Прынцыпы для галерэі

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Арт-куратар пра ініцыятыву знізу, кантэкст і вынікі працы

Пару тыдняў таму Мінск наведаў дырэктар вільнюскага Цэнтра сучаснага мастацтва, член Міжнароднай асацыяцыі мастацкіх крытыкаў, куратар Кястуціс Кузінас. Яго лекцыя “За белай заслонай: гісторыя поспеху Літоўскага павільёна на 54-м Венецыянскім біенале” была прысвечана вопыту ўдзелу суседзяў у вядомым форуме сучаснага мастацтва, а Кястуціс з’яўляўся камісарам павільёна сваёй краіны. Карэспандэнт “К”, пабываўшы на сустрэчы, занатаваў некалькі парадаў, якія можна ўзяць “на заметку” кіраўнікам мастацкіх галерэй для працы ў кірунку contemporary art, куратарам і экспертам.

Дзяржаўная падтрымка

Літва ўдзельнічае ў Венецыянскім біенале з 1999 года. Міністэрства культуры краіны адказнасць за фінансаванне і арганізацыю нацыянальнага павільёна ўзяло на сябе з 2001-га. Праект, які падаецца на разгляд, мусіць утрымліваць канцэпцыю, прэзентацыю мастака і, абавязкова, калькуляцыю бюджэту. Апошні — абмежаваны. Сродкі, што былі вылучаны на праект, — каля 200 тысяч долараў. “Гэта не такая і вялікая сума”, — канстатуе Кузінас. Толькі палова з іх сышла на аплату арэнды памяшкання для экспазіцыі. У фінансаванні праекта таксама бралі ўдзел і спонсары, але іх доля — не асноўная: каля 20% фінансавай дапамогі ў агульным бюджэце. Пераможцу ж нацыянальнага конкурсу праектаў абірае адмысловае журы.

Куратар

Куратарам літоўскага павільёна на 54-м Венецыянскім біенале быў абраны мастак Дарыюс Мікшыс. Ён вядомы вельмі радыкальнымі і канцэптуальнымі работамі: напрыклад, стварыў музей гурта “ABBA” на самалёце, што курсуе паміж Літвой і Швецыяй. Другі яго неардынарны праект — заснаванне першага клуба па крыкеце ў… Цэнтры сучаснага мастацтва літоўскай сталіцы.

Ідэя праекта Дарыюса, што быў прадстаўлены на Біенале, заключалася ў тым, каб прэзентаваць сучаснае літоўскае мастацтва за апошнія 20 гадоў самым нязмушаным і адметным чынам. Паказаць, як дзяржава курыруе мастацтва. Першая выстаўка нацыянальнага мастацтва Літвы была зладжана ў 1907 годзе. Творцы з усіх куткоў краіны прыязджалі са сваімі работамі. Як адпаведная падзея магла б выглядаць цяпер?

Праект Дарыюса, урэшце, быў прадстаўлены наступным чынам: першая частка прасторы павільёна — гэта рэцэпцыя, дзе сустракаюць наведвальніка і паказваюць яму каталог з работамі 170-ці літоўскіх мастакоў. Падзяляе залу белая заслона, за якой знаходзіцца архіў мастацкіх твораў. Глядач выбірае твор, які хоча ўбачыць, з каталога, і арганізатары выносяць яго з-за белай заслоны. Наведвальнік, у выніку, можа сам стварыць экспазіцыю з заказаных ім работ.

/i/content/pi/cult/423/8701/13-1.jpeg

Менавіта за такой заслонай хаваўся архіў работ.

Мастакі

Патэнцыйнымі ўдзельнікамі праекта сталі тыя мастакі, што атрымлівалі падтрымку ад дзяржавы. (У краіне існуе сістэма фінансавання праз гранты і стыпендыі, прычым іх за 20 гадоў было раздадзена каля трохсот.) Узнікла пытанне: хто ж бачыў вынікі працы мастакоў на гэтыя гранты?

Дарыюс правёў перамовы з трымастамі мастакамі, запрашаючы іх да ўдзелу ў праекце і растлумачваючы яго канцэпцыю. Многія з іх ніколі не выстаўляліся ў Цэнтры сучаснага мастацтва ды, увогуле, маглі паставіцца з недаверам да прапановы ўзяць удзел у Біенале. Аднак цікавасць перамагала ўсе сумневы — больш за палову апытаных пагадзіліся.

Рэалізацыя

Па-першае, выбар месца. У горадзе каналаў няма ідэальнай прасторы для экспанавання сучаснага мастацтва — бо, як зазначыў Кястуціс, ідэальная прастора ў гэтым выпадку — белы куб. Венецыя, у першую чаргу, гэта палацца з гістарычнымі помнікамі. Але літоўскія арганізатары не здаваліся. Памяшканні дапамагалі шукаць венецыянскія агенты па нерухомасці — яны дасылалі пачатковыя прапановы, з якіх потым выбіраліся варыянты. У выніку літоўцы далі згоду на арэнду будынка царквы Сан Франчэска, дзе на другім паверсе мясцілася вялікая канферэнц-зала.

