняў: якая яго мэта? Для каго і дзеля чаго ён арганізаваны? Каму ад яго карысць? Падумалася, ну, прыкладам, калі фестываль “Майстар-Шоу” створаны кшталту айчыннай “Хвіліны славы”, дык ён усё ж не цягнуў на яркае відовішча па рэжысуры. Калі ж фестываль нарадзіўся для дапамогі таленавітым аматарам, развіцця іх таленту, выпраўлення памылак (і ў такім выпадку відовішчнасць сапраўды была б не абавязковай), тады, мабыць, больш лагічным і плённым было б прапанаваць майстар-класы? І ад савета экспертаў хацелася б больш канкрэтнай крытыкі, парад і заўваг, бо пераважала штосьці размытае: “Вам не хапае індывідуальнасці”, ці: “Працуйце — і ў вас усё атрымаецца”.
Адным словам, фестываль “Майстар-Шоу” здзівіў. Як і тое, што калі заяўлены Гран-пры — тыражыраванне запісанага CD-дыска пераможцы, і ёсць тры прызавыя месцы, дык гэта значыць, што трэба вылучыць чацвёрку лепшых. А як зразумець, хто лепшы: 6-гадовая вакалістка ці 36-гадовы саксафаніст, які мае музычную адукацыю? І навошта рабіць sms-галасаванне, калі выступленне бачаць толькі нешматлікія гледачы ў сталічнай зале, палова з якіх, можна меркаваць, знаёмыя ці родзічы... Каб разабрацца ў гэтым, я звярнулася да ініцыятара фестывалю (і адначасова дырэктара прадзюсерскага цэнтра) Валерыя ЯСЕВІЧА.
— Вы паставілі шмат пытанняў перада мной, — кажа Валерый, — але паспрабую ўсё растлумачыць. Пад маёй арганізацыяй праходзіць праект “Шоу-Беларусь” — як фестываль творчасці таленавітых дзяцей і моладзі. Але на яго ўвесь час паступала шмат званкоў ад людзей усіх узростаў, якія жадалі паказаць сябе ў розных жанрах. Таму я і вырашыў, што нядрэнна было б зрабіць такі фестываль, які б не меў узроставых і жанравых абмежаванняў.Новы праект з’явіўся яшчэ да расійскага шоу “Хвіліна славы”. Але многія чамусьці лічаць наш праект падобным на яго. Заяўкі ад удзельнікаў мы збіралі па ўсёй Беларусі праз раённыя і гарадскія аддзелы культуры і адукацыі, рабілі рассылку на прадпрыемствы. Вылучаныя мясцовым кіраўніцтвам удзельнікі павінны былі даслаць нам аудыё— ці відэазапісы сваіх выступленняў. Іх аказалася каля ста. Мы адабралі 20 выканаўцаў, з якіх праз тры туры да паўфіналу дайшлі 17.
Дзеля чаго я, укладаючы асабістыя сродкі, арганізаваў гэта? Дзеля пошуку і развіцця творчых асоб, незалежна ад жанру і ўзросту. Для таго, каб іх ацанілі эксперты, далі параду, каментарый, крытыку, заўвагу, каб таленавітыя людзі атрымалі магчымасць паказаць сябе.
— Паказаць — каму? Быў бы сэнс, калі б праект быў тэлевізійны.— Менавіта таму цяпер ідзе тэлевізійны запіс праекта. З адзнятага потым скампануюць блокі тэлеперадач, якія выйдуць на рэгіянальных тэлеканалах. Тады і можна будзе ўбачыць усёй краіне нашых удзельнікаў і іх творчы рост.
— А хто ацэньвае ўдзельнікаў? Я ведаю, што ідзе і sms-галасаванне, і працуе журы. Хто з іх уплывае на ход фестывалю?— Sms-галасаванне стварае рэйтынг. А ўласна выступленні ацэньвае савет экспертаў, у які ўваходзіць музыказнаўца і тэлерадыёвядучая Элеанора Язерская, кампазітар Аляксандр Яўсейчык і тэлежурналіст, дацэнт кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ Людміла Мельнікава. Яны ўказваюць, што ва ўдзельнікаў — добра, а над чым варта папрацаваць. Некаторыя прыслухоўваюцца, і гэта заўважна падчас выступленняў. А іншыя лічаць, што іх паліваюць брудам. Хаця мы спрабуем толькі дапамагчы. Напрыклад, Яўсейчык як кампазітар шукае выканаўцаў для сваіх праектаў. Аднак ён сказаў, што пакуль няма з каго выбіраць. Сапраўды, на другім туры многія выступалі слаба, некаторых хацелі выключыць з далейшага ўдзелу. Але яны папрацавалі над сабой, як ім параіў савет экспертаў. Увогуле ж праз праект мы шукаем выканаўцаў, якія нас зацікавяць.
