Музычная элітнасць еўраўзроўню

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Пра Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, якая днямі адзначае 75-годдзе, немагчыма гаварыць на мове статыстыкі: маўляў, 5 факультэтаў, штогод больш за 200 выпускнікоў, штогадова — больш за 300 канцэртаў, зладжаных сіламі выкладчыкаў і студэнтаў. Бо нават рэктары гэтай навучальнай установы — скрозь выбітныя музыканты. Першы, М.Казакоў, быў тубістам. Сярод далейшых — піяніст Міхаіл Бергер, кампазітары Мікалай Аладаў, Анатоль Багатыроў, Уладзімір Алоўнікаў, Ігар Лучанок, дырыжор Міхаіл Казінец. Адзіным “немузыкантам” быў хіба рэпрэсіраваны К.Багушэвіч. Зараз Акадэмію ўзначальвае кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, піяніст Аляксандр РАШЧУПКІН.

 /i/content/pi/cult/140/866/Raschupkin49.jpg
Аляксандр Фёдаравіч, 75 гадоў — вялікі тэрмін. За гэты час Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (а пазней Акадэміі музыкі) даводзілася вырашаць розныя задачы. Бо калісьці яна была першай і адзінай у рэспубліцы вышэйшай навучальнай установай, дзе рыхтаваліся музычныя кадры. Сёння ж гэта папраўдзе элітная “лабараторыя”, дзе рыхтуюцца суперпрафесійныя музыканты з розных краін, годныя выступаць на самых прэстыжных сцэнах свету.

—Так, наша Акадэмія музыкі сёння з’яўляецца вышэйшай навучальнай установай, безумоўна, еўрапейскага ўзроўню. І далейшая задача — гэтую пазіцыю ўтрымаць. Нашы выхаванцы запрашаюцца на замежныя гастролі, перамагаюць на самых адметных міжнародных конкурсах, якія паводле сваёй вагі можна параўнаць хіба з Алімпіядай — сапраўдным “спаборніцтвам са спаборніцтваў”. Гэта конкурс імя Чайкоўскага ў Маскве, дзе лаўрэатам стаў Андрэй Паначэўны, конкурс вакалістаў імя Глінкі, дзе перамагла Аксана Волкава, і многія-многія іншыя. Але пра высокі статус і замежны прэстыж нашай навучальнай установы сведчаць не толькі гэтыя перамогі, а і запатрабаванасць атрымаць у нас адукацыю. Сёння кожны пяты студэнт Акадэміі — іншаземец. І прычынай гэтаму, вядома, зусім не аплата за навучанне — адносна нізкая, у параўнанні з Масквой і Санкт-Пецярбургам. Ва Украіне аплата, у пераліку на долары, такая ж. Але едуць вучыцца да нас.

— Можа, у нас ведаў даюць столькі ж, але патрабаванні да студэнтаў меншыя? Паступіць прасцей ды вучыцца лягчэй?

— Ды не, да студэнтаў-іншаземцаў мы падыходзім з тымі ж патрабаваннямі: сёлета аднаму з кітайцаў “двойку” давялося паставіць.

— Усё ж навучанне, наколькі я разумею, — толькі адзін з напрамкаў кансерваторскай дзейнасці.

— Вы добра сказалі: кансерваторскай. Калісьці на хвалі перайменаванняў, што ў пачатку 1990-х пракацілася па ўсёй Беларусі дый усім Савецкім Саюзе, мы таксама замянілі кансерваторыю на Акадэмію музыкі. Здавалася, што “акадэмія” гучыць неяк больш значна, магутна.

Дый хацелася адмежавацца ад замежнай практыкі, дзе назвай “кансерваторыя” часта бываюць пазначаны музычныя навучальныя ўстановы не вышэйшага, а сярэдняга звяна — кшталту нашых музычных вучылішчаў. Але зараз, калі Беларуская акадэмія музыкі заняла трывалыя еўрапейскія пазіцыі, стала вядомай у свеце, хочам вярнуць былую назву. Бо акадэмій апошнім часам многа, кансерваторыя ж — назва папраўдзе унікальная. Сама этымалогія слова сведчыць пра яе прызначэнне — захоўваць глыбіню акадэмічнага мастацтва. І гэта задача ў беларускай і сусветнай культуры сёння — адна з важнейшых.

— А як жа тады з супрацьстаўленнем “кансерваваць” і “развіваць”? Няўжо гэта не супрацьлегласці?

— Развіццё не азначае адмаўлення. Захавальныя тэндэнцыі ў культуры вельмі важныя, а ў выканальніцкай школе — тым больш, бо без іх немагчымы рух наперад. Акадэмічнае ж мастацтва — увогуле аснова ўсіх асноў. Менавіта яно стварае трывалы, папраўдзе фундаментальны прафесіяналізм, становіцца генератарам ідэй, якія потым падхопліваюцца і тыражуюцца на эстрадзе, “даводзяцца” самаму шырокаму колу слухачоў.

