Зорны канцэрт Прэзідэнцкага аркестра

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Учора на сцэне Палаца Рэспублікі 5-гадовы юбілей адзначыў Прэзідэнцкі аркестр Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным.

За “творчую пяцігодку” калектыў паспеў шмат, прычым не толькі ў колькасным выяўленні, але і, галоўнае, у якасным. Адным з апошніх сведчанняў высокага прафесійнага ўзроўню стаў нядаўні сумесны праект з Мішэлем Легранам: знакаміты кампазітар і джазавы піяніст, выступіўшы з аркестрам, выказаў жаданне працягнуць супрацоўніцтва. Удзельнічае аркестр і ў самых прэстыжных акадэмічных праектах, уключаючы Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, паспяхова выконвае як вытанчаную класіку, так і філасофска насычаныя авангардныя творы. Ёсць у яго і адметны ўласны праект — “Музычныя вечары з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь”, які збірае лепшых маладых салістаў нашай краіны і замежжа. Дый у самім аркестры што ні музыкант — выбітны саліст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.Юбілейны канцэрт планаваўся яго рэжысёрам Надзеяй Гаркуновай як “адпачынак для гледачоў”: у яго былі ўключаны самыя вядомыя шлягеры.
У канцэрце былі заяўлены многія выканаўцы і дзеячы культуры, з якімі плённа супрацоўнічае гэты калектыў: Ігар Лучанок, Ізмаіл Капланаў, Валерый Галаўко, Уладзімір Громаў, Анатоль Ярмоленка з Алесяй, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Іна Афанасьева, Якаў Навуменка, Паліна Смолава, Аляксей Хлястоў, Вікторыя Алешка, Дзмітрый Сяргееў, Тарыел Майсурадзе, Георгій Калдун, арт-група “Беларусы” і многія іншыя, уключаючы нават “спеўных” артыстаў тэатра і кіно, пачынаючы з Веры Паляковай. Гасцямі свята сталі знакаміты маэстра з Рэспублікі Малдова Канстанцін Масковіч і зорка сучаснай італьянскай эстрады Лука Сепе, з якім кіраўнік аркестра В.Бабарыкін сустрэўся на конкурсе “Discavery — 2006” у Балгарыі: наш дырыжор быў у журы (а праз год — старшынёй журы), а італьянскі спявак стаў пераможцам.