Няўжо накормім гледача “гумкай”?

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Маналог аніматара: чаму выхаванае на “Шрэку” пакаленне не заўжды ўспрымае “Несцерку”?

Першы беларускі поўнаметражны мультфільм “Прыгоды Несцеркі” крочыў на вялікі экран. Ды не ў адзіноце, а ў атачэнні шырокага розгаласу — і з боку прэсы, і з боку першых гледачоў, што пабывалі 25 сакавіка на яго прэм’еры ў сталічным "Доме кіно". Але самым строгім крытыкам-экзаменатарам для свайго “дзіцяці” застаецца ягоны “бацька” — аўтар ідэі, рэжысёр Ігар ВОЛЧАК. Пасля "культура"ўскай публікацыі "Мульпрыгоды, якія зацягнуліся" лаўрэат найпрэстыжных конкурсаў і фестываляў, адзін з самых плённых творцаў у галіне нацыянальнай анімацыі ён працягвае і па завяршэнні працы разважаць над плёнам уласнай працы:

— Прэм’ера мультфільма, што адбылася ў Доме кіно, развеяла многія сумневы. Было шмат падзяк, яны працягваюць ісці, і не толькі ад дарослых, але і ад многіх і многіх дзяцей. Я не чакаў такога! Думаў, што калі тры-чатыры чалавекі падзячаць, дык гэта ўжо будзе добра. А тут — такая колькасць! І менавіта ад дзяцей. Тэлефанавала і настаўніца сярэдняй школы № 29 — ад імя ўсяго класа, які быў на прэм’еры. А адны бацькі патэлефанавалі мне і сказалі, што іх сын пасля мульціку папрасіў: “Мне трэба тэрмінова купіць ганчарнае кола”. Вось, аказваецца, як зацікавіўся, што вырашыў узяць з героя прыклад!

Але ж мульцік выявіў і праблему. Прэм’ера была на беларускай мове, і высветлілася, што нашы дзеці яе практычна не ведаюць. Ці ведаюць так дрэнна, што ім усё роўна ўвесь час патрэбна дапамога бацькоў, каб тыя ім “перакладалі”, тлумачылі. Папярэджваючы прагляд, я ўзгадаў такое параўнанне. Зрэжце ў дрэва крону — яна адрасце. А калі знішчыць карані? Так і з нашай нацыянальнай культурай. Раней было нармальна ведаць па дзесяць — дванаццаць моў, сёння ж мы не можам вывучыць адну — родную, матчыну. А мова ж прыгожая, мілагучная! І фільм дае магчымасць адчуць яе мелодыку, каларыт, прыгажосць. Так, ёсць і рускамоўны варыянт, але ён разлічаны на Расію. Нават на прэзентацыі, адразу пасля прагляду, я атрымаў прапанову з Краснадара: маўляў, такая стужка ім вельмі патрэбна.

У прэсе ўвесь час мусіруецца, што праца над фільмам доўжылася дзесяць гадоў. Але гэта не так! Мы ж яго не задумвалі дзесяцігоддзе таму як поўнаметражную стужку, а рабілі серыял — асобныя фільмы, якія ў выніку аказаліся аб'яднанымі адзіным скразным дзеяннем, і з’явілася магчымасць стварыць з іх поўнаметражны фільм. І мы зрабілі яго — за паўгода.

Развагі пра тое, што ў стужцы розны тэмпарытм, што яе пачатак надта павольны, ідуць ад неразумення законаў жанру, формы, стылю. Калі чалавек выхаваны на “Шрэке” і “Мадагаскары”, яму многае ў “Прыгодах Несцеркі” і, шырэй, у нашай нацыянальнай культуры, можа падацца “няправільным”. Таму давайце паспрабуем разабрацца. Па-першае, “Несцерка” зроблены на аснове беларускага фальклору, народных казак і паданняў. А казкі, як вядома, заўсёды пачынаюцца “здалёк”. І пакуль там не будзе сказана: “у нейкім царстве...”, “за морам-акіянам...”, “у старога са старой...” і гэтак далей, — ніякае дзеянне не пачнецца. Трэба ўлічваць гэтыя асаблівасці!

Па-другое, пры ўсіх цяперашніх зменах у адчуванні часу, тыя творы, што напісаны ў тэмпе Адажыа, ніхто не выконвае ў тэмпе Алегра — толькі, маўляў, таму, што публіцы будзе так больш зразумела. Увогуле, цяперашняе імкненне да “кліпавасці мыслення”, да таго, каб перад вачыма ўсё хутка мільгала, таксама павінна мець мяжу. Бо на пэўным этапе гэта “мільгаценне” ўжо не ўспрымаецца, на яго не звяртаюць увагу, быццам гэта нейкі фон. Да таго ж, было б куды горш, калі б “Прыгоды Несцеркі” былі пабудаваны інакш: спачатку, каб прывабіць гледача, — хуткая змена кадраў, а ў канцы — усё больш павольна ды павольна. А калі ў нас тэмп паступова нарастае, гэта адпавядае законам і мастацкай формы, і чалавечага ўспрымання.

