Брэнды, якіх ніхто не чакаў

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

“Кветкаводы” збольшага не тым займаюцца: варыяцыі на тэму адраджэння сельскіх рэгіёнаў / Тэндэнцыі плюс аналітыка: ад маркетынгавай ідэі да рэальнага ўвасаблення

Цыкл публікацый пра брэндынг-рэбрэндынг беларускай вёскі мы вырашылі працягнуць артыкулам пра тыя паселішчы, што сталі ці відавочна стануць вядомымі з абсалютна нечаканых для шырокага грамадства прычын. Да прыкладу, хто ведаў (асабліва з маладзёнаў), чым знакаміта вёска Старыя Васілішкі на Шчучыншчыне? Цяпер тут клуб-музей, наколькі ведаю, пераўтвараецца ў Дом-музей Чэслава Немэна (менавіта ў гэтай васілішкаўскай хаце рок-музыкант правёў дзяцінства ды юнацтва), а вёска пакрысе прызвычайваецца да масіраваных экскурсійных “дэсантаў” не толькі з Гродзеншчыны, іншых куткоў Беларусі, але і з Польшчы.

Яшчэ. Мала хто без гістарычнай адукацыі звязваў Веткаўшчыну са стараверскім мастацтвам. Так, у райцэнтры існуе агульнавядомы Музей народнай творчасці. Але ў выніку рэбрэндынгу ён стаў нядаўна Музеем стараверскай гісторыі і мастацтва. А паколькі апрача Веткі стараверскіх паселішчаў у раёне шмат (сам бачыў адносна нядаўна на адным з хутароў ручнік у чырвоным куце са стараверскім “слоганам” — “Бог ёсць Любоў”), дык пэўная брэндавая пераарыентацыя ў перспектыве, відаць, чакае і іх.

Цяпер пра тыя паселішчы, што яшчэ не сталі брэндамі, але маюць для гэтага самыя абгрунтаваныя падставы. Прывяду для “затраўкі” толькі адзін прыклад. У рамках рагачоўскага праекта “Стварэнне эфектыўнай сістэмы культурных і інфармацыйных паслуг для сельскага насельніцтва “Свет інфармацыі, культуры і творчасці — для ўсіх” жыхары аддаленых і маланаселеных вёсак павінны выступіць са сваімі ініцыятывамі. Я гутарыў з некаторымі жыхарамі. Цалкам верагодна, што адна з мясцовых “народных” ініцыятыў будзе звязана з мемарыялізацыяй закінутай вёскі ці хутара не толькі для адраджэння мясцовага радаводу і гісторыі, але і для стварэння своеасаблівага вясковага Цэнтра культуры, адпачынку, рамесніцтва. Чым не брэнд? Хто будзе адмаўляць, што нам патрэбны скансэны не толькі вясковай архітэктуры, але і інтэрактыўнага побыту з кузняй, лазняй і вароўняй? Вось пра такія брэндынга-рэбрэндынгавыя рэзервы і хацелася б сёння рапавесці.

Вясковы музей робіць "зборы"?

Маё юнацкае “паяднанне” з рок-музыкай адбылося праз знаёмства з творчасцю Чэслава Немэна, які
ў 1970-х смела эксперыментаваў з кірункамі ад біг-біту да неверагоднай псіхадэлікі. І рабіў гэта так, што знакаміты на той час амерыканскі гурт “Blood, Sweat and Tears” настойліва запрашаў яго ў салісты. Але гаворка цяпер не пра гэта...

Двума легкавікамі мы, супрацоўнікі “К”, наведалі Старыя Васілішкі ў лютым. У знакавы для мяне Клуб-музей я трапіў упершыню. Ёсць на што паглядзець — маю на ўвазе экспанаты, сабраныя як прыхільнікамі творчасці Немэна са сталіцы, якія ініцыявалі ў свой час з'яўленне ўстановы, так і яе загадчыкам Уладзімірам Сянютам у аднавяскоўцаў. Ёсць каго паслухаць (гэта ўжо пра экскурсію ад Сянюты). Наогул, у тую суботу прымалі ў доме добрыя тры дзясяткі наведвальнікаў. Машыны збіліся на збочыне адзінай вясковай вуліцы. Так, турыстычнай інфраструктуры тут — аніякай: ні паркоўкі, ні іншых выгод. Стала зразумелым, што клуб у музей пераўтворыцца няхутка. А перспектывы, здавалася б, ёсць. І немалыя.