Быў абвешчаны конкурс на стварэнне архітэктурнага і дызайнерскага рашэння павільёна. На 3D-макеце Кястуціс Кузінас паказаў схему пакоя, якая, урэшце, была абраная: вялікі стол-рэцэпцыя, дзве, зробленыя па спецыяльнай тэхналогіі дызайнерскія лаўкі, падстаўка для дэманстрацыі карцін, манітор, белая заслона. Усё вырашана мінімалістычна і проста.

Пасля вызначэння з дызайнам пакоя — “генеральная рэпетыцыя” прэзентацыі праекта. Яна адбылася ў вільнюскім ЦСМ напярэдадні форуму. На яе былі запрошаны ўсе мастакі-ўдзельнікі, раздадзены каталогі (апошні, між іншым, важыў чатыры кілаграмы). Уласна, сам каталог стаў часткай інсталяцыі, бо кожны наведвальнік спачатку знаёміўся з ім.

І апошняе: прэзентацыя праекта ў Венецыі. Вядома, была і афіцыйная яе частка, на якой прысутнічаў міністр культуры краіны, высокія госці. Але арганізатары ўключылі ў праграму і нефармальнае мерапрыемства. “Гэта забяспечвае дадатковую рэкламу”, — падкрэсліў Кястуціс.

Акрамя таго, каманда парупілася пра яшчэ адну дэталь. Каб цягам усёй шматмесячнай працы Біенале нацыянальны павільён не заставаўся без увагі, для спецыяліста, які “дзяжурыў” у ім, была знята кватэра. “Спецыялісты мяняліся праз месяц-другі, — удакладніў Кузінас, — але важна, калі пра канцэпцыю праекта хтосьці можа граматна распавесці наведвальнікам”.

Вынік

Праект, які напачатку не абмінуў скептычных водгукаў, абяцанняў правалу, быў адзначаны спецыяльным прызам журы Венецыянскага біенале “За элегантнасць у прадстаўленні гісторыі нацыянальнага мастацтва”.

Дарэчы, у італьянскім павільёне арганізатары таксама вырашылі прэзентаваць нацыянальнае мастацтва і выставілі адразу дзвесце мастакоў. Але праект выглядаў страката, і работы мастакоў “рэзалі” адна адну. Літоўцы зрабілі стаўку на мінімалізм — і выйгралі. "Гэта была дэманстрацыя мастацтва па індывідуальным запыце", — пракаменціраваў шматзначнасць галоўнай ідэі праекта Кястуціс. Дзяржава тут выступіла не толькі куратарам, але і своеасаблівым дылерам, прадаўцом.

Цікава, што па выніках працы павільёна арганізатарамі быў створаны рэйтынг з пазнакамі: творы якіх мастакоў прасілі выносіць з-за заслоны часцей. Але ён не быў абнародаваны. Вядома, што некаторыя мастакі спецыяльна прыязджалі ў Венецыю, каб заказаць сваю работу.

"Галоўныя ўмовы паспяховага выступлення на Біенале, — падсумаваў куратар, — правільнае ўспрыманне сябе і правільнае пазіцыянаванне. Ды яшчэ — стыль, элегантнасць, густ і разуменне таго, навошта ўсё зроблена".

Пра сучаснае мастацтва

Сучаснаму мастацтву далёка не заўсёды лёгка знайсці падтрымку, адзначыў літоўскі куратар. Але тое магчыма, калі працаваць над гэтым сістэматычна. “Важна яшчэ і ўсведамленне правіл, па якіх працуе гэтая прастора, усведамленне кантэксту”, — падкрэсліў дырэктар Цэнтра сучаснага мастацтва.

Не выказаў скепсісу Кястуціс Кузінас наконт з’яўлення галерэй сучаснага мастацтва не толькі ў буйных цэнтрах, але і ў маленькіх гарадах. Ён прывёў прыклад двух месцаў у Літве, дзе працуюць галерэі сучаснага мастацтва: адміністратыўны цэнтр Кедайняй з насельніцтвам каля трыццаці тысяч чалавек і мястэчка Дусятас, колькасць жыхараў якога не дасягае тысячы чалавек.

Дзеля з’яўлення падобнай установы, лічыць спецыяліст, у першую чаргу патрэбна ініцыятыва знізу. І толькі потым ідзе падтрымка мясцовых улад, якая, тым не менш, вельмі важная. Галерэя ў мястэчку Дусятас была створана на базе майстэрні славутага літоўскага мастака Шарунаса Саука, які там нарадзіўся. І наяўнасць падобнай мастацкай постаці ў горадзе — адна з пераваг для стварэння галерэй. “Важна, каб гэта было штосьці сваё”, — падкрэсліў ён. Далей — усё залежыць ад таго, якую ўвагу мясцовае кіраўніцтва надае культуры, як яно ставіцца да мастацкага свету.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"