Літаральна некалькі дзён таму ў будынку, дзе якраз і знаходзіцца рэдакцыя газеты "Культура", праходзілі здымкі адной з серый "…Мамачак". Карэспандэнт "К" даведаўся, над якой з тузіну гісторый працуе група.
— Зараз мы здымаем сцэну размовы галоўнага рэдактара жаночага часопіса з фатографам, яе мужам, — распавядае рэжысёр-пастаноўшчык Іван Паўлаў. — Гэта жанчына з тых, каму можна пазайздросціць: добры муж, цудоўная работа і доўгачаканае дзіця. Яна не можа стрымліваць эмоцыі ад радасці і дзеліцца самымі патаемнымі момантамі свайго жыцця з суседкамі па палаце. Кадры ў рэдакцыі і на лесвічнай пляцоўцы, над якімі мы працуем зараз, якраз і ёсць тыя шчаслівыя ўспаміны гераіні.
Асноўныя сцэны фільма здымаюцца ў павільёне кінастудыі, дзе спецыяльна для "…Мамачак" пабудавалі маленькае аддзяленне паталогіі радзільнага дома. Тут ёсць некалькі палат, ардынатарская, сталоўка і фае. Па словах Івана Паўлава, на пачатку работы даводзілася працаваць у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры "Маці і дзіця", што, зразумела, перашкаджала групе ды і сапраўдныя пацыенткі пачувалі нязручнасці. Але, праўда, знайшлося і некалькі смелых будучых мам, якія пагадзіліся паўдзельнічаць у рабоце над серыялам.
На здымках: на пляцоўцы "...Мамачак"
Фота Юрыя ІВАНОВА