Сітуацыю з пункту гледжання раёна тлумачыць галоўны спецыяліст аддзела культуры Шчучынскага райвыканкама Марына Мармыш. Так, кажа яна, абласное ўпраўленне культуры атрымала пісьмо Міністэрства культуры аб перапрафіляванні Клуба-музея ў Дом-музей Чэслава Немэна. Але ёсць узгадненне з раённымі ўладамі, што рэалізацыя ідэі магчымая ў перспектыве. На сёння, па меркаванні аддзела культуры, аптымальным падаецца статус менавіта Клуба-музея. Спачатку, маўляў, трэба дадаць экспанатаў, папрацаваць над інтэр’ерамі і вонкавым выглядам установы, падабраць навуковага супрацоўніка, стварыць паркоўку, кавярню і г. д. Вось тады можна і пра Дом-музей падумаць. Цяжка не пагадзіцца. Тым не менш, летась, па словах той жа Марыны Мармыш, сённяшнюю “немэнаўскую” экспазіцыю агледзела 1 118 чалавек. Які іншы сельскі музей, што распавядае, скажам, пра калгаснае мінулае канкрэтнай вёскі, робіць такія “зборы”? А пры належным піяры, з'яўленні выразнай канцэпцыі яны павялічацца ў разы.

Ці імкнецца Шчучынскі аддзел культуры да гэтага? Пакуль дыспазіцыя такая: раённы метадцэнтр распрацаваў праект фестывалю музычнай творчасці “Крыніца гукаў”, Праграму трансгранічнага супрацоўніцтва з Міжнароднай асацыяцыяй сацыяльнага развіцця дэпартамента польскага горада Сувалкі. Адна з мэт праграмы — стварэнне ў Старых Васілішках Мультымедыйнага цэнтра Чэслава Немэна. Праект, як распавядае галоўны спецыяліст аддзела, разлічана рэалізаваць цягам 2014 — 2015 гадоў. Але ці варта адкладаць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння? І наколькі арганічным акажацца мультымедыйны цэнтр у клубнай установе? Дый, як падаецца, статус брэнда пасуе менавіта музею.

Я запытаўся наконт брэндавасці Старых Васілішак і ў галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы Шчучынскага райвыканкама Сяргея Шандрохі. Ён перакананы, што Клуб-музей Чэслава Немэна ўжо цяпер з’яўляецца адной з галоўных цікавостак раёна і запэўніў: развіццё ў гэтым кірунку працягнецца. Абвяшчалася і будзе зноў абвяшчацца акцыя па зборы грошай для пашырэння магчымасцей Старавасілішкаўскага клуба-музея. На трасе М6 будзе ўсталяваны рэкламны ўказальнік, што паблізу знаходзіцца ўнікальны культурны аб’ект...

Але ўсё гэта — толькі ў перспектыве. Цікава б спрагназаваць у якой. І на ажыўленай трасе самае месца не ўказальніку нават, а паўнавартаснаму бігборду! А пакуль скажу адно: наведайце Старыя Васілішкі, не пашкадуеце!

“Дывіся — Дывін!”

Назва ў вёскі, што на Кобрыншчыне, — самая што ні ёсць брэндавая. Таму і стала яна нагодай для чарговых стасункаў з мясцовым аддзелам культуры. Знаходзіцца Дзівін у памежным з Украінай, як кажа начальнік Надзея Жук, падрэгіёне. Таму адметныя тут і гаворка, і менталітэт, і рамёствы... Але ці стаў Дзівін брэндам для рэспублікі? “Для раёна стаў, — шчыра прызнаецца Надзея Жук, — для рэспублікі — пакуль не”. Я спытаў у знаёмых, ці ведаюць яны палескае паселішча. Хтосьці штосьці чуў няпэўнае пра мясцовую кухню, а хтосьці бачыў па дарозе на Дзівін дуб, пад якім нібыта адпачываў у свой час Сувораў. Але што нам той Сувораў? Хіба сваіх военачальнікаў не стае?

