Дзіцячы тэатр, памножаны на…

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Дзявяты “…Куфэрак”: трэнды і перспектывы

Не паспеў завяршыцца ІХ Адкрыты абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”, як яго ініцыятары на чале з начальнікам аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васілём Каткаўцом пачалі абмяркоўваць юбілейны Х-ы, які адбудзецца праз два гады. Бо думкі наконт будучага форума ў іх спелі паралельна з арганізацыйнымі клопатамі цяперашняга.

Хто галоўны летуценнік-чараўнік?

“Чароўны куфэрак” — прыклад таго, як мясцовая ініцыятыва рухае прагрэс. І не толькі ў галіне аматарскага дзіцяча-маладзёжнага тэатральнага кірунку. Фестываль стаў сапраўдным культурным брэндам Любаншчыны. Пачынаўся ён яшчэ ў канцы 1980-х, на базе ўтворанага сужэнцамі Каткаўцамі калектыву “Фантазія”, пазней перайменаванага ў “Летуценнікі”, з рэгіянальных аглядаў і на фінансавыя ўнёскі ўдзельнікаў. Адрадзіўся ў 1997-м, займеў падтрымку ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама, Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, атрымаў прызнанне сярод саміх аматарскіх калектываў і ў прафесійных колах. Такая формула — ініцыятыва і апантанасць з месцаў і далейшая падтрымка зверху — даўно пацвердзіла сваю куды большую эфектыўнасць, чымсьці супрацьлеглы варыянт, калі знізу жывуць адно чаканнем ідэй і распараджэнняў зверху.

/i/content/pi/cult/423/8700/12-1.jpeg

Узорны тэатр “Летуценнікі” з Любані.

Арганізацыя фестывалю — на ўзроўні фантастыкі! Сёлета, да прыкладу, у ім удзельнічалі 17 творчых калектываў, былі паказаны 16 спектакляў (адзін з іх — паўтораны двойчы) і два кінафільма. А ўсіх жа трэба пасяліць, накарміць, вылучыць час для сцэнічнай рэпетыцыі і ўстаноўкі дэкарацый. Пры тым, што ўсё гэта — за тры дні на чатырох сцэнах, часам — паралельна: у Вялікай і Камернай залах Любанскай школы мастацтваў, раённым Цэнтры культуры і Сарацкім СДК. Калі раптам узніклі праблемы з кінапаказам, крыху затрымалі пачатак наступнага па часе спектакля: чакаючы журы і гледачоў-”перасоўнікаў”, якія імкнуліся паглядзець усё, публіка не сумавала, бо з ёй праводзілі конкурс караоке. Васіль Каткавец быў літаральна “прыклеены” да свайго мабільніка — і пры гэтым прадстаўляў кожны калектыў, казаў некалькі цёплых слоў пасля прагляду чарговай пастаноўкі і, як ні дзіўна, паспяваў на свае вочы пабачыць кожны спектакль. Хаця б фрагментарна, бо некаторыя лялечныя і драматычныя супадалі па часе. І гэта пры тым, што праводзячы адбор удзельнікаў, ён і так ужо “наглядзеўся”.

Заўважна і тое, што пры ўсіх асаблівасцях беларускамоўнага гучання свайго прозвішча, Васіль Сцяпанавіч зусім не выступае ў ролі гэткага “катка”, які дзеля роўнай дарогі трамбуе ўсё на сваім шляху. Ён хутчэй нагадвае “вечны рухавік”, які запальвае энергетыкай навакольных — і круціцца-верціцца-”летуценніцца” разам з усім гэтым “глобусам”. Не адно “камандуе” — сам працуе за суцэльны “аргкамітэт” і тры каманды памагатых, узятыя разам. Таму і іншыя не сядзяць склаўшы рукі: побач з ім гэта папросту немагчыма, бо сумленне замучыць.

Не дзіцячыя ноу-хау

Фестываль вырашае адразу некалькі вельмі важных задач. Не толькі ўласна выхаваўчых (маўляў, рабі так, як спектакль вучыў) і скіраваных на выхаванне эстэтычнае (калі дзеці ў пастаноўках удзельнічаюць, дык і калі стануць дарослымі, прыйдуць у тэатр — дасведчанымі прыхільнікамі). Конкурсная праграма, як на прафесійных аглядах, вылучае найбольш перспектыўныя напрамкі далейшага творчага руху. Вельмі важна, што тут, як на лепшых прафесійных фестывалях вышэйшага ўзроўню, адбываюцца адкрытыя абмеркаванні. Яшчэ не падвёўшы канчаткова вынікаў, якія перагляду не падлягаюць, журы сустракаецца з кіраўнікамі калектываў — штодзень зранку, выказваючы свае думкі наконт убачанага. Размовы бываюць самымі зацікаўленымі — пры ўмове, калі пастаноўшчыкі здольныя адэкватна рэагаваць на крытычныя заўвагі, калі ім самім неабходна параўнаць свае адчуванні з незалежным поглядам збоку. Прыязджаюць на фэст з яго “круглымі сталамі” не толькі непасрэдныя, але і патэнцыйныя ўдзельнікі — кіраўнікі іншых калектываў, спецыялісты-метадысты, усе зацікаўленыя. І гэта, да ўсяго, яшчэ і своеасаблівыя “курсы павышэння кваліфікацыі”, асабліва калі ў праграме ёсць і майстар-класы, і творчая лабараторыя па пластыцы (сёлета яны папросту не змясціліся б па часе).