— А як можна вылучыць лепшага ў рознажанравым і рознаўзроставым фестывалі? Калектыў з Мінска ці чалавека з глыбінкі, дарослага ці дзіця, саксафаніста ці вакаліста? Няўжо можна іх параўноўваць?— А навошта іх параўноўваць?
— Таму што нельга вылучыць найлепшага, не параўноўваючы яго з астатнімі.— У любым выпадку, мы не выбіраем між сантэхнікам і музыкантам. Мы выбіраем між артыстаў, хоць і рознага жанру. І ўвогуле, калі разважаць пра розніцу ва ўзросце, прафесіяналізм і г. д., дык у “Хвіліне славы” таксама няма ўдзельнікаў, якіх можна было б паставіць на адну прыступку. Наш Гран-пры атрымае самы яркі ўдзельнік. Аднак, паўтаруся, мэта для ўдзельнікаў — не Гран-пры, а развіццё свайго таленту.
— Ваш праект, як я разумею, не зусім “Хвіліна славы”. Вы заяўляеце яго як самы маральны і празрысты з усіх фестываляў.— Так, і мы, у адрозненне ад “Хвіліны славы”, даём другі, трэці, чацвёрты шанц удзельніку, выключаючы з шоу толькі ў катастрафічным выпадку. Для нас важна атрымаць у выніку індывідуальную творчую асобу.
— Як вы лічыце, скупыя каментарыі савета экспертаў могуць дапамагчы ў гэтым?— Яны скупыя толькі на публіцы. Частка працы ідзе з удзельнікамі па-за сцэнай, калі савет кансультуе артыста сам-насам, нават па тэлефоне. За два месяцы прагрэс артыстаў відавочны. Але яны павінны зарэкамендаваць сябе так, каб у далейшым нам захацелася з імі працаваць. Бо гэты праект зроблены не толькі дзеля праекта, а і дзеля нас, прадзюсераў. Нам цікава працаваць менавіта з яркімі асобамі, вылучаць і гадаваць іх.
— Але гэтым займаюцца многія конкурсы на Беларусі — вылучэннем таленавітай моладзі.— Так, але на іх, як паказвае практыка, не ўсе могуць патрапіць. На жаль, у беларускім шоу-бізнесе, калі яго можна так назваць, вельмі значную ролю адыгрывае блат, знаёмства. Калі я накіроўваў пісьмы-запрашэнні ў раёны, інфармацыю пра конкурс атрымалі далёка не ўсе. Таму некаторыя ўдзельнікі фестывалю прыехалі па сваёй ініцыятыве, як стыпендыятка Прэзідэнцкага фонду Яніна Арлоўская, якая стала гран-прызёрам фестывалю “Шоу-Беларусь-2007”. Пачынаючым выканаўцам часам цяжка прабіцца праз сіта бюракратызму. А калі чалавеку яшчэ і за трыццаць, сорак — куды яму падацца? Менавіта таму мы цяпер вырашылі самі ездзіць па раёнах і адбіраць удзельнікаў “Майстар-Шоу”, а інфармацыю распаўсюджваць непасрэдна праз СМІ. Мы даём магчымасць: прыходзь да нас — і выступай.— Дарэчы, слушным будзе пытанне: калі ўсе вакол такія злыя бюракраты, дык чаму вы такі шчыры і добрасумленны?— Многія мяне на дух не пераносяць, увесь час падазраюць у камерцыі, але я не стаўлю самамэтай матэрыяльную выгаду ад фестывалю. Тады навошта гэта мне? Я дастаткова зарабляю, каб стварыць нешта для душы, каб пра мяне засталася добрая памяць як пра чалавека, які з нуля, ні ад кога нічога не патрабуючы, не беручы чужых грошай, арганізаваў такі праект.