У Дзівіне — сам бачыў — і без таго хапае экзотаў. Па-першае, шыкоўныя кобрынскія строі, адроджаныя менавіта мясцовымі работнікамі культуры. Па-другое, не менш шыкоўны Дом рамёстваў, дзе доўжацца традыцыі саломка- і лозапляцення, вышывання ды ткацтва. Па-трэцяе, пры вясковых школе мастацтваў і СДК дзейнічаюць не абы-якія творчыя калектывы, што аб’ядноўваюць дзяцей, моладзь, людзей сярэдняга веку. Хтосьці скажа: звычайны “набор” для любой вёскі, дзе работнікі культуры паважаюць і сябе, і сяльчан. Маўляў, няма з чаго таму брэнду “расці”.

“Ёсць з чаго!” — пярэчыць начальнік аддзела культуры. Аказваецца, ёсць ля паселішча возера Любань — зона адпачынку рабочых кобрынскіх прадпрыемстваў. Але гаворка не пра гэта. Менавіта на азёрных берагах у свой час было праведзена раённае свята традыцыйнай культуры “Золата палёў” (а менавіта палі забяспечваюць каранёвае мастацтва саломкапляцення “залатым” жытнім ды пшанічным матэрыялам). Дык вось, свята будзе доўжыцца, але — на якасна новым узроўні. Кобрыншчына, па словах Надзеі Жук, наладзіла творчыя стасункі з Польшчай, у планах — дамовы з Чэхіяй, Славакіяй, Венгрыяй (пра механізм гэтых кантактаў мы абавязкова распавядзём у наступных матэрыялах). І неўзабаве замежныя творцы збяруцца на берагах Любані. Жыць будуць у аграсядзібах Кобрыншчыны. А “Золата палёў” пры належным піяры стане брэндам не толькі рэспубліканскага кшталту.

А цяпер скажыце, паважаныя чытачы, хто з начальнікаў аддзелаў культуры, вось так за некалькі хвілін намалюе перспектыву любога з паселішчаў свайго раёна? Напэўна, не многія. Між тым, прагнознае планаванне — галоўны складнік перспектыўнага мыслення. Таму мы працягнем сённяшні эксперымент з пошукамі брэнда.

Бешанковічы — пуста, Шаркаўшчына — густа...

Бешканковічы наведваў некалькі гадоў таму. Шчыра кажучы, у памяці пасля паездкі застаўся хіба што той факт, што РДК у райцэнтры доўга рамантаваўся, гарэў, зноў рамантаваўся... Цяпер гэта ўстанова, па словах дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярыны Лабука, даведзена да належнага. А што з вясковымі брэндамі? Які з іх стаў нечаканасцю для вобласці? Вось тут Кацярына Пятроўна надоўга задумалася.

З гэткімі ж пытаннямі я патэлефанаваў начальніку аддзела культуры Бешанковіцкага райвыканкама Наталлі Апанасёнак. Вось праз Астроўна праходзілі ў свой час войскі Напалеона, распавяла яна, а ў Вярхоўі існаваў калісьці побытавы танец, нацыянальная кухня, праўда, засталася. Пытанне пра тое, чаму носьбіты таго танца так і не захацелі перадаць сваё мастацтва спадкаемцам, палягае ў праблемнай прасторы дадзенага артыкула, але застаецца, на жаль, рытарычным. Не парупіліся якраз не носьбіты, а — спадкаемцы. Таму і брэнда не атрымалася. А паданні і легенды пра Напалеона, Суворава ды імператрыцу Кацярыну ІІ — у шэраг знакавых ды нечаканых нацыянальных цікавостак не трапляюць па вызначэнні...

Згадаў пра Кацярыну — успомніў пра Шаркаўшчыну. У 2008-м адзін са знаўцаў гістарычнага гламуру распавёў мне тут пра тое, як імператрыца выйшла з карэты і патрапіла (пардон!) у гразь, таму і давялося ножкай пашаркаць. Не дай нам Бог такіх “элегантных” брэндаў! Дарэчы, у раёне іншых, сапраўдных, хапае. І для мяне яны — вельмі чаканыя. Тады, у 2008-м, пабываў у Музеі мастацтва і этнаграфіі, што месціцца ў Германавічах і экспануе калекцыю карцін і маляванак Язэпа Драздовіча.

