Аўтакуцюр’е з Койданава

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

“Паршэ” і “мэрсэдэс” ад ураджэнца Беларусі

Беларусь узбагаціла Парыжскую мастацкую школу больш як дзясяткам выдатных майстроў. Але ў Францыі, якая на пачатку мінулага стагоддзя і ў час мірнага перадыху паміж сусветнымі войнамі, была культурным лідарам ды заканадаўцам моды, беларусы шчыравалі не толькі на ніве мастацтва выяўленчага. Значны ўнёсак у развіццё арт-дызайну зрабіў ураджэнец мястэчка Койданава (сённяшні Дзяржынск) Якуб Саўчык. Французам ён вядомы як Jagues Saoutchik (Жак Саўтчык — з націскам на апошнім складзе).

Нарадзіўся наш герой у 1880 годзе. Праўленне Аляксандра ІІІ вылучалася і эканамічным уздымам, і культурнымі дасягненнямі. Відаць, таленавіты хлопец з правінцыі мог бы зрабіць кар’еру на радзіме. Аднак, калі Якубу было дзевятнаццаць гадоў, ён з жонкай з’ехаў у Францыю. Што прымусіла яго пакінуць свой абшар? Сёння пра тое можна толькі гадаць. Мо на ўчынак маладога Якуба паўплываў ягоны дзед, які калісьці завочна закахаўся ў Францыю праз аповеды, што чуў ад людзей. Так ці інакш, але ў 1899 годзе Саўчык трапляе ў Парыж.

Першая работа, якую эмігрант атрымаў у сталіцы Францыі, — удзел у дэмантажы расійскага павільёна на Парыжскай сусветнай выстаўцы, якая толькі што скончылася. Назапашванне пачатковага капіталу заняло ў Якуба (цяпер ужо Жака) пяць гадоў. За гэты час ён не цураўся ніякай работы. І як толькі адчуў сябе фінансава дзеяздольным, адкрыў кузаўную майстэрню. Справа ў тым, што Якуб-Жак меў прафесію чырвонадрэўшчыка, а на пачатку мінулага стагоддзя аўтамабільныя кузавы рабіліся менавіта з дрэва.

/i/content/pi/cult/423/8705/1-1.jpeg

Прынцып падзелу працы ў тагачасным аўтапраме выглядаў так: адны фірмы рабілі шасі, другія — маторы, трэція — кузавы. Пры гэтым нешматлікія ў той час аўтаўладальнікі кузавы замаўлялі для свайго самаходу індывідуальна. Потым масавая аўтамабілізацыя гэты прынцып пахавала. Аднак, аўтамабілі для “першых асоб” розных дзяржаў і дагэтуль, кажуць, збіраюцца так.

Справы ў Саўчыка пайшлі ўгору. Па-першае, таму што ён быў працаголік, па-другое, меў талент. І, што таксама важна, здолеў, як кажуць, у патрэбны час апынуцца ў патрэбным месцы. Знайшоў сваю нішу, свой сегмент у тагачасным аўтабудзе.

Гісторыкі дызайну гавораць, што ў кузавах Саўчыка выявіліся такія французскія якасці, як вытанчанасць і шык. У свой час яго нават называлі Віале-ле-Дзюкам (самым аўтарытэтным стылістам у французскай архітэктуры XIX стагоддзя) ад аўтабудавання. Еўрапейская (чытай, сусветная) слава да Саўчыка прыйшла ў 1928 годзе, калі ён зрабіў кузаў на шасі Mercedes-Benz 680S. Інжынерная распрацоўка гэтага выдатнага спартыўнага купэ належыла будучаму стваральніку “народнага аўтамабіля” Фердынанду Паршэ.

/i/content/pi/cult/423/8705/14-1.jpeg

Кожны экзэмпляр аўтамабіля ад Саўчыка меў індывідуальную прапрацоўку. Гэта ўласныя колеравая гама, бамперы, вышыня ветравога шкла. Працуючы над кузавамі класу “тарпеда-кабрыялет” майстар максімальна зменшыў колькасць выступаючых дэталяў, прыбраў падножкі, упрыгожыў пярэднюю частку крылаў бліскучымі накладкамі.

Падобны рэцэпт — мінімум выступаючых частак, шмат паліраванага металу і дарагая аздоба салона — ён скарыстоўваў пазней у другіх аўтамабілях. Прыкладам можа быць вытанчаны Delahaye 135S 1936 года.

Свае самыя вядомыя творы аўтакуцюр’е рабіў для VIP-персон. У гэтых машынах ён здолеў адлюстраваць не толькі сваю індывідуальнасць, але і асобу замоўцы. Аблічча Hispano-Suiza H6 1938 года адразу гаворыць, што ўладальнік мае дачыненне да авіяцыі. І, насамрэч, машына належыла французскаму авіятару і аўтагоншчыку Андрэ Дзюбанэ.

Саўчык рабіў кузавы машын актрыс Далорас дэль Рыа і Мэры Пікфард, першых асоб Сіама, Камбоджы, Нарвегіі, шаха Ірана, караля Эфіопіі, прэзідэнта Францыі.

Прадпрыемства Саўчыка было на плыву да 1950-х. А потым неканвеернае кузавабудаванне пайшло на спад. Адпаведна, скончыліся добрыя часы для “Jagues Saoutchik”. У1952 годзе Саўчык перадаў сваё атэлье сыну. Той, не меў бацькоўскіх талентаў, да таго ж, час патрабаваў новай эстэтыкі для новай тэхналогіі. Атэлье зачынілася.

Перш чым Якуб Саўчык пайшоў з жыцця ў 1955 годзе, ён паспеў даць шэраг парад Полю Браку, вялікаму дызайнеру Mercedes і BMW…

P.S. На вялікі жаль, у экспазіцыі краязнаўчага музея Дзяржынска няма згадак пра Якуба Саўчыка.

На здымку: узор дызайнерскай творчасці Якуба Саўчыка.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"