Супермэнскi аватар… Гамлета

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

P.S. да “М.@rt.кантакту”

Нягледзячы на дастаткова падрабязны расповед пра вынiкi сёлетняга Мiжнароднага маладзёжнага форуму “М.@rt.кантакт”, хацелася б яшчэ раз засяродзiцца на “вяршынi” гэтага “айсберга” — спектаклi-пераможцы “Гамлет”. I зусiм не таму, што “Шэкспiр — наша ўсё”, а менавiта з прычыны аналiзу таго, якiм чынам фестывалi як форма культурнага жыцця краiны ўплываюць на развiццё гэтай самай культуры ў канкрэтным рэгiёне. Камусьцi можа падацца, што падобныя iмпрэзы цiкавыя адно толькi iх удзельнiкам, аднак практыка паказвае: разумна прадуманыя фестывалi “жывуць” на працягу ўсяго года, даючы плён у выглядзе таго, што творчае жыццё рэгiёна — у дадзеным выпадку горада Магiлёва — прыбывае, прынамсi, i за кошт новых, цiкавых пастановак.

/i/content/pi/cult/423/8704/7-5.jpeg

Сёлета ўпершыню ў гiсторыi “М.@rt.кантакту” Магiлёўскi абласны тэатр лялек выступiў у якасцi паўнавартаснага калектыву-канкурсанту i заявiў на спаборнiцтва шэкспiраўскага “Гамлета”. Рэжысёр спектакля Iгар Казакоў, не сумняваючыся, што першае ж пытанне ў яго адрас будзе “Чаму менавiта гэты твор?” — задае нам дакладна вызначаны вектар погляду на знакамiтую п'есу, калі прыводзіць у праграмцы эпiграфам да спектакля аднайменны верш Iосiфа Бродскага. “Яны прыйшлi глядзець, як вы памрэце…” — гэтыя радкi можна лiчыць своеасаблiвым адказам на класiчнае: “Пра што спектакль?”. Што рабiць, калi персанажы на сцэне i гледачы ў зале чакаюць аднаго: магчымасцi паназiраць за “працэсам памiрання героя”?

У галоўнай ролi ў спектаклi выступае малады акцёр Юрка Дзiвакоў. У яго выкананнi Гамлет зусiм не адсылае нас нi да шэкспiраўскага парывiстага барацьбiта за праўду i справядлiвасць, нi да пакутлiвага ў сумневах кiнагероя, створанага ў фiльме Рыгора Козiнцава Iнакенцiем Смактуноўскiм. Ён, Гамлет, нягледзячы на свой пашпартны ўзрост, — усё яшчэ хлапчук, але не Пiтэр Пэн, якi, не жадаючы сталець, аб’яўляе вайну даросламу свету, а забаўны, амаль што плюшавы… Супермэнiк, што знешне iмiтуе паводзiны знакамiтага кiнагероя, намагаючыся такiм чынам пазбавiць сябе ад неабходнасцi ўсур'ёз сутыкнуцца з навакольным “дарослым” светам. Так, Гамлет ХХI стагоддзя, па версii Дзiвакова i Казакова, — зусiм не рэфлексуючая iстота. Яго нават палохае неабходнасць ставiць перад сабой пытаннi кшталту “быць альбо не быць”, каб адшукаць на iх адказы. Маналогi, што гучаць з вуснаў героя Юркi Дзiвакова — бы голас “аднекуль”: ён змушае хлопца яшчэ мацней прыцiскаць да сябе ўласнага Гамлета-ляльку з надзеяй, што гэта толькi голас, але…

/i/content/pi/cult/423/8704/7-4.gif

Але статус героя вымагае адначасова i пэўнай ступенi публiчнасцi: усе твае перажываннi, сумненнi, эмацыянальныя парывы i памкненнi абавязкова i немiнуча становяцца здабыткам усеагульнага назiрання i абмеркавання. Як тут быць маладому чалавеку, за што схавацца? За iранiчную “маску” Губкi Боба? За бескампрамiснасць Супермэна, якому не патрэбны час для разваг i прыняцця рашэнняў, а дастаткова ўсяго толькi iмпульсу для дзеяння?

Спектакль, дзе на галоўнага героя нiхто быццам бы свядома i не “нацiскае”, але адначасова i не выпускае са сваiх “жалезных абдымкаў”, разыгрываюць перад намi, гледачамi… шэкспiраўскiя магiльшчыкi. Персанажы, асноўны занятак якiх — капанне магiл, прыўносяць у класiчную гiсторыю элемент адмежаванасцi i пэўнай ступенi “спакойнасцi” ўспрыняцця шэкспiраўскiх сюжэтных калiзiй… I гэтая адмежаванасць надта ж нагадвае нашу, сучасную ступень абасобленасці ад таго, што адбываецца ў навакольным свеце, дзе ўжо нiхто не перажывае ўсур'ёз над праглядам, прыкладам, дакументальных крымiнальных фiльмаў або навiновых рэпартажаў. Але акурат такi час, калi нiхто нi ад каго быццам бы i не патрабуе подзвiгаў, i нараджае гамлетаў. Шэкспiраўскае: “Быць альбо не быць?” у сцэнiчнай версii Iгара Казакова ператвараецца ў “Калi не я, дык хто?”…

Таццяна КОМАНАВА

На здымках: сцэны са спектакля "Гамлет".