Масква — яркі прыклад таго, як грошы “вырашаюць” ступень таленавітасці таго ці іншага артыста. Мне не хацелася б, каб такім быў Мінск і ўвогуле Беларусь. Я не атрымліваю ніякай падтрымкі, нават не чакаю элементарнага “дзякуй” ад удзельнікаў, каму дапамог у тым, каб райвыканкам выдзеліў ім грошы на праезд. Я спакойна стаўлюся да падазронасці на свой адрас.
Некаторыя ўжо тэлефанавалі ў розныя інстанцыі, кааб мяне праверылі, але высветлілі, што я, на іх жаль, не крымінальная асоба. Я чую пра сябе: ён такі, ён сякі. А вы вось вазьміце і арганізуйце свой праект. Напрыклад, што перашкаджае дырэктару любога Дома культуры арганізаваць такі фестываль, маючы залу, калектывы, сувязі, апаратуру, штат супрацоўнікаў, грошы з бюджэту? Але ці кожны захоча браць на сябе такі галаўны боль.
— Якім вы бачыце свой праект у перспектыве?— Гэта павінен быць рэспубліканскі рух, і кожны будзе ведаць, што ён зможа прыняць у ім удзел, незалежна ад узросту, жанру выканання ці іншых абмежаванняў. Калі будзе шмат удзельнікаў з усёй Беларусі, мы разаб’ём гэты фестываль па гарадах. Зараз мы ставім задачу пашырэння па рэгіёнах. І сёння нас запрасілі Горкі — праводзіць адборачны тур. Я думаю, што калі праект выйдзе на тэлебачанне, ён атрымае рэзананс. Хачу зрабіць на сваім інтэрнет-партале каталог талентаў з кожнага раёна Беларусі. Некаторыя ўстановы культуры і адукацыі ўжо прынялі мой пасыл і пачалі дапамагаць мне... Час пакажа,ці патрэбны гэты праект для беларускай культуры.
Рэзюме за кулісаміЛюбоў ЗІСЛІС, паўфіналістка фестывалю, метадыст Нараўлянскага раённага дома культуры Гомельскай вобласці:— Я пачала спяваць толькі ў саракагадовым узросце, і з гэтага часу пачаліся мае сольныя выступленні па Нараўлянскім раёне. Я лічу, што мне пашчасціла выйсці на такі фестываль, як “Майстар-Шоу”, дзе я маю магчымасць убачыць і выправіць свае сцэнічныя недахопы, на якія мне ўказвае савет экспертаў. Вельмі хочацца стаць заўважнай, прынесці людзям карысць.Напрыклад, маленькія гарадкі, вёскі не могуць дачакацца, каб да іх нехта прыехаў выступаць, прыкладам, з абласной філармоніі. Таму такія артысты, як я, маглі б прынесці карысць раёнам, запоўніўшы гэтую пустую нішу. Я хачу займацца дабрачыннай канцэртнай дзейнасцю па маленькіх гарадках, вёсках, але для гэтага мне трэба заняцца прафесійным ростам. Хацелася б, каб мяне крытыкавалі больш строга, не шкадуючы, бо я хачу ведаць, чаго канкрэтна мне не хапае, над чым і як мне працаваць. Мабыць, ёсць нейкая літаратура па сцэнічным мастацтве? Я не бачу сябе збоку, але ведаю, што не ўмею нязмушана трымацца на сцэне, жэстыкуляваць, рухацца. Напрыклад, калі мне паказалі запіс майго выступлення, я заўважыла, што мне проста неабходна рэпеціраваць перад люстэркам. Побач са мной у Нароўлі няма спецыялістаў, у якіх я магла б пракансультавацца, таму гэты праект так важны для мяне. 25 снежня ў мяне чарговы сольны канцэрт, і я ўжо думаю, як мне яго выбудаваць з улікам заўваг і парад савета экспертаў.
Гутарыла Святлана КАСЯЧЭНКА Удакладненне
У № 41 газеты “Культура” ў матэрыяле “Настаўніца музыкі” дапушчана недакладнасць: уладальніцай Гран-пры міжнароднага фестывалю-конкурсу творчасці дзяцей і моладзі “Шоу Беларусь—2007” стала Яніна Арлоўская, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а не вакальны ансамбль “Медыянта”, які заняў на конкурсе 1 месца ў намінацыі “вакал”.