Лепшаму пакажуць Беларусь

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

У парыжскім Нацыянальным інстытуце моў і цывілізацый (французская абрэвіятура INALCO) вядзецца выкладанне 93 моў, сярод якіх і мова нашай краіны. На мінулым тыдні адбылася сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Францыі Паўла Латушкі з прэзідэнтам згаданай установы Мануэлем Франкам, кіраўніком аддзела па міжнародным супрацоўніцтве INALCO Мары-Сабэль дэ Віен, а таксама з кіраўніцтвам факультэта, дзе вывучаецца беларуская мова.

Вынікам размовы стала папярэдняя дамоўленасць пра супрацоўніцтва паміж Інстытутам і адной з вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Для забеспячэння навучальнага працэсу Пасольства перадасць INALCO бібліятэку беларускай класічнай і сучаснай літаратуры, а таксама — выданняў па гісторыі і культуры Беларусі.

Пасольства парупілася пра заахвочанне лепшага студэнта з ліку тых, хто вывучае беларускую мову. Ён атрымае магчымасць наведаць Беларусь, гістарычныя мясціны і культурныя ўстановы нашай краіны.

Дзеля папулярызацыі беларускай культуры і мовы cярод студэнтаў у INALCO будзе наладжаны шэраг мерапрыемстваў, і сярод іх — дэманстрацыя фільма "У тумане".

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"