Не так даўно “Культура” апублікавала артыкул арт-куратара Змітра Юркевіча, дзе чарговы раз была звернута ўвага на праблемны стан колішняй сядзібы роду Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна. Таму ідэя абраць для правядзення суботніка менавіта гэты важны для нашай гісторыі аб’ект узнікла неяк сама сабою. Аўтар матэрыяла спраўдзіў агучанае ім памкненне ўмяшацца ў ход падзеяў і стаць не проста ўдзельнікам талакі, а сапраўдным “прарабам-завадатарам”, ды яшчэ і паабяцаў далучыць да справы знаёмых мастакоў.
Натуральна, першым крокам у дадзеным кірунку мусіла стаць атрыманне згоды ў мясцовых уладаў або непасрэдных уласнікаў сядзібы. Начальнік аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама Ніна Прыхач паставілася да нашай ідэі надзвычай прыязна, паабяцаўшы забяспечыць усім патрэбным інструментам, і нават парай-тройкай метраў руберойду.
Руберойд нам спатрэбіўся, каб “зацыраваць” дах у былой спіртоўні сядзібы. Дзірка там невялікая — усяго які метр квадратны, — але ж з-за гэтай “прабоіны” будынак імкліва разбураецца. Вось тут і ўзнікла пытанне: а ці можам мы выконваць такія работы без адмысловага дазволу?
— Паводле артыкула 38 Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, работы па забеспячэнню належнага тэхнiчнага i санiтарнага стану матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (акрамя работ на фасадах), у тым лiку і па iх рамонце, не патрабуюць атрымання дазволу Міністэрства культуры краіны, — патлумачыў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі.
Тое ж самае тычыцца і высякання хмызоў, якімі параслі тыя часткі сядзібы, што ўжо паспелі ператварыцца ў руіны. Задумалі мы таксама і пазабіваць вокны ды лаз у сутарэнні палаца, які знаходзіцца ў аварыйным стане.
— Натуральна, гэтыя захады намі ўжо былі зроблены, але... увесь час знаходзяцца тыя, хто выбівае шчыты, каб пранікнуць у будынак, — адзначыла Ніна Прыхач.
І праходзяць туды, натуральна, звычайна зусім не на экскурсію — хутчэй, наадварот, з той прычыны, што не разумеюць сапраўднай каштоўнасці гэтага непрыгляднага сёння помніка спадчыны. І таму мы вырашылі ўсталяваць на тэрыторыі сядзібы інфармацыны шчыт са сціслымі звесткамі пра гісторыю сядзібы і роду Рэйтанаў.
Натуральна, такімі захадамі немагчыма вырашыць усе праблемы вялікага палацава-паркавага комплексу. Пра нейкія больш глабальныя спосабы рэвіталізацыі гэтай ды іншых сядзібаў гутарка вялася на "круглым стале" “К”, матэрыялы якога — у наступным нумары.