— Генератарам ідэй традыцыйна лічыцца навука. І Акадэмія музыкі даўно ўжо займае прыярытэтныя пазіцыі ў гэтай сферы як буйны навуковы цэнтр краіны. Здаецца, асабліва багатымі на музычныя даследаванні сталі менавіта апошнія гады?

— Бо тут, як і ў іншых галінах, на карысць пайшла незалежнасць Беларусі. Раней не трэба было асабліва “ламаць галаву”, усё рабілася ў Маскве: там і праграмы вучэбныя распрацоўваліся, і ўдзельнікі на замежныя конкурсы абіраліся, і адказнасць за вынікі таксама на сталіцу ўскладалася. Гісторыя ж беларускай музыкі была, да прыкладу, з шэрагу тых вучэбных дысцыплін, што вывучаліся “ў адпаведнасці з асаблівасцямі рэгіёна”. У 1990-я ўсё змянілася, дзяржаўная самастойнасць дала штуршок развіццю айчынных выканальніцкіх школ, нацыянальнай музычнай навуцы. У нас адкрылася свая аспірантура, пазней з’явіўся Савет па абароне дысертацый: спачатку толькі кандыдацкіх, а потым і доктарскіх. Дарэчы, паводле статыстыкі, у гуманітарнай сферы болей за ўсё абараняецца дысертацый, прысвечаных музычнаму мастацтву.

Прывяду толькі некалькі лічбаў. Нашы выкладчыкі за апошні час абаранілі 3 доктарскія і 43 кандыдацкія дысертацыі. Сярод іх — 7 замежнікаў: яны прыехалі да нас вучыцца з Іарданіі, Мексікі, Кітая, Турцыі, Паўднёвай Карэі. Увогуле, пачынаючы з 1991 года, нашу аспірантуру скончылі 108 чалавек, на дадзены момант там навучаецца 24 — гэта таксама будучыя кандыдаты навук. Дый сярод выкладчыкаў Акадэміі — 8 дактароў навук, 33 кандыдаты, 34 прафесары, 87 дацэнтаў.

— Навуковая дзейнасць, пэўна, прадугледжвае і наяўнасць выдавецкай базы?

— У нас існуе рэдактарска-выдавецкі аддзел, сваімі сіламі рыхтуем і друкуем ажно 6 серый зборнікаў навуковых прац, выходзіць у нас і навуковы часопіс “Весці”, і дзве “ўнутрыкарпаратыўныя”, калі можна так сказаць, газеты. Ёсць студэнцкае навуковае таварыства, дзве навуковыя лабараторыі, што актыўна займаюцца пытаннямі не толькі ўласна беларускай музыкі, але і, да прыкладу, праблематыкай традыцыйных музычных культур. Апошнім часам наша Акадэмія пачала займацца і нотадрукаваннем, бо гэта ніша ў нашай культуры сёння амаль пустуе.

Прычым, калі Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры выпускае, у асноўным, творы педагагічнага рэпертуару, скіраваныя на навучэнцаў дзіцячых музычных школ, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў, аматараў музыкі, дык мы арыентуемся на выданні, якія зацікавяць найперш прафесіяналаў, а таксама складуць залаты фонд нацыянальнай музычнай спадчыны. У прыватнасці, да 75-годдзя Акадэміі рыхтуем партытуру 6-ай сімфоніі “Полацкія пісьмёны” Андрэя Мдзівані — падкрэслю, не пералажэнне для таго ці іншага камернага склада, а менавіта партытуру, якой змогуць карыстацца дырыжоры, даследчыкі дый усе зацікаўленыя ў спасціжэнні кампазітарскага арыгіналу, а не разнастайных рэдакцый. Акрамя таго, выйдзе трохтомнік камерна-вакальнай, камерна-інструментальнай і харавой беларускай музыкі апошніх дзесяцігоддзяў. Будуць надрукаваны мемуарныя матэрыялы з архіваў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, кніга “Музычная крытыка ў Беларусі на мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў”. Яе аўтара Георгія Глушчанкі ўжо няма сярод нас, і ўсю рэдактарскую працу ажыццявіла яго ўдава — кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Калерыя Іосіфаўна Сцепанцэвіч. А колькі старадаўняй беларускай музыкі было надрукавана літаральна за апошні год-два! Дзякуючы намаганням доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Дадзіёмавай, выходзіць шматтомная серыя, што ахоплівае нацыянальную музычную спадчыну, пачынаючы ад Рэнесансу. Дадам, што многія нотныя і навуковыя выданні маюць і аўдыёдадатак на кампакт-дысках. Усё гэта — бясцэнны ўнёсак у фарміраванне той фондавай глебы, на якой будуць узрастаць і далейшыя навуковыя распрацоўкі, і далейшыя выканальніцкія версіі, і, урэшце, папулярызацыя айчыннай класікі. Кааб музыка гучала, яна павінна быць даступнай і на нотных носьбітах, і ў аўдыёзапісах.