Музейны будынак быў калісьці маёнткам графа Шырына. І ў гэтым колішнім маёнтку музейшчыкі дзеляць плошчы з выхаванцамі вясковага дзіцячага садка. Пытанне аб перасяленні апошняй установы — рэальнае, але не вырашаецца гадамі. Самім Германавічам — ці не 500 гадоў. Апрача велічнага касцёла, ёсць тут і шыкоўная ганчарная майстэрня — філіял РДР... Пры належнай інфраструктуры экскурсант можа правесці ў вёсцы ўвесь дзень. Няма пакуль той структуры. Тым не менш — гэта першы брэнд раёна.

Другі — вёска Алашкі. Тут — унікальны сад і Мемарыяльны музей імя Івана Сікоры, вядомага “яблыказнаўцы” і селекцыянера. Пад час майго прыезду гаворка ішла пра стварэнне летняй эстрады, пра раённыя святкаванні яблычнага Спаса...

Я спытаў у начальніка аддзела культуры Шаркаўшчынскага райвыканкама Іны Шынкевіч: “Што змянілася з таго часу?”. Не многае. Дзіцячы сад, па словах Іны Мар’янаўны, з музея неўзабаве пераедзе. У Германавічах наладжваецца свята маляванак і ганчарства. Музей не пустуе, але вядомым у рэспубліцы так і не стаў. У Алашках летась эстраду паднавілі, раённае фальклорнае свята тут таксама на стадыі “прыжывання”. Аднак яблыкамі Сікоры (выключна смачнымі!) у маштабах Беларусі цікавяцца не надта.

Словам, шкада, але ўсе гэтыя брэнды Шаркаўшчыны за межы раёна “выйсці” так і не здолелі. Не хапае рэкламы, лічыць Іна Шынкевіч, не стае замежнага прарыву. Інакш кажучы, патэнцыйна міжнародныя брэнды неабходна прадзюсіраваць. Адзін са шляхоў начальніку аддзела бачыцца ў правядзенні навукова-практычнай канферэнцыі з запрашэннем замежных экспертаў — і па яблыках, і па маляванках. Крок, падаецца, правільны, хоць і запознены. Аднак лепш позна, чым ніколі. Дарэчы і стараверы ў раёне ёсць. Зараз, як распавядае Іна Шынкевіч, распрацоўваецца і гэтая творчая тэма. У перспектыве можна перакідваць творчы масток з Веткаўшчыны на Шаркаўшчыну ў рамках, так бы мовіць, трансабласнога супрацоўніцтва, якога аддзелам культуры, як падаецца, не стае цяпер проста хранічна.

Манастырская ціша? Не, і для культуры — ніша!

Сябра планава і ўпершыню паехаў у знакамітыя Жыровічы. Напрыканцы ж дня няпланава патрапіў у абсалютна невядомую для яго Выставачную залу рэдкай кнігі і іконы — своеасаблівы філіял Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя І.І. Стаброўскага. Вярнуўся здіўлены. Пасля спрычынення да манастырскіх святыняў дарэчнай падалася і музейная ціша.

Канешне, манастырскі брэнд выставачнай зале не “перакрыць”. Але ж стаць яго неад’емным працягам — сам Бог загадаў. Вось як тлумачыць сітуацыю начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Святлана Раманюк. У выставачнай зале — не толькі рарытэты з музейнага фонду, але і царкоўная літаратура мясцовай семінарыі. Узаемадзеянне святароў і работнікаў культуры — відавочнае і дзейснае.