Дадам, што ў членаў журы таксама бываюць розныя пункты гледжання, што абсалютна нармальна для мастацтва. Іх вольнае, адкрытае выказванне дысцыплінуе і саміх “мудрых дарадцаў”, як іх тут называюць, і кіраўнікоў калектываў. Бо, у рэшце рэшт, кожны можа выслухаць усё сказанае пра сябе калегамі — і самастойна адабраць самыя слушныя, на яго думку, прапановы. Да ўсяго, на такіх абмеркаваннях больш яснай становіцца і пазіцыя кожнага з калектываў.

Падобная “празрыстасць” у рабоце журы — мара многіх спаборніцтваў. Тут яна, можна сказаць, дасягнута. І гэта пры тым, што сёлета “судзейства” праходзіла ў асабліва складаных умовах. Хтосьці далучыўся крыху пазней за астатніх, пасля завяршэння ІІ Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму “Крокі” (ну, нельга сумяшчаць па часе аднапарадкавыя мерапрыемствы, але гэта — асобная размова, праўда, неаднойчы ўзнятая раней на старонках “К”). Хтосьці, наадварот, быў вымушаны пакінуць свае галасы і з’ехаць раней за канчатковае абмеркаванне, каб паспець на рэпетыцыю ўласнай прэм’еры. Нават старшыня журы — заслужаны артыст Беларусі, прафесар Уладзімір Мішчанчук — адсутнічаў адзін фестывальны дзень, бо ездзіў на адкрыццё пасля рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Ва ўсіх гэтых выпадках выратоўвалі відэаздымкі, якія пад час усяго фестывалю рабіў Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці. Бо яны давалі магчымасць і паглядзець няўбачанае, і ў спрэчнай сітуацыі вярнуцца да вылучанай на конкурс пастаноўкі.

Выхоўвае фестываль і юных тэатральных крытыкаў. Сярод яго традыцый — наяўнасць глядацкага журы, якое складаецца з прадстаўнікоў усіх калектываў. Прычым дзеці адбіраюцца ў яго зусім не дзеля “птушачкі”. Кіруе іх працай надзвычай крэатыўная рэжысёр і педагог Таццяна Бабей з Маладзечанскага тэатра-студыі “ТэСт”. Абмеркаванні там часам пераўзыходзяць “дарослыя” па сваім эмацыйным напале, а выказванні вылучаюцца трапнасцю, хай і не заўсёды ўсвядомленай. Працытую, да прыкладу, “адмоўны” водгук самай маленькай “крытыкесы” на пастаноўку, адзначаную Гран-пры: “Спектакль мне не спадабаўся. Бо ў канцы сабачкі памерлі, і іх было вельмі шкада”. І калі дарослыя “суддзі”, здараецца, ламаюць галаву, за што адзначыць той ці іншы спектакль, каб ніхто не застаўся без увагі і памятнага падарунка, дык дзеці ў сваіх вызначэннях даюць волю неабмежаванай фантазіі. Згаданы вышэй спектакль “пра сабачак” (“Райскае жыццё” ўзорнага тэатра-студыі “Трыумф” з Барысава) быў адзначаны дзецьмі як “самы чалавечы”. Ці ж гэта не паказальнік не па-дзіцячы прарочай глыбіні ўспрымання мастацтва?

Даўніна, ды не старэча…

“Чароўны куфэрак”, дбаючы пра захаванне ўласных фестывальных традыцый, увесь час знаходзіцца ў развіцці. Па-ранейшаму калектывы рыхтуюць “візітоўкі” для адкрыцця і закрыцця. Кіраўнікі дастаюць з куфра, вырабленага спецыяльна да фестывалю сарачанскім майстрам Анатолем Трубчыкам, стужкі з назвамі калектываў і водзяць карагод у выглядзе каруселі. А вось фестывальнае начынне — змяняецца.