— Сапраўды, у стварэнні залатога фонду беларускай музыкі павінны ўдзельнічаць не толькі кампазітары, але і выканаўцы, даследчыкі. Між іншым, паміж апошнімі дзвюма прафесіямі часта ўзнікае непарыўная сувязь. Дастаткова ўзгадаць хіба Віктара Скорабагатава, які сумяшчае прафесарства ў Акадэміі з кіраваннем “Беларускай капэлай”, дзе зноў-такі спалучаюцца яго выканальніцкая і навуковая дзейнасць.

— Гэта далёка не адзіны прыклад. Практычна кожны добры выканаўца — яшчэ і даследчык. Бо ў нотах пазначаны адно знешнія параметры музыкі. Яе ж унутраная сутнасць нараджаецца толькі пры жывым гучанні, падчас якога можна амаль знішчыць усе кампазітарскія памкненні, а можна знайсці ў нотным тэксце незаўважаны нават самім аўтарам дадатковы сэнс.

Чым больш раскрываецца ў музыцы новых сэнсавых паваротаў, глыбінных канцэптуальных рашэнняў, новых фарбаў, тым дольш яна жыве, становячыся сапраўднай класікай. Але тут выканаўцы знаходзяцца, у параўнанні з даследчыкамі, у няроўных умовах. Бо аспірантура, па заканчэнні якой трэба прадставіць дысертацыю, у нашай Акадэміі ёсць. А вось выканальніцкая асістэнтура-стажыроўка, вынікам якой становяцца сольныя канцэрты музыкантаў, на жаль, скасавана. Гэта папраўдзе вялікая страта для нашай навучальнай установы, бо цяпер нашы лепшыя музыканты-выканаўцы, лаўрэаты шматлікіх конкурсаў, не маюць магчымасці працягнуць далейшую стажыроўку. А між тым, новая выканальніцкая канцэпцыя таго ці іншага музычнага твора — гэта, па сутнасці, тая ж дысертацыя, толькі вынікі даследавання выказаны не ў друкаваным тэксце, не на вербальнай мове, а на мове музычных гукаў, што зрабіць, паверце, куды складаней, чым выкласці меркаванні на паперы.

— Трэба лічыць, наша размова паступова падышла да так званай “праблемнай часткі”. І хаця святкаванні, мабыць, не лепшы для гэтага час, усё ж акрэсліць пытанні, якія патрабуюць свайго далейшага вырашэння, пэўна, неабходна?

— Акадэмія музыкі не абдзелена ўвагай ні дзяржавы, ні самога яе Кіраўніка, ні Міністэрства культуры. Шырокую дзейнасць вядуць спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, фонд падтрымкі культуры і мастацтва. Нагадаю і тое, што пасля наведвання Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам нашай навучальнай установы ў маі 2002 года многія тагачасныя праблемы былі вырашаны, шмат што зрушылася з месца. Але час ідзе і ставіць перад намі новыя задачы. Сем гадоў, як адкрыўся другі корпус, ва ўсіх абласных цэнтрах існуюць філіялы нашай Акадэміі, якія выдатна забяспечваюць свае рэгіёны маладымі кадрамі. Але без шматпавярховай прыбудовы да асноўнага корпуса Акадэміі нам не абысціся. Акрамя дадатковых аўдыторый для заняткаў, там маглі б змясціцца і музей, якога мы, на жаль, дагэтуль не маем, і спецыяльная чытальная зала, і зала для праслухоўвання музыкі, і студыя гуказапісу, і лабараторыя традыцыйных народных культур. Ну, а бліжэйшая мара — усталяваць, нарэшце, свой арган, тым больш, што навучанне на гэтым інструменце ў нас вядзецца ўжо даўно. Які ж юбілей — ды без зазірання ў будучыню!

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ

Кансерваторыя не “кансерватарка” — гэтыя словы даўно могуць лічыцца “слоганам” дадзенай вышэйшай навучальнай установы. Бо сярод яе выхаванцаў заўсёды былі тыя, хто складае гонар айчыннай эстрады. Не толькі шматлікія кампазітары-песеннікі, але і спевакі: Васіль Раінчык, Ядвіга Паплаўская, Мікалай Скорыкаў, Іскуі Абалян, Пётр Ялфімаў, гітарыстка Ірына Ігнацюк... “Кансерваторцы” былі ў залатым складзе “Песняроў” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна, яны складаюць зладжаныя каманды Нацыянальнага канцэртнага аркестра, Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, якім, дзякуючы гэтаму, падуладна музыка ўсіх стыляў, а не толькі эстрадная. У БДАМ з’явілася кафедра харэаграфіі, пачалося навучанне рэжысёраў музычных тэатраў, выкладаецца электронная музыка. А галоўнае — студэнтам даюцца грунтоўныя веды, фарміруецца шырыня іх мыслення, якая дазваляе надалей “мадуляваць” не толькі з мажора ў мінор, але і ад аднаго мастацкага напрамку да другога.