Аўтарскае — у сталіцы

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Бліжэйшы месяц мінскіх кінаманаў чакае ажно тры падзеі: літаральна паралельна ў сталічных кінатэатрах пройдзе паказ лепшых работ V Усерасійскага фестывалю аўтарскага "кароткага метра" "Арт-кіно", рэтраспектыва фільмаў польскага рэжысёра Якуба Кольскага і праграма сучасных японскіх стужак.

Распачне гэты своеасаблівы марафон кінатэатр "Камсамолец". Тры дні — з 18 па 21 красавіка — на яго пляцоўцы ўпершыню будуць дэманстравацца лепшыя работы аднаго з самых буйных фестываляў "кароткага метра" ў Расіі — "Арт-кіно". Падзея штогод ладзіцца ў Маскве і больш чым трыццаці расійскіх гарадах. Сёлета магчымасць пазнаёміцца са стужкамі-пераможцамі ды цікавымі конкурснымі работамі форуму атрымалі і мінчане. Спецыфіка "Арт-кіно" — работы, якія зроблены студэнтамі, выпускнікамі кінашкол, незалежнымі аўтарамі, таму паказ у "Камсамольцы" больш разлічы на тых, хто цікавіцца маладым расійскім кінематографам.

А вось прыхільнікам польскага кіно лепш падыдзе прапанова "Перамогі": там 22 красавіка распачнецца рэтраспектыва аднаго з найбольш вядомых сучасных польскіх рэжысёраў аўтарскага кіно Яна Якуба Кольскага. Творы Кольскага вядомыя тым, што ў іх сучаснае пераплятаецца з мінулым, рэалізм з чарадзействам, а хрысціянства з язычніцтвам. Стужкі Якуба Кольскага, які сёння выкладае ў школе кінарэжысуры Анджэя Вайды, неаднаразова адзначаліся на польскіх і міжнародных фестывалях. І акурат у красавіку выдатную падборку яго тытулаваных карцін, куды ўвайшлі такія "хіты" як "Гісторыя кіно ў Папелавах", "Жасмін", "Падалей ад акна", і пабачыць беларускі глядач. Адзначым, што паказ не адбыўся б без удзелу Польскага інстытута ў Мінску.

Ды, нарэшце, праграма сучаснага кіно Японіі, што пройдзе ў "Цэнтральным" з 24 па 28 красавіка пры падтрымцы Пасольства Японіі ў Мінску. У рамках рэтраспектывы — фільмы не старэйшыя за 2011 год. Усе стужкі — бліскучыя прыклады аўтарскага і жанравага кіно, дзе навацыі і традыцыі набываюць самыя нечаканыя і арыгінальныя кропкі судакранання. Тут і дакументальныя стужкі, напрыклад "Японія за адзін дзень" — дакументальны аўтапартрэт цэлай краіны, зняты звычайнымі людзьмі цягам 24-х гадзін (у памяць аб падзеях 11 сакавіка 2011 года — дня, калі Японія перажыла землятрус і цунамі, што прывялі да аварыі на АЭС "Фукусіма-1"). Пакажуць выбітныя мастацкія кінатворы — напрыклад, удзельнікаў асноўнай конкурснай праграмы 64-га Канскага кінафестывалю "Ханэдзу" Наомі Кавасэ і "Харакіры" Такасі Мііке… Важна адзначыць, што адну са стужак праграмы — карціну "Гасціннасць", якая атрымала прыз у секцыі "Японскія вочы" Такійскага міжнароднага кінафестывалю, асабіста прадставіць яго рэжысёр Кодзі Фукада, што прыедзе ў Мінск.

Д.А.