А яшчэ, працягвае Святлана Раманюк, насупраць Жыровіцкага манастыра дзейнічае кіёск па рэалізацыі вырабаў народных умельцаў раёна. Паломнікі, набываючы сувеніры, працуюць на развіццё менавіта мясцовай, жыровіцкай, культуры. У выніку музей і РДР планы па аказанні платных паслуг выконваюць паспяхова... Я назваў бы дадзеную сітуацыю (даруйце, пурысты-стылісты!) субрэндынгавай. Апаненты імгненна знойдуць контраргументы: Жыровічы на Гродзеншчыне — адзіныя, больш рэзерваў для брэндынгавай самарэалізацыі на вектары “царква — установа культуры” проста няма. На Гродзеншчыне — мо і так. А ў маштабах рэспублікі?

Вось да прыкладу, на Магілёўшчыне ёсць Пустынкі. І ўплыў аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама на развіццё святога кутка — самы непасрэдны. Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец кажа, што аднаўленне дзеючага мясцовага манастыра вядзецца ў адпаведнасці з рэспубліканскай інвестпраграмай. А мясцовы аддзел культуры ладзіць ля святой крыніцы абрады на Вялікдзень, Вадохрышча... Побач, у Сямігор’і, дзейнічае цэлы комплекс для адпачынку. Апрача катэджаў да паслуг турыстаў — і карчма. А турыстаў на Мсціслаўшчыне заўжды шмат. Вабіць не толькі ландшафт і помнікі гісторыі, але і знакамітае свята сярэднявечнай культуры.

Спецыяліст аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама Арцемій Бяляеў кажа, што экскурсаводы Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музея пастаянна ладзяць выезды, у тым ліку і ў святыя Пустынкі. Пад час святаў супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў прадаюць тут вырабы народных майстроў...

Але ці кожны з нас ведае, што менавіта тут, ля святой крыніцы атрымаў мясцовы князь сілу і павёў мсціслаўскую харугву пад Грунвальд, дзе яна перамагла крыжакоў... І я цяпер не пра магчымасць трансгранічнага супрацоўніцтва Мсцілаўшчыны з Вармінска-Мазурскім ваяводствам Польшчы, а пра тое, што брэндаў на беларускай зямлі, як васількоў у полі. Вось толькі “кветкаводы” збольшага не тым займаюцца.

І замест заканчэння. Брэнд, у нашым выпадку, — душа вёскі. Яркая, непаўторная, цікавая, што, як генеалагічнае дрэва, з’ядноўвае пакаленні, дапамагае з уласнай вышыні ўпэўнена глядзець у будучыню, не забываючыся на не менш слаўнае мінулае. Інакш кажучы, будзе душа — не сканае і вёска. А менавіта на ёй і трымаецца нацыянальная духоўнасць Беларусі.

 

Экспертны савет "К"

Прадастаўляем слова спецыялістам, прафесіяналам, практыкам

 

Дык чаму вёска — Цупрыкі?

Леанід ЦУПРЫК , намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта:

/i/content/pi/cult/423/8698/10-1.jpeg

— Брэндавасць вёскі залежыць ад энтузіязму неабыякавых людзей. Такіх, да прыкладу, хапае ў Бездзежы, Моталі, на Століншчыне, Пружаншчыне... Тут і ствараецца нацыянальны вясковы брэнд. Маю на ўвазе школы бондарства, ганчарства, развіццё інсітнай разьбы па дрэве... А калі ёсць неабыякавыя людзі, іх неабходна падтрымліваць — астатняе яны зробяць самі. Таму трэба ствараць турыстычныя сядзібы, унікальныя экспазіцыі, брэндавыя сувеніры, музеі гісторыі вёскі...

Кожная вёска павінна ведаць сваю гісторыю, свае радаводы. У большасці выпадкаў — няма гэтай гісторыі. Калі паселішча з’явілася, чаму такую назву носіць, як і чым жылі жыхары, што за асобы адсюль выйшлі? А ўсе гэтыя звесткі не могуць не падтрымліваць нашу сённяшнюю вёску, менавіта яны нададуць ёй асаблівы статус жыццядайнай, так бы мовіць, крыніцы, адкуль бярэ выток нацыянальнае мастацтва, увогуле — культура.

І мы спрабуем цяпер на Брэстчыне зрушыць справу менавіта ў гэтым кірунку... Я вось заехаў у вёску Цупрыкі — недзе дваццаць двароў там засталося. Пахадзіў, людзей паслухаў: ніхто не ведае адкуль назва вёскі пайшла і што абазначае. Ці ж гэта справа? Вось вам і брэнд чаканы. Ці нечаканы.