Раз-пораз, акрамя драматычных, прыязджаюць, як сёлета, і лялечныя тэатры. Але, вядома, само іх існаванне звязана з большымі складанасцямі: трэба і лялькі вырабляць, і дзяцей вучыць правільна з імі абыходзіцца. Сёлета, дзякуючы ўдзелу кінашколы “Сінема” сталічнага Дзіцячага цэнтра тэатра і кіно, у праграме з’явіліся і мастацкія стужкі з артыстамі-дзецьмі, знятыя таксама моладдзю. Адкрытасць фестывалю, удзел у ім калектываў не толькі Міншчыны (Барысаў, Вілейка, Дзяржынск, Маладзечна, Мар’іна Горка, Нясвіж, Ратамка, Салігорск, Слуцк, Стоўбцы), але і з іншых абласцей ды раёнаў (Гродна, Жыткавічы) і нават замежжа (сёлета была Украіна, раней — Расія, Літва, Польшча) забяспечвае не толькі геаграфічную, але і мастацкую шырыню даляглядаў. Але ж прыярытэтным напрамкам застаецца нацыянальная драматургія. Фестываль упарта запрашае да сябе беларускіх пісьменнікаў і драматургаў (сёлета быў Уладзімір Ягоўдзік), акрэслівае нацыянальную тэму прысвячэннямі: Купале і Коласу, Багдановічу, Году роднай зямлі… Сёлета гаспадары — Узорны тэатр “Летуценнікі” з Любані на чале з Алай Каткавец — нанова адкрылі творчасць Алеся Гаруна, падрыхтаваўшы спектакль “Чаму з маленства, з ураджэнства...”.

Узровень конкурсных прац быў розным. Дзесьці на першы план выходзіла адметнае сцэнічнае афармленне, добрыя касцюмы, якімі мог бы пахваліцца і прафесійны тэатр. Дзесьці — рэжысёрскае жаданне ўвасобіць свае творчыя амбіцыі, хапаючыся за філасофскі матэрыял, не зразумелы дзецям. Былі, на жаль, і эстэтычна састарэлыя спектаклі. Агляд у які раз даказваў: ёсць добры кіраўнік — будзе і калектыў. Бо сустракаліся і супрацьлеглыя прыклады: падлеткі — яркія, вынік — сумны. Але ж было і наадварот!

/i/content/pi/cult/423/8700/12-2.jpeg

Тэатр-студыя “Трыумф” з Барысава.

Сімптаматычна, што Гран-пры і прыз за лепшую рэжысуру атрымаў барысаўскі “Трыумф” на чале з Сяргеем Сергіенкам, нядаўнім выпускніком БДУКіМ. Тут было ўсё. Адметны выбар рэпертуару, скіраванага на падлеткаў (гранічна перапрацаваная п’еса сучаснага расійскага драматурга Роберта Арэшніка). Уменне “прыхаваць” акцёрскія недахопы пастаноўчымі прыёмамі. Сучасная эстэтыка, выкарыстанне менавіта тэатральнай мовы, уключаючы пластыку, мастацкія ўмоўнасці-сімвалы. Імкненне вывесці аповед за межы рэальнай “сабачай” гісторыі, што вучыць беражліваму стаўленню да “братоў нашых меншых”, і спраецыраваць яго на больш шырокую праблематыку — чалавечага ўзаемапаразумення, адзіноты, лідараў і аўтсайдараў, розніцы паміж калектывізмам і псіхалогіяй натоўпу, жыццём і смерцю.

У лепшы бок вылучаўся і спектакль паводле гронкі апавяданняў А.Чэхава з нечаканай назвай “Ідылія: “на жаль” ці “ах”?”, прывезены маладзечанскім Узорным тэатрам-студыяй “ТэСт” (на жаль, у ім не былі вытрыманы конкурсныя ўмовы: ён доўжыўся паўтары гадзіны замест адной). Разнастайныя гісторыі кахання Таццяна Бабей спляла ў адзінае суквецце першых прызнанняў і расчараванняў і вырашыла ў лёгкай вадэвільнай манеры з жартоўнымі сучаснымі ўкрапленнямі. Рэжысёрская вынаходлівасць была памножана на педагагічнае майстэрства, бо такая мова аказалася прыдатнай для падлеткаў: некаторыя з іх “ліцадзейнічалі” на ўзроўні прафесіяналаў, іграючы не саміх сябе, а менавіта сваіх персанажаў (часам — некалькіх).

— На дзясяты фестываль, — запэўніў пры развітанні В.Каткавец, — думаю запрасіць дзесяць калектываў. З дзесяццю спектаклямі. З майстар-класамі. Гэта павінна быць — лепшае з лепшага. Юбілей — час падвядзення вынікаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"