Лялькі сустрэнуцца над Нёманам

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Дванаццаць тэатраў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны і Расіі прадставяць свае спектаклі ў рамках І Міжнароднага свята-фестывалю тэатраў лялек "Лялькі над Нёманам", які адбудзецца 10 — 13 мая ў Гродне.

Кожны дзень, з раніцы да вечара, гледачы змогуць атрымаць асалоду ад самых неверагодных пастановак у самых неверагодных формах. Так, напрыклад, Тэатр на колах з Літвы пакажа не зусім традыцыйную казку "Пернікавы домік", а Беларускі тэатр "Лялька" з Віцебска прадэманструе драму "Запіскі вар’ята". Агулам, на сцэне Гродзенскага абласнога тэатра лялек і малой сцэне Абласнога драматычнага тэатра гледачы ўбачаць тры спектаклі для дарослых і дзевяць — для сямейнага прагляду, якія, у асноўным, уяўляюць з сябе сучаснае пераасэнсаванне народных казак краін-удзельніц.

/i/content/pi/cult/423/8708/3-2.jpeg

Беларусь на фестывалі "Лялькі над Нёманам" будуць прадстаўляць адразу тры тэатры — Магілёўскі абласны тэатр лялек з пастаноўкай "Чароўны пэндзаль", Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Брэсцкі тэатр лялек" са спектаклем "Месяц Сальеры" і Беларускі тэатр "Лялька" з Віцебска, які пакажа "Запіскі вар’ята".

Цікава, што гаспадар фестывалю — Гродзенскі абласны тэатр лялек — у конкурсе ўдзельнічаць не будзе, але, па словах літаратурнага рэдактара тэатра Марыны Блажыеўскай, у апошні дзень "Лялек над Нёманам" Гродзенскі тэатр па-за конкурснай праграмай плануе паказаць першую прэм’еру 2013 года — пастаноўку "Гаспадары". Калі ж з прэм’ерай не атрымаецца, тэатр прадставіць адзін са сваіх спектакляў-візітовак, якіх, дарэчы, хапае ў рэпертуары гродзенцаў.

"Для нас галоўнае не ўдзел у конкурсе, — кажа Марына Блажыеўская. — Мэта фестывалю — паказаць, што ўяўляе з сябе сучасны тэатр лялек, чым ён жыве, як развіваецца. Менавіта таму адной з умоў удзелу ў конкурсе была прэзентацыя не самага лепшага спектакля, а найноўшага, што зможа выявіць не толькі майстэрства трупы, але і творчае, матэрыяльнае, кадравае становішча тэатра. Тым больш са многімі калектывамі, якія прыедуць на фестываль "Лялькі над Нёманам" мы ўжо даўно даволі паспяхова супрацоўнічаем, і таму будзе вельмі цікава ўбачыць, наколькі плённа праявіцца іх праца ў межах конкурсу."

Пасля трох конкурсных дзён журы назаве лепшых у намінацыях "Гран-пры", "рэжысёр-пастаноўшчык", "мастак-пастаноўшчык", "акцёрскі ансамбль". Акрамя таго, асобны прыз атрымае адзін з тэатраў па выніках галасавання гледачоў.