“Мотавела” запусціў… Чапскі

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Народныя веласіпед і матацыкл

Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Мінску з’явіўся веласіпед, а ў сярэдзіне 40-х гадоў наступнага стагоддзя  — веласіпедны завод, які ў 1951 годзе стаў вядомым сёння “мотавела”.

/i/content/pi/cult/423/8706/14-2.gif

Калі прытрымлівацца той тэорыі, што кожная рэч — нішто іншае, як матэрыялізаваная думка, дык мінскі гарадскі галава ў 1890 — 1901 гадах граф Караль Чапскі ў нейкім сэнсе можа лічыцца хросным бацькам беларускай мотавелапрамысловасці. Менавіта ён наладзіў у тагачасным губернскім цэнтры велатрэк з велапракатам, чым абудзіў цікаўнасць грамады да двухколавага транспартнага сродку. Так бы мовіць, раскруціў кола, запусціў працэс…

Зараз у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстаўка пад назвай “Два колы”, прысвечаная беларускім веласіпедам і матацыклам 1950 — 1990-х. Мабыць, гэтая экспазіцыя больш пасавала б гіпатэтычнаму рэспубліканскаму Музею тэхнікі, пра ідэю якога “К” пісала ўжо. Але, на жаль, такога музея ў нас пакуль няма. Вось і давялося знаёміць грамаду з цікавым раздзелам індустрыяльнага летапісу краіны Нацыянальнаму гістарычнаму. Тут можна пабачыць веласіпеды ад “Арлёнка” да “Аіста”, матацыклы ад першых М1А і М1М да самага хуткага на базе мадэлі ММВЗ-3. 227.

Акрамя ўзораў згаданых транспартных сродкаў, у экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі, якія даюць уяўленне пра ўсесаюзную папулярнасць і шырокую сферу выкарыстання прадукцыі Мінскага мотавелазавода. Трэба браць да ўвагі, што ў савецкі час пра “харлей” ці “хонду” можна было толькі марыць. Замежная ж мотавытворчасць была ў СССР прадстаўлена чэхаславацкай “явай”.

Так, папулярнасць мінскіх матацыклаў у насельніцтва ў нейкай ступені вызначала адсутнасць выбару. Але трэба аддаць належнае беларускім канструктарам і вытворцам, якія рабілі простыя і надзейныя машыны. Пра першыя мадэлі можна сказаць: “рэха вайны”. Падаецца, што іх канструктары раней рабілі для арміі, а значыць — не надта дбалі пра вонкавы выгляд. А вось найбольш блізкія да нас па часе ўжо не саступаюць аналагічным заходнім машынам тае пары ў дызайне.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"