 

Ад “кліка” залежыць многае

Ірына ЯГОЎДЗІК, дырэктар Цэнтра культуры “Гродна”:

/i/content/pi/cult/423/8698/10-2.jpeg

— Для таго, каб стварыць арыгінальны вясковы брэнд, варта прыдумаць нечаканы арт-прадукт. Ці не ў кожнай нашай вёсцы ёсць клубная ўстанова, да якой даведзены план пазабюджэтнай дзейнасці. І выканаць яго магчыма толькі за кошт рэалізацыі цікавых праектаў. Яны і павінны стаць асновай для вясковага брэнда. Не сумняваюся, што ў сельскіх установах працуюць таленавітыя і самаахвярныя асобы, зацікаўленыя ў выніках сваёй працы. На ініцыятыве моладзі, як паказвае практыка, можна зарабляць і ў сферы культуры. Спачатку на разавых мерапрыемствах. Да прыкладу, з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў, якімі цяпер вельмі цікавяцца пенсіянеры. Маю на ўвазе скайп, сацыяльныя сеткі. Потым, пасля назапашвання пачатковага капіталу (няхай і не надта вялікага), — на знакавых нечаканых акцыях.

На якіх канкрэтна? Скажам, на тэатралізацыях паводле мясцовых легенд і паданняў. Гэтыя праекты, натуральна, запатрабуюць прыцягнення ўсіх наяўных творчых сіл вёскі. Значыць, падключацца інтэлігенцыя, таленавітыя рабочыя, школьнікі, дзеці, актыўныя пенсіянеры. Сцэнай можа стаць бераг возера, лясная паляна, закінуты хутар... Спачатку праект абкатваецца на сваёй, вясковай, сцэне, а праз час — на раённай, абласной, замежнай. І не трэба баяцца такіх прарываў. Усё гэта — абавязковая ўмова для раскруткі брэнда. Значыць варта ўдзельнічаць у конкурсах самага рознага ўзроўню. А дзейсным замежным кантактам паспрыяе стварэнне ўласнага сайта ці элементарнай рэкламнай інтэрнэт-карцінкі, электроннай афішы для Сеціўнай рассылкі. Паверце, з дзесяці “клікаў” два трапяць у “яблычак”. Не трэба грэбаваць і трансгранічным супрацоўніцтвам.

 

Асоба, гісторыя, аб’ект, з’ява...

Віктар ШНІП, галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура":

/i/content/pi/cult/423/8698/10-3.jpeg

— Як на пустым месцы прыдумаць і раскруціць брэнд вёскі? Для гэтага мясцовым работнікам культуры і жыхарам варта ўсвядоміць, што не бывае “пустых месцаў”. У кожным паселішчы ці жыве, ці нарадзіўся не адзін цікавы чалавек: разьбяр, паэт, мастак... У мае родныя Пугачы, што на Валожыншчыне, прыязджаў у свой час Адам Мальдзіс разам з Уладзімірам Караткевічам. Чым не цікавы факт і для сучаснікаў, і для нашчадкаў? Гэта раскрутка брэнда, так бы мовіць, вакол асобы.

А ёсць яшчэ і прыродныя помнікі. Вось пад гэтай старасвецкай ліпай спыняліся паўстанцы Кастуся Каліноўскага, а ля гэтага валуна адпачываў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. А азёры, крыніцы, узгоркі? І зноў згадваю Пугачы. Побач з імі — Юстынава гара, Далідовічаў лес. Хто такія Юстын і Далідовічы? Вясковым бібліятэкарам і юным чытачам даследванняў хопіць на ўсе летнія вакацыі. І ці ў кожнай сельскай установе культуры ёсць поўны збор мясцовых легенд і паданняў? Усё гэта таксама пры жаданні можа стаць брэндам. Было б толькі такое жаданне.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Паважаныя чытачы! Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах сённяшняга нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце тэму на www.facebook.com/kimpressby, www.twitter.com/kultura_by!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"