Навігацыя на Дзвіне

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

“Кантэйнеры з пасланнямі”, напоўненыя сэнсам

Калі вясна і крыгаход за вокнамі старажытнага езуіцкага калегіума — а цяпер выставачнай залы, — неяк дарэчна выглядае выстаўка крохкіх шкляных твораў. Ды яшчэ з відам на Заходняю Дзвіну! Напэўна, ёсць сувязь паміж празрыстасцю шкла, крохкасцю ільда ды імклівасцю плыні. “Камянём, які цячэ” звалі старажытныя егіпцяне шкло. Не адзін раз адбывалася вынаходніцтва гэтага матэрыялу рознымі народамі. Тайна нараджэння шкла схаваная нават у выключнасці ягонага характару: цвёрдае, метафарычнае і здатнае параніць. Да 12 мая ў Мастацкай галерэі Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка доўжыцца выстаўка мастацкага шкла “Навігацыя”.

/i/content/pi/cult/423/8703/7-1.jpeg

Яе ўдзельнікамі сталі дзесяць мінскіх творцаў. Экспаненты трактуюць шкляную рэч не ў якасці ўтылітарнага аб’екта, створанага дзеля таго, каб нешта наліць ці пакласці. Хаця не, іх творы напоўнены — найперш, сэнсам. Гэта сапраўдныя “кантэйнеры з пасланнямі” — празрыстыя формы камунікацыі з гледачом.

“Пасланні ў бутэльках” расцянуліся ўздоўж пакуль скаванай ільдом Дзвіны — аддзеленыя ад яе таўшчэзнымі гістарычнымі мурамі — па калідорнай выставачнай зале трэцяга паверха галерэі. Як падаецца, нам удалося стварыць цякучыя абрысы “экспазіцыйных выспаў” — згрупаваных ці асобных твораў, якія “рухаюцца” па асабістых траекторыях, але — у межах аднаго струменя.

/i/content/pi/cult/423/8703/7-2.jpeg

Рух і прастору выстаўкі “трымаюць” — для шкла надзвычай манументальныя — творы Алены Атрашкевіч. “Вагон часу”, “Бітва вентылятараў” і “Адлегласць” — гэткія паслядоўныя “навігацыйныя” кантрапункты. Празрыстыя “буі”, якія адзначаюць межы прафесіяналізму — працы маладых мастакоў шклозавода “Нёман” — Алены Ткачовай і Сяргея Шэціка. Паміж імі — вір невялічкіх, але выкшталцоных выспачак, створаных студэнтамі аддзялення шкларобства Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ганнай Аляксейчык, Дар’яй Ціхай, Ганнай і Усеваладам Зарубінымі. Парадаксальныя аб’екты Вольгі Сазыкінай з серый “Партызанская архітэктура” і “Галюцынагены” разам складаюцца нават у невялічкі матэрык. І амаль як маяк ззяе электрычным святлом рознакаляровая кампазіцыя “Акцябраты” Паўла Вайніцкага. Бо ў адзін з дзіцячых партрэтаў — жоўты — устаўлена сапраўдная лямпачка.

Звычайна завешаныя карцінамі, галерэйныя сцены зараз адпачываюць. Адзіным аб’ектам, які іх “абцяжарвае”, стаў невялікі шкляны “Абраз” Анатоля Калугіна. Увогуле, экспазіцыя атрымалася — у добрым сэнсе — лёгкай, бо яе празрыстыя экспанаты нібыта балансуюць на мяжы матэрыяльнасці і непрадметнасці.

/i/content/pi/cult/423/8703/7-3.jpeg

Важным складнікам атмасфернасці выстаўкі сталіся асаблівасці інтэр’ера галерэі. Некаторыя фрагменты прасторы дзіўным чынам супалі са зместам твораў. Напрыклад, выдатным подыумам для “Рэлікта” Алены Атрашкевіч аказаўся знойдзены тут жа антыкварны раяль, адасоблены ад асноўнай залы прыступкамі. Напаўпразрыстая марская істота, ці — у аўтарскай трактоўцы — нізка пазванкоў… Чым бы ні з’яўлялася гэтая медузападобная структура ў свядомасці ўспрымальніка, яна досыць арганічна глядзіцца на паліравана-чорнай раяльнай паверхні, упрыгожанай ледзь не барочнай ляпнінай.

Прэзентаваныя на выстаўцы творы — вынік працы са шклом новага пакалення беларускіх мастакоў, якое імкліва рухаецца ў плынях бягучых інтэрнацыянальных напрамкаў і тэндэнцый, засвойваючы новыя тэхнікі і канцэпцыі, выкарыстоўваючы камунікацыйныя перавагі сучаснасці. У іх творчасці няма ні межаў, ні адлегласцей — для беларускага шкла “лёд рушыў — rompre la glace” на зломе стагоддзяў, калі высілкі айчынных творцаў зліліся з сусветным мастацкім працэсам.

У апошняе дзесяцігоддзе адбылося шмат тэматычных падзей з удзелам беларускіх творцаў: замежныя выстаўкі, сімпозіумы, адукацыйныя праграмы. І, урэшце, І Міжнародны шкловыдзімальны сімпозіум “Нёманская хваля”, які сабраў мастакоў шкла пяці краін на легендарным айчынным шклозаводзе для сумеснай працы і творчых стасункаў.

Навігацыя паміж сучаснымі ўплывамі, трэндамі, аўтарытэтамі — гэта тое, што з’яўляецца выключна важным у сучаснай сітуацыі, тое, што робіць беларускіх мастакоў адметнымі на міжнароднай арэне. Як бачыцца, нас вылучаюць валоданне традыцыйнымі тэхнікамі гуты, метафарычнасць і вобразнасць твораў. Дакладнасць візуальнага ўвасаблення ідэй. У вялікай ступені нашаму шклу ўласцівы лаканічныя, чыстыя формы і далікатнае разуменне пластыкі.

У Полацку выстаўка сучаснага мастацкага шкла адбылася ўпершыню. Спадзяёмся, гледачу будзе цікава яе наведаць.

Павел ВАЙНІЦКІ, Алена АТРАШКЕВІЧ

На здымках: фрагменты экспазіцыі.