QR-код на помніку

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

II навукова-практычны семінар "Электронная культура" адбудзецца 24 красавіка ў рамках ХХ Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях "TIBO-2013" і ХХ Беларускага кангрэса па тэлекамунікацыях, сувязі, бяспецы, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях.

У семінары возьмуць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай бібліятэкі, Прэзідэнцкай бібліятэкі, Нацыянальнага агенцтва па турызме, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Нацыянальнага мастацкага музея і многіх іншых.

Зыходзячы з вопыту мінулага навукова-практычнага семінара, удзельнікі працягнуць абмеркаванне актуальных для беларускіх устаноў культуры пытанняў мадэрнізацыі і інфарматызацыі, арганізацыі шырокага спектра электронных паслуг, фарміравання электроннага кантэнта, стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы. Кіраўнікі і спецыялісты самых прагрэсіўных бібліятэк, музеяў падзеляцца вопытам з тымі калегамі, хто яшчэ не выкарыстоўвае найноўшыя тэхналогіі ў сваёй працы.

"Наша бібліятэка даволі актыўна займаецца мадэрнізацыяй і аптымізацыяй сваёй дзейнасці, — кажа вучоны сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Юрый Максіменка. — На семінары будзе прадстаўлены даклад менавіта пра тыя інфармацыйна-электронныя рэсурсы бібліятэкі, якімі ўжо карыстаюцца наведвальнікі нашага сайта. Гэта віртуальны музей "Дрэва дружбы", прысвечаны супрацоўніцтву Гомельскай бібліятэкі з калегамі з Бранскай і Чарнігаўскай абласцей, базы даных "Знакамітыя людзі Гомельшчыны", "Кампазітары Гомельшчыны", "Кніжныя дары", віртуальныя музеі пісьменнікаў-землякоў…"

Цікавым мае быць і выступленне малодшага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Алеся Лапо, які раскажа пра ўкараненне на гісторыка-культурных аб’ектах комплексу інавацыйнай тэхналогіі QR-кода, што раней у нашай краіне ў сферы культуры практычна не выкарыстоўвалася.

Па словах загадчыка навукова-інфармацыйнага аддзела Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Віталя Гаўрылава, ён возьме ўдзел у мерапрыемстве пакуль толькі ў якасці слухача. "Самае галоўнае для навічкоў у пытанні мадэрнізацыі, — кажа ён, — добры прыклад перад вачыма". Віталь Гаўрылаў, спадзяёцца, што вопыт музейшчыкаў, якія ўжо даўно карыстаюцца найноўшымі тэхналогіямі, дапаможа палачанам пазбегнуць памылак на шляху да інфарматызацыі.

"Асноўная мэта ўсіх удзельнікаў семінара "Электронная культура" — падзяліцца вопытам па выкарыстанні тэхналогій з калегамі, — кажа выконваючы абавязкі загадчыка аддзела бібліятэчна-інфармацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Жанна Рысева. — Відавочна, што нямногія вясковыя, раённыя, а часам і абласныя ўстановы нават не ведаюць, з чаго пачаць, бо не могуць дазволіць сабе кансультацыю са спецыялістам у галіне інфармацыйных тэхналогій, а гэты семінар якраз дае магчымасць і абраць патрэбны накірунак для дзейнасці, і пагутарыць з прадстаўнікамі прадпрыемстваў па распрацоўцы і пастаўцы праграмнага забеспячэння. Акрамя таго, "Электронная культура" — мерапрыемства, абумоўленае дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011 — 2015 год, дзе падкрэсліваецца неабходнасць тэрміновай мадэрнізацыі ўсіх устаноў культуры нашай краіны".

Надзея ПЯКАРСКАЯ