Марка, якую ведаюць у 11-і краінах

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Інтэрв’ю з нагоды

Мазырскі фестываль юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі” зараджаўся ў 1998 годзе. Ці мала на Беларусі аналагічных фэстаў? Але менавіта мазырскі здолеў стаць міжнародным, “прарасці” з шараговага быццам мерапрыемства ў яркае шоу, у школу адточвання фестывальнай арганізацыйнай методыкі, у важкі брэнд, які ў восьмы раз давядзе ўдзельнікам і гасцям, што пацярпелая ад чарнобыльскай бяды Гомельшчына застаецца шчодрай на таленты, гасціннай і адрытай для свету. Пра брэндавасць фэсту, ягоную ролю ў развіцці нацыянальнай культуры і творчых міжнародных стасункаў мы пагутарылі з начальнікам аддзела культуры Мазырскага райвыканкама Ірынай МІРОНЫЧАВАЙ.

/i/content/pi/cult/423/8699/10-7.jpeg

— 22 — 27 красавіка пройдзе ўжо восьмы па ліку Міжнародны фестываль “Зямля пад белымі крыламі”. Ініцыятарамі яго стварэння сталі Мазырскія райвыканкам і райсавет народных дэпутатаў. Ці прагназавалі вы брэндавы лёс фэсту?

— Мы да гэтага, прынамсі, вельмі імкнуліся. Усё пачыналася з раскруткі дзіцячага ансамбля “Палеская зорачка”. Тады мы хацелі прыцягнуць увагу да беларускага Палесся. Было жаданне і на чарнобыльскую бяду не забыцца, і паказаць уласныя аптымізм, жыццяздольнасць. Ды плюс — папулярызацыя нашай народнай творчасці, мастацтва іншых народаў...

— На чарговы фэст прыязджае ўжо шэсцьсот удзельнікаў з 11 краін свету. Першыя мерапрыемствы не былі такімі прадстаўнічымі?

— Безумоўна. Вопыт назапашвалі з гадамі. Пражыванне, харчаванне гасцей, правядзенне конкурсных праграм, афармленне канцэртных пляцовак, экскурсійнае забеспячэнне дзяцей — усё гэта вельмі важныя арганізацыйныя моманты. Менавіта з гэтых “цаглінак” і закладвалася аснова для будучай маштабнасці. Да прыкладу, толькі на апошніх фэстах распачалося наладжванне канцэртных праграм у аграгарадках. Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла дала магчымасць прывесці ў належны парадак СДК, пераўтварыць іх у сапраўдныя філарманічныя пляцоўкі... 25 красавіка фестывальныя імпрэзы пройдуць у вёсках Козенкі, Скрыгалаў, Крынічны, Прудок, Рудня...

— Калі ўпершыню адчулі, што “Зямля пад белымі крыламі” — брэнд, годная марка вашага творчага падыходу да справы?

— Тады, калі фэст адкрыў "зорак": Ксенію Сітнік, Андрэя Кунца і многіх іншых. Тады, калі многія з удзельнікаў сталі стыпендыятамі прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. І тады, калі да нас пачалі прыязджаць з Румыніі, Малдовы, Сербіі, Азербайджана... І не проста прыязджаць, а лічыць удзел у фэсце за гонар.

— Ці цяжка было асабіста вам, Ірына Яфімаўна, ствараць гэты брэнд?

— Мама мяне вучыла, каб я свае намаганні ў такіх важных справах не ўлічвала... І гаворка тут абсалютна не пра мяне... Для Мазыршчыны гэты фестываль міжнароднага ўзроўню (дзевяцібальны па сетцы складанасці правядзення мерапрыемстваў) з’яўляецца цудоўнай школай назапашвання практычнага вопыту. Той, хто адпрацаваў на фестывалі — далёка не кабінетны тэарэтык.

— Як будзе прадстаўлена на свяце Беларусь?

— Выступяць вакалісты, творчыя калектывы і харэаграфічныя ансамблі з усіх рэгіёнаў краіны. Урачыстае адкрыццё мерапрыемства адбудзецца 23 красавіка на сцэне Палаца Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. На наступны дзень запланаваны канцэрт фестывальных лаўрэатаў. 26 красавіка пройдзе традыцыйны мітынг-рэквіем з нагоды 27-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Фота Яўгена РАГІНА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"