Дзень помнікаў. Для людзей

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Што тут душой крывіць: многія важныя святы праходзяць нібы незаўважна, становячыся нагодай хіба для фармальных мерапрыемстваў, якія ніяк не закранаюць грамадскасць. Такі самы незайздросны лёс цалкам мог бы спасцігнуць і Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясцін, які прыпадае на 18 красавіка. Але... сама грамадскасць — а дакладней, ініцыятыўная яе частка — прыклала намаганні, каб гэтага не адбылося. У выніку, з нядаўняга часу маем адметныя традыцыі свята: правядзенне Фэсту экскурсаводаў і суботнікаў на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны, адзін з якіх зладзіў і калектыў рэдакцыі “К”. Прычым абедзве гэтыя завядзёнкі — менавіта наша, беларускае “ноу-хау”. У суседзяў падобнай актыўнасці пакуль не назіраецца.

Экскурсія на 600-х колах

Фэст эксакурсаводаў, што ўжо пяты раз прайшоў на мінулых выхадных, год ад году расце ў маштабах. Сёлета ён уключаў каля 110 экскурсій у самым размаітым тэматычным дыяпазоне: “Дуброва Чапскага”, “Шарм міжваеннага Мінска”, “Гародня маргінальная ў пачатку ХХ ст.”... Агулам было ахоплена каля 30-і беларускіх гарадоў, мястэчак і нават вёсак. Да таго ж, ініцыятыва Беларускага бюро ICOMOS ды іншых грамадскіх арганізацый была падтрымана Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

Як апавёў каардынатар падзеі Цімафей Акудовіч, некалі ўсё пачалося выпадкова. Неяк у прыватнай гутарцы нарадзілася ідэя, затым знайшлася пара-тройка ахвотных падзяліцца ведамі на валанцёрскіх пачатках, выявіліся і жадаючыя іх паслухаць... Сёлета ж шукаць удзельнікаў фэсту не даводзілася — яны знаходзіліся самі.

— Ведаеце, экскурсавод, — гэта ў нечым рамесніцкая прафесія, — распавядае Цімафей Акудовіч. — Чалавек вывучыў аглядавую экскурсію па Мінску — і агучвае яе з дня ў дзень. Тут нічога не зменіш, бо турысты — шторазу новыя, ды і горад яны бачаць упершыню. Але ж у людзей, якія ўсур’ёз цікавяцца краязнаўствам, назапашваецца мноства матэрыялу, і яны не ведаюць, як падзяліцца ім.

/i/content/pi/cult/424/8724/1-1.jpeg

Правесці экскурсію можа прапанаваць кожны ахвотны. Праўда, каб патрапіць у праграму, “навічкам” папярэдне даводзіцца здаваць своеасаблівы іспыт прафесіяналам.

Удзел у Фэсце экскурсаводаў узялі не толькі асобы, але і храмы розных канфесій, установы культуры і нават школа мястэчка Ілья Вілейскага раёна. Музеі і бібліятэкі небеспадстаўна ўбачылі ў гэтай падзеі новую магчымасць пашырыць сваю аўдыторыю. Асабліва сёлета вызначыўся Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, які выступіў суарганізатарам самай шматлюднай на гэтым фэсце экскурсіі — велавандроўкі па фартах крэпасці. Дзякуючы рэкламе, удзел у ёй узялі каля трохсот чалавек!

Такі нязвыклы фармат, як велаэкскурсія, існуе пакуль толькі ў рамках Фэста экскурсаводаў — сёлета яны ладзіліся таксама ў Мінску і Заслаўі. Аднак Цімафей Акудовіч мяркуе, што ў будучыні ён мае вельмі неблагую перспектыву:

— Галоўнае адрозненне ад звычайнай пешаходнай экскурсіі заключаецца хіба ў тым, што турысты могуць наведаць больш цікавых мясцін. У Мінску веладарожка сама па сабе ўтварае добры маршрут — гледзячы па баках, можна ўбачыць нямала вартых увагі аб’ектаў. А тым больш, калі казаць пра рэгіёны, дзе адметнасці аддзяляюць дзясяткі кіламетраў.

Сёлета павялічылася і колькасць экскурсій на замежных мовах — англійскай, нямецкай, польскай, іспанскай і нават сербскай. Па словах Цімафея Акудовіча, іх галоўнымі наведвальнікамі пакуль што з’яўляюцца студэнты, якія вучаць згаданыя мовы, — але ж і пара-тройка замежнікаў траплялася ў кожным з выпадкаў.

Лік экскурсій у Мінску і рэгіёнах сёлета быў амаль роўны. А вось аўдыторыя падзялілася зусім не прапарцыянальна. Мяркуйце самі: у сталіцы фэст агулам сабраў каля 1 800 слухачоў, прычым некаторым экскурсіям спадарожнічаў “перааншлаг” — на іх прыходзіла чалавек па 70. А вось агульная аўдыторыя ў іншых мясцінах куды больш сціплая — усяго 400 удзельнікаў, без уліку трох соцень брэсцкіх веласіпедыстаў.

— Напэўна, тут даецца ў знакі стары стэрэатып: маўляў, хіба можа быць што цікавае ў маім родным горадзе? — мяркуе Цімафей Акудовіч. — У сталіцы ён ужо паспяхова пераадольваецца, а вось у рэгіёнах справа ідзе куды больш павольна. Зрэшты, шмат у чым поспех справы тут залежыць ад лакальных арганізатараў.

Безумоўна, такое размаітае меню ўжо само па сабе парушае вядомае меркаванне пра беднасць нашай краіны на турадметнасці. Выяўляецца, што пры жаданні іх можна знайсці процьму, а калі яшчэ забяспечыць цікавай “падачай”...

— Галоўная ідэя — давесці людзям, што жывуць яны ў багатых на гісторыю мясцінах, што помнік спадчыны — гэта не толькі, скажам, Нясвіжскі замак, але і невялічкая камяніца ХІХ стагоддзя, хай сабе яна і не ў найлепшым стане захавалася. Або нават “сталінка” ў пасёлку Трактарнага завода, — тлумачыць Цімафей Акудовіч.

Натуральна, тут паўстае і іншае пытанне: ці будуць калі тыя экскурсіі запатрабаванымі па-за кароткімі часавымі межамі фэсту, ці страцяць яны сваю эксклюзіўнасць, пераўтварыўшыся ў турпрадукт? Пытанне тым больш актуальнае, што маршрутаў па Мінску айчынныя фірмы сёння прапануюць зусім няшмат. Але, як выявілася, папаўняць свой асартымент за кошт напрацовак энтузіястаў яны пакуль не спяшаюцца.

— Як падаецца, рынак яшчэ не зусім гатовы, каб такія экскурсіі было мэтазгодна зрабіць камерцыйным прадуктам, — лічыць Цімафей Акудовіч. — Бо сёння яны разлічаны перадусім на тых кліентаў, якія прыехалі ў Мінск упершыню ды ненадоўга, і таму ім патрэбна нейкая агульная інфармацыя пра горад, а зусім не цікавыя дэталі. Зрэшты, карысць фэсту яшчэ і ў тым, што ён дазваляе маладым экскурсаводам паспрабаваць свае сілы. Было шмат прыкладаў, калі энтузіясты рабілі першыя крокі на гэтай ніве, натхняліся поспехам — і з часам рабіліся прафесійнымі гідамі. Да таго ж, Фэст экскурсаводаў — гэта таксама і фэст для экскурсаводаў. На экскурсіі па храмах, якія праводзяць самі святары, нярэдка прыходзяць прафесіяналы: тут яны могуць знайсці тую інфармацыю, якую мала дзе яшчэ пачуеш.

 

Ад "Грушаўкі" да Грушаўкі

Пішучы пра складаныя праблемы закінутых помнікаў спадчыны, мы неаднаразова прыходзілі да думкі: а чаму б не зрабіць нешта канкрэтнае для іх захавання? Каб уласнаручна! Месцам рэалізацыі такой задумы невыпадкова было абрана колішняе котлішча Рэйтанаў у Грушаўцы. Пагатоў, акурат і хаўруснікі з’явіліся: арт-куратар Зміцер Юркевіч і мастак Алесь Родзін таксама выношвалі падобную думку.

Наша акцыя пачалася суботнім ранкам непадалёк ад станцыі метро “Грушаўка”, названай у гонар гістарычнага раёна Мінска. І хаця сядзіба Рэйтанаў раней называлася Грашоўка, стаўшы ў савецкія часы чарговай ахвярай “таманімічнага амілагучвання”, выбар месца сустрэчы ўсё адно было вырашана зрабіць невыпадковым.

Пераадолеўшы шлях паміж дзвюма Грушаўкамі, мы заспелі ў сядзібе гаспадарчую групу аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама і метадыста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Наталлю Скрыпнік... Яны акурат завяршалі ўласны суботнік на самым знакавым помніку свайго раёна і пакінулі нам інвентар паводле нашага ўмоўнага "райдара".

— Ужо машын пяць рознага вецця павывозілі, дый папалілі яшчэ вунь колькі... — распавёў начальнік гаспадарчай групы Валерый Івашка...

Натуральна, пра канкурэнцыю ў дадзеным выпадку казаць нават смешна. Пагатоў, у Грушаўцы можна было з поспехам правесці яшчэ тузін-другі падобных талокаў, і працы для ўсіх хапіла б.

/i/content/pi/cult/424/8724/1-2.jpeg

Наш “фронт працы” ўключаў высечку хмыззя ды самасеву, якія шчыльна атачалі будынак флігеля, руйнуючы сваім карэннем яго падмуркі, частковую “зачыстку” ад расліннасці руін бровара і прыборку леташняга лісця ля палаца. Адзін з пунктаў плана так і не быў выкананы: “з тэхнічных прычын” мы не здолелі закрыць невялікую адтуліну ў даху спіртоўні, праз якую ў камяніцу трапляе вільгаць.

— Тут не страмянка патрэбна, а пажарная вышка, — з веданнем справы адзначыў Валерый Івашка. — Лепш мы самі пад’едзем на тыдні ды залатаем тую дзірку. Справа для нас нескладаная, таму — зробім!

У госці да Рэйтанаў мы выправіліся з невялікім падарункам — інфармацыйным шчытом, дзе апісана гісторыя роду, а асабліва — яго найвядомага прадстаўніка Тадэвуша. Выраб борда абышоўся нам усяго ў 300 тысяч рублёў, але няма сумневу, што гэтыя сціплыя ўкладанні могуць паўплываць на ўражанні ад гэтых мясцін у турыстаў-“самаходаў”. Шчыт было вырашана зрабіць невялікі, каб ён не парушаў вонкавае ўспрыманне палаца, што знаходзіцца ў велічы запусцення. А прымацавалі мы яго не да самога будынка, але да дошак, якімі часова забіты вокны ў якасці меры прэвентыўнай кансервацыі. Адзначым, дарэчы, што намаганнямі мясцовых улад і новыя дзверы на палацы з’явіліся, прычым выламваць іх хуліганам гэтым разам будзе складана.

Па дарозе дадому завіталі ў Ляхавіцкі гарадскі цэнтр культуры, дзе акурат праходзіла выстаўка работ мастака і педагога Сяргея Чарановіча. Палова твораў — гэта яго выкшталцоная кніжная графіка, а другая частка прысвечана менавіта Грушаўцы. Аўтар фатаграфаваў сядзібу ў розныя поры года, шторазу знаходзячы ў тых мясцінах утоенае хараство. Здымкі выглядаюць настолькі эфектна, што... нават паўстала пытанне пра камп’ютарныя дзівосы.

— Я імі не карыстаюся — за выключэннем хіба тых выпадкаў, калі ў кадр патрапіла, скажам, выкінутая кімсьці пляшка, — адказаў Сяргей Чарановіч. — Бо робячы фота, хочацца неяк выявіць сваё натуральнае адчуванне гэтай папраўдзе ўнікальнай прасторы.

...Чатыры гадзіны фізічнай працы на свежым паветры — ды яшчэ і ў такіх цікавых мясцінах — для гарадскіх жыхароў былі чыстым задавальненнем, і распавядаючы знаёмым пра сваю вандроўку, мы адусюль чулі: “Дык а чаму ж нас не ўзялі?”. Таму калі належна арганізаваць такія талокі, можна чакаць з’яўлення новага папулярнага хобі.