Творцы на фарсі

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Перспектывы супрацоўніцтва паміж Інстытутам культуры Беларусі і Пасольствам Ісламскай Рэспублікі Іран у нашай краіне разглядаліся ў межах "круглага стала": — прэзентацыі "Беларусь — Іран: міжкультурны дыялог".

 

Пад час мерапрыемства, арганізаванага аддзелам міжнароднай і сацыякультурнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі да 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі, адбылася дэманстрацыя дакументальнай стужкі, прысвечанай сучаснай гісторыі Ірана, а таксама яго даўнім культурным традыцыям.

Па словах рэктара Інстытута культуры Беларусі Івана Крука, апошнім часам актывізаваліся двухбаковыя стасункі паміж краінамі, у тым ліку, у сферы культуры. Свой унёсак у іх робіць і Інстытут. У прыватнасці, падрыхтаваны пакет дакументаў, які, па словах начальніка аддзела міжнароднай і сацыякультурнай дзейнасці Ліліі Жмачынскай, прадугледжвае выданне зборніка "Уклад выхадцаў з Беларусі ў развіццё Іранскай цывілізацыі", правядзенне маніторынгу па вывучэнні магчымасці арганізацыі абменных маршрутаў, правядзенне навукова-практычных і творчых сустрэч, выставак, семінараў, канферэнцый і прэзентацый з удзелам дзеячаў мастацтва Ірана.

Выказаў гатоўнасць падтрымаць праекты, накіраваныя на вывучэнне культурных ды гістарычных паралелей народаў і кіраўнік культурнага прадстаўніцтва Пасольства Ірана ў нашай краіне Сафары Хамід. На яго думку, вельмі важна працягваць міжкультурны дыялог паміж Іранам і Беларуссю, а таксама выяўляць кропкі судакранання.

Доктар філалогіі Адам Мальдзіс прапанаваў выданнем анталогіі перакладаў твораў беларускіх літаратараў на пярсіцкую мову ўшанаваць памяць беларускага пісьменніка і даследчыка ХІХ стагоддзя Аляксандра Ходзькі, які ведаў фарсі і адкрыў для Еўропы культуру Ірана.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"