Экспазіцыя змяшчала, у асноўным, толькі новыя працы, створаныя за апошнія пару гадоў. Шырокая публіка змагла пабачыць разнастайныя па жанрах творы: сюжэтна-тэматычную карціну, анімалістыку, нацюрморт, партрэт.
Увогуле, творчасць Алега Кастагрыза вылучае складаны сінтэз традыцый класічнага фігуратыўнага жывапісу з прыёмамі мастацтва абстракцыянізму, з яго згарманізавана яркай колеравай гамай і сімвалічнасцю фактурных эфектаў. На адлегласці некаторыя работы можна параўнаць з дэкаратыўнымі пано, галоўную ролю ў якіх выконвае гульня стылізаваных форм і колеравых плям. Напрыклад, у такіх карцінах, як “Нацюрморт з хаткай”, “Чаша”, “Павольная плынь”, “Соль”, “Святочны вечар”, аўтар смела парушае пабудову кампазіцыі ў нацюрморце ці пейзажы шляхам суаднясення іх да беспрадметнага жывапісу. Незвычайная сімволіка, творчы падыход да зместу твора і крэатыўная тэхніка алейнага пісьма, дазвалялі гледачу разглядаць вобраз у зусім розных інтэрпрэтацыях.
А.Кастагрыз. "Грушы і нож".
І наадварот, многія фігуратыўныя кампазіцыі: “Кідальнік нажоў”, “Зброевая крама”, “Прадаўцы цмокаў”, “Распродаж”; партрэты: “Раніца”, “Кубак гарбаты” на першы погляд могуць падацца незразумелымі. Але зблізку кожная праца набывае абрысы, і для асобнага аматара ўбачанае напаўняецца суб’ектыўным сэнсам, становіцца ўласнай асацыяцыяй.
Алег Кастагрыз гаворыць: “Сваю карціну я бачу часам некалькі месяцаў, ці нават менш, а хтосьці маю карціну бачыць усё жыццё. Мастаку патрэбен глядач… Без гледача няма карціны!”. І выстаўка “Распродаж вобразаў” гэтаму пацвярджэнне.
Ксенія РАЛІНСКАЯ, мастацтвазнаўца Галерэі "Мастацтва" БСМ