Па-трэцяе, усім вядома, што гумка, асабліва ў вялікай колькасці, — шкодная для здароўя, хаця дзеці яе вельмі любяць. Бацькі імкнуцца даваць дзецям нешта карыснае, а не тыя ж чыпсы — хаця, зноў-такі, дзеці іх любяць. Мастацтва — гэта таксама духоўная ежа. Таму тут трэба думаць, а не "карміць" падлетка шырспажывам. І акрамя забаў (а яны і ёсць тая "гумка", якой у мастацтве дастаткова), “неабходна, каб дзеці вучыліся думаць, разважаць, каб разумелі, што добра, а што — дрэнна. І калі хтосьці сцвярджае, што мастацтва ніяк не ўплывае на фарміраванне дзіця і не выхоўвае яго, дык той глыбока памыляецца. Мастацтва ўздзейнічае на чалавека на розных узроўнях, штосьці адкладаецца нават у падсвядомасці. Яно дае не толькі эстэтычнае выхаванне, але і этычнае, маральнае. Праз мастацтва часам можна сказаць болей, чым навучаць бацькі. І пра гэта трэба клапаціцца. Уражанні, што адкладаюцца, бываюць вельмі моцнымі і могуць дзейнічаць на вялікай часавай адлегласці, калі дзіця падрастае і пачынае аналізаваць калісьці ўбачанае. А калі дзеці глядзяць адно рэкламу, дык што тады адкладзецца? Ці ж навучацца яны думаць?

Дадам, што і тэмп мастацкага твора павінен садзейнічаць успрыняццю. Калі гэта адно забаўка, дык і тэмп можа быць хуткім. Калі ж мы хочам, каб штосьці ўбачанае было асэнсавана, трэба даць такую магчымасць: дзесьці павінна быць паўза, дзесьці — запавольванне.

Па-чацвёртае, трэба размяжоўваць мастацтва і камерцыю. Той жа серыял “Маша і Мядзведзь” — чыста камерцыйны. А вось яго выхаваўчы эфект можна і аспрэчыць. Чаму ён вучыць — як трэба здзеквацца?

А ў нас была дакладная пастаўленая задача: наш герой, Несцерка, павінен не толькі забаўляць, але і вучыць. Ды не абы-чаму, а чамусьці добраму. Ён вучыць, што калі ў чалавека ёсць прафесія, калі ён умее штосьці рабіць і робіць гэта з душой, дык усё ў яго будзе добра: і дом, і сям’я, і праца, і ўсё жыццё. Іншымі словамі, наш фільм пра тое, што не трэба даваць чалавеку рыбу, лепш — вуду, каб ён сам навучыўся рыбу лавіць. І ўсе размовы пра тое, што Несцерка, маўляў, абібок і прайдоха, — лухта. У самым пачатку мульціка Фея дорыць яму ганчарнае майстэрства — тое, чым славяцца беларусы. А ён не разумее, якая гэта каштоўнасць, не ведае, што з гэтым рабіць, не ўяўляе, што ёсць рэчы больш важныя, чым чырвонцы. І пачынае займацца ўсялякімі глупствамі. Але ж Несцерка не прайдоха! Рамантык, які любіць марыць? Так. Добры, спачувальны? Канешне. Хоча жыць добра? Зразумела. Але ж колькі ўсяго яму даводзіцца прайсці, каб уцяміць, што ён меў і што страціў. У фінале ж герой зноў набывае прафесію — і да яго прыходзіць дабрабыт. Вось пра што наш фільм!

Вядома, кожны чалавек мае права на ўласнае меркаванне. Але ж гэта не ісціна ў апошняй інстанцыі. І думкі могуць аказацца памылковымі! Таму, перш чым штосьці гаварыць, трэба спачатку думаць. А яшчэ як мага часцей прыгадваць фразу Канфуцыя: веды без развагі — некарысныя, а развагі без ведаў — небяспечныя. Так што — вучыцеся, разважайце і часцей карыстайцеся гэтым афарызмам.

Застаецца толькі спадзявацца, што Несцерка атрымае ўсе магчымасці дайсці да гледача — ва ўсіх сэнсах. “Прыгоды Несцеркі” ў цяперашнім фармаце прыдатныя для паказу як у кінатэатрах, так і па тэлебачанні. А тое, што стужка падзяляецца на асобныя “главы”, кожная з якіх прысвечана той ці іншай “прыгодзе”, дазваляе паказваць яе па тэлебачанні не толькі ўсю цалкам, але і “дазіравана”. Што ж да іншых форм распаўсюджвання фільма, дык у мяне ўжо на прэзентацыі запытвалі: дзе набыць DVD? Пакуль — анідзе. Але пытанні пракату беларускіх фільмаў — тэма для асобнай размовы. Дадам толькі, што “Прыгоды Несцеркі” — не адзіны падобны нацыянальны праект. Ёсць у нас, да прыкладу, адзначаная прызамі “Аповесць мінулых гадоў”, прысвечаная гісторыі гербаў нашых гарадоў. Пачыналі мы з абласных цэнтраў, потым далучыўся Полацк, іншыя славутасці — цыкл працягвае здымацца і дагэтуль. Дзякуючы яму, да ўсяго, маладыя рэжысёры могуць паспрабаваць сябе ў малой форме. Але ж ці ведаюць гэтыя фільмы тыя, каму яны адрасаваныя? Тут мы зноў вяртаемся да таго, што задача мастацтва — не грошы, а душы